Прававерны кароль

Прававерны кароль (лац.: Rex Orthodoxus, польск.: Król Prawowierny) — ганаровы тытул манарха і форма звароту, якая выкарыстоўвалася ў дачыненні да асобных манархаў Рэчы Паспалітай у XVII стагоддзі. Быў ініцыяваны і надаваўся Святым Прастолам як пэўная форма падзякі Папы Рымскага каралю за выбітныя дасягненні ў абароне хрысціянства (каталіцтва).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Тытул Прававерны кароль быў упершыню нададзены ў 1661 годзе каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Яну ІІ Казіміру — Папа Рымскі Аляксандр VII надаў яго сваім спецыяльным указам каралю і яго пераемнікам[1]. Але тытул у Рэчы Паспалітай не прыжыўся з-за падабенства яго з тэрмінам «праваслаўны кароль», які ў рэаліях тагачаснай канфесійнай сітуацыі успрымаўся неадназначна.
У 1684 годзе Папа Рымскі Інакенцій XI прысвоіў ганаровы тытул Fidei Defensor (Абаронца веры) каралю і вялікаму князю Яну ІІІ Сабескаму за гераічную Венскую бітву, якая лічыцца паваротным момантам у гісторыі Еўропы, што прадухіліла яе заваяванне Асманскай імперыяй[2]. Пасля гэтага тытул афіцыйна больш не надаваўся.
У канцы ХІХ і ў пачатку ХХ стагоддзяў тытулам Orthodox Majesty у англамоўных крыніцах (з-за аднолькавасці напісання на англійскай мове тэрмінаў «прававерны» і «праваслаўны») называюць каралёў Румыніі, Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і г.д. Напрыклад, такім тытулам тытулаваўся кароль Югаславіі Пётр II. Але афіцыйна Святым Прастолам ім гэты ганаровы тытул не надаваўся.
Падобныя тытулы
[правіць | правіць зыходнік]Манархі іншых еўрапейскіх краін атрымлівалі падобныя тытулы ад Рымскіх Пап.
- Венгрыя: Апостальская Вялікасць (нададзены каля 1000 г.)
- Францыя: Найхрысціяннейшая Вялікасць (нададзены ў 1380)
- Іспанія: Каталіцкая Вялікасць (нададзены ў 1493)
- Англія: Абаронца веры (нададзены ў 1521)
- Партугалія: Найвярнейшая Вялікасць (нададзены ў 1748)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Józef Umiński. Historia Kościoła. Tom II. Opole, 1960. S. 295. (польск.)
- ↑ Jan III Sobieski (польск.)