Перайсці да зместу

Пачынальнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Пачынальнікі»
Жанр зборнік дакументаў і матэрыялаў
Аўтар Г. В. Кісялёў (укладальнік)
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1977
Выдавецтва «Навука і тэхніка»
Колькасць старонак 544

«Пачына́льнікі» — зборнік гісторыка-літаратурных дакументаў і матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя. Выдадзены ў Мінску ў 1977 годзе выдавецтвам «Навука і тэхніка». Падрыхтаваны гісторыкам і літаратуразнаўцам Генадзем Кісялёвым.

У зборніку апублікаваны дакументы, якія тычацца дзейнасці беларускіх пісьменнікаў XIX стагоддзя (Альгерд Абуховіч, Паўлюк Багрым, Францішак Багушэвіч, Ян Баршчэўскі, Арцём Вярыга-Дарэўскі, Адам Гурыновіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Ельскі, Вінцэсь Каратынскі, Янка Лучына, Аляксандр Рыпінскі, Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, Ян Чачот). Змешчаны матэрыялы пра тагачаснае літаратурнае жыццё, паказаны ўклад творцаў у вызваленчы рух, іх удзел у грамадскім жыцці. У кнізе сустракаюцца пісьмы, артыкулы, рэцэнзіі, успаміны, цэнзурныя матэрыялы і іншая інфармацыя. Выкарыстаны новыя матэрыялы з сховішчаў Мінска, Вільні, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кіева, Кракава[1].

Тэксты ў кнізе падзяляюцца на беларускамоўныя, рускамоўныя і польскамоўныя. Польскамоўныя дакументы перакладзены на беларускую мову, пры гэтым польскамоўныя вершы надрукаваны на мове арыгінала. У зборніку ёсць інфармацыя пра дакументы, якія не ўвайшлі ў выданне, яна прысутнічае ў каментарыях. У дадатку прыведзена бібліяграфія дакументальных публікацый за 1923—1976 гады. У кнізе змешчаны 33 ілюстрацыі, ёсць імянны паказальнік[1].

  1. а б Віталь Скалабан. «Пачынальнікі» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 459. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  • Пачынальнікі. Электронный каталог Национальной библиотеки Беларуси. Праверана 12 верасня 2025.