Прушын (зьніклае паселішча)
Прушын лац. Prušyn | |
Дата заснаваньня: | каля 1856 году |
Краіна: | Беларусь |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: |
Прушын — зьніклы фальварак-смалярня, які месьціўся на тэрыторыі сучаснага Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
З артыкула навуковага супрацоўніка ІМЭФ Васіля Скідана «Рэха паўстання 1863 года» вядома, што Гэнрык, сын Антонія, Пяткевіч пасяліўся ў маёнтку Ўладыслава Прозара ў 1856 годзе[a] і першыя два гады будаваў смалярню ў Прушыне, ладзіў хімічную перапрацоўку драўніны, здабычу смалы, вытворчасьць шкіпідару, драўнінавага сьпірту. Ад таго часу можна адлічваць і гісторыю паселішча[1][b]. 28 траўня 1862 года тут нарадзіўся Зянон Пяткевіч.
У сакавіку 1863 году смалярня й фальварак у Прушыне згарэлі. На думку Г. Пяткевіча, тое — не самазапаленьне. Як лясьнічы, аднойчы ён наважваўся пакараць браканьераў, дык яму сказалі: «Маўчы, а то мы падкінем ламак (...стрэльбы), як Аскерку[c].., дык адразу... і пацягнуць»[1]. З 26 на 27 чэрвеня 1864 году сяляне зь вёскі Рашаў нібыта Хвойніцкай воласьці[d] Лявон Ярац, Ільля Добыш і Захар Ярац прынесьлі гарошкаўскаму сельскаму старасту Рыгору Данцу 11 паляўнічых стрэльбаў (8 аднаствольных і 3 двухствольныя), знойдзеных каля смалакурні ў фальварку Прушын. 29 чэрвеня паведамілі вайсковаму начальніку Рэчыцкага павету, што раней, працуючы ў лесе, зьвярнулі ўвагу, як кіраўнік смалакурнага заводу Пяткевіч прагульваўся каля месца іхнай будучай знаходкі. 25 ліпеня 50-гадовы Гэнрык Пяткевіч ужо быў у вязьніцы, адкуль так і ня выйшаў[1].
Смалярня ў урочышчы Прушын пазначаная на вайскова-тапаграфічнай мапе Расейскай імпэрыі, створанай у 1846 – 1863 гадах. Ёсьць згадкі пра яе ў артыкуле «Chojniki» і ў кнізе «Рэчыцкае Палесьсе» Чэслава Пяткевіча[3]
Хрэст сьвяцей за ўсё, сільней усякае сілы і за ўсё дарожай..._Ось нашто далёка шукаць: калі Насовічу[e] ангел у сьне сказаў, штоб ён паставіў хрэст на раздарожжы, дзе ад рэчыцкага шляху паваротка чэраз Будзішча ідзе ў Гудоў. Ён етак і зрабіў; і цяпер яшчэ жыў Шаціло, лясьнік, той, што яму памагаў у етай справі. Хрэст сабе стаяў, усе, хто толькі ехаў або ішоў, то, як вядзецца між хрышчонымі людзьмі, скідаў шапку і хрысьціўся. Людзі прывыклі і радаваліся, бо, бач, недалёка завод, а там жа смаляная нячыстая сіла арудуе, дак цяпер, баяўшыся сьвятога храста, меньш робіць капасьці...
- Гэты выпадак, пацверджаны і іншымі сведкамі, меў месца за паўтары кіламетры ад Прушына, дзе я тады жыў, маючы 10 гадоў. Было гэта ў 1865 г.
У Прушыні кішыць ад чарцей, а махайнік, лысы пан, той, што смолу гоніць, не то штоб быў з імі ў хаўрузі, да бы начэ за прыганятаго над імі настаўлены. Уночы каўтанаватыя смалавікі пруць яму цэбрамі смолу адусюль: то ад атамана, правініўшагося, то з пекла, а ён сядзіць сабе ў пакоях дай люльку курыць. Пад той час чорны казёл па катлах скача дай скача, а далей як стане балбатаць, дак пан зараз і прыбяжыць у завод; паходзіць, нешта пашэпча, тагды балбатня сьціхне, зьмяя зашыпіць, а чорт давай жорыць у два малаткі: ляп, ляп, ляп, ляп! Аж пакуль пеўні засьпяваюць. Настане Божы дзень, дак пракляты немчык збыту не дае: куды не зірні, то ён тут — пакажацца дай скрозь землю пойдзе, то перабяжыць дай шчэзьне.
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
* Зянон, сын Гэнрыка, Пяткевіч (1862 – 1932) – польскі пісьменнік, публіцыст, этнограф.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 20 ліпеня 1856 г. у Бабчыне нарадзіўся сын Чэслаў.
- ^ Сёньня гэта — Хвойніцкія навіны. Матэрыял перадрукаваны зь менскай НГ. 24.02.1993
- ^ Уважаўся Гэнрык Аскерка, уладальнік маёнтку Рудакоў, які таксама быў часова зьвязьнены.
- ^ Падзел на воласьці — зьява хіба парэформавага пэрыяду, таму калі-нікалі й блыталіся. Рашаў належаў да Маладушскай воласьці, не да Хвойніцкай. Тым жа часам Аляксандар Ельскі і Прушын памылкова ўлучыў у gm. Maładusz[2], хоць ён, як і Вялікі Бор з Гарошкавам, мог належаць адно да Хвойніцкай воласьці.
- ^ Адзін з работнікаў прушынскай смалакурні.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Скідан В. Рэха паўстання 1863 года // Ленінскі сцяг. 02.10.1993
- ^ Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1888. Т. IX. S. 107
- ^ Pietkiewicz Cz. Chojniki // Ziemia: Ilustrowany miesięznik krajoznawczy. — Warszawa, 1927. T. 12. № 1-24. S. 249 – 252; Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе / Уклад., прадм. У. Васілевіча. Пер. з пол. Л. Салавей і У. Васілевіча. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2004. С. 433, 434 — 435, 478