Півоня (карная аперацыя)
Аперацыя «Півоня» | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 2—13 чэрвеня 1944 | ||
Месца | Пухавіцкі, Старадарожскі і Асіповіцкі раёны | ||
Прычына | дзейнасць савецкіх партызанскіх атрадаў | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Аперацыя «Півоня» (ням.: Unternehmen «Pfingstrose») — кодавая назва нямецкіх акупацыйных улад супраць партызан і мясцовага насельніцтва ў Пухавіцкім, Старадарожскім і Асіповіцкім раёнах 2—13 чэрвеня 1944 года.
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]Аперацыя праводзілася сіламі 9-й арміі групы армій «Цэнтр» з мэтаю акружэння партызан, дзе ратавалася цывільнае насельніцтва ў раёне вёсак Кляцішына, Любячка, Вомельна (Пухавіцкі раён), захопу рабочай сілы, жывёлы і маёмасці. Разведвальна-баявыя дзеянні карнікі пачалі яшчэ ў сярэдзіне мая 1944 года па меры канцэнтрацыі сіл у гарнізонах Шацка, Пухавіч, Старых Дарог, Дражна (Старадарожскі раён), Шышчыц (Грэскі раён), агульнае наступленне пачалося 2 чэрвеня з Шацка ў напрамку вёсак Вяркалы, Пруцк, Кабылічы (Пухавіцкі раён), з Пухавіч у вёскі Скрыль, Ліпск, Гарэлец, з Сінчы ў вёску Любячка (Пухавіцкі раён). Па шляху прасоўвання карнікаў атрады 2-ы Мінскай партызанскай брыгады асабліва імя Молатава і імя Кутузава засаднымі баямі на загадзя падрыхтаваных рубяжах стрымлівалі намнога большыя сілы праціўніка, забяспечваючы эвакуацыю насельніцтва і жывёлы. Праз 8 дзён баёў рэгулярным часцям вермахта ўдалося блакіраваць партызан і мясцовых жыхароў (каля 3 000 чалавек) па лініі вёсак Зялёная Дуброва — Дрычын (Старадарожскі раён) — рака Пціч — вёскі Востраў — Сінча (Пухавіцкі раён) — Шышчыцы. Пяхотныя часткі карнікаў падтрымлівалі разведвальная і бамбардзіровачная авіяцыя.
Партызаны адыходзілі ў напрамку вёсак Суцін (Пухавіцкі раён) — Крамок (Старадарожскі раён) і ў ноч на 9 чэрвеня навялі несапраўдную пераправу цераз раку Пціч у раёне вёсак Юравічы — Майсеевічы (Старадарожскі раён), адцягнулі ўвагу карнікаў і фарсіравалі раку ў раёне вёскі Града (Асіповіцкі раён) дзе схавалі насельніцтва на невялікім лясным астраўку. Заняўшы кругавую абарону вакол лагера з цывільным насельніцтвам, партызаны на працягу сутак адбівалі націск карнікаў, у ноч на 11 чэрвеня прарвалі загараджальныя ланцугі праціўніка на дарозе Лавы — Церабуты (Старадарожскі раён) і выйшлі ў Грэскія лясы.
Карнікі ў ходзе аперацыі расстралялі 499 савецкіх грамадзян, захапілі для вывазу ў Германію 2344 чалавекі, спалілі вёскі Зялёная Дуброва, Востраў, Рэпішча Асіповіцкага раёна, Вомельна, Любячка, Кляцішына Пухавіцкага раёна і іншыя, забралі 997 галоў буйной рагатай жывёлы, 772 кані і іншага. Па даных камандавання 2-й Мінскай партызанскай брыгады карнікі страцілі 65 чалавек забітымі і параненымі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- У. С. Пасэ. «Півоня» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1990. — С. 494. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.