Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі | |
---|---|
![]() | |
Дата нараджэння | 7 снежня 1928 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 чэрвеня 2025[1] (96 гадоў) |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | геолаг, выкладчык універсітэта |
Навуковая сфера | геалогія[2] і тэктоніка[2] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар геолага-мінералагічных навук (1969) |
Навуковае званне |
|
Альма-матар | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Радзім Гаўрылавіч Гарэ́цкі (7 снежня 1928, Менск — 22 чэрвеня 2025, Мінск) — беларускі геолаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977, член-карэспандэнт з 1972), доктар геолага-мінералагічных навук (1969), прафесар (1980); грамадскі дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям’і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.
У 1930-я гады Гарэцкія трапілі пад палітычныя рэпрэсіі. Радзім Гарэцкі быў у высылцы, жыў і вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжагорску, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш.
Вучобу ў Маскоўскім нафтавым інстытуце Радзім Гарэцкі сумяшчаў з работай геолагам. Пасля яго заканчэння ў 1952 годзе прыняты ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР , дзе працаваў да 1971 года[3]. З 1971 па 2008 — у Інстытуце геалагічных навук АН БССР/АН Беларусі/НАН Беларусі: заснавальнік і загадчык лабараторыі геатэктонікі[4], адначасова з 1977 па 1993 год — дырэктар гэтага інстытута, старшыня камісіі па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі[3], з 1995 — ганаровы дырэктар.
Адначасова ў 1973—1992 — намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных і геалагічных навук АН БССР. З 1992 па 1997 год Радзім Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. Замежны член Расійскай акадэміі навук (1994)[5].
У 1994 з яго ініцыятывы ў БДУ была адноўлена падрыхтоўка геолагаў. Ён стварыў кафедру дынамічнай геалогіі і да 2000 года чытаў студэнтам лекцыі[6]. З 2008 — галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі геадынамікі і палеагеаграфіі, з 2016 і да смерці — галоўны навуковы супрацоўнік[7] лабараторыі геатэктонікі і геафізікі[8] Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі.
Член Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва»[9].
Памёр 22 чэрвеня 2025 года ў Мінску[10].
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Першыя навуковыя працы прысвяціў тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. З пачатку 1960-х асаблівую ўвагу надаваў вывучэнню маладых платформ. Па гэтай праблеме ён надрукаваў шэраг прац, сярод якіх вылучаецца манаграфія «Тэктоніка маладых платформ Еўразіі» (1972). Даследаванні дазволілі высветліць тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў. У выніку даследаванняў Радзіма Гарэцкага і яго калег у 1965 годзе ў Прыараллі быў адкрыты новы газаносны раён.
Важнае месца ў даследаваннях Гарэцкага займае стварэнне тэктанічных карт. Ён актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій да іх. За ўдзел у стварэнні Тэктанічнай карты Еўразіі Радзім Гарэцкі разам з шэрагам вучоных удастоены ў 1969 годзе Дзяржаўнай прэміі СССР.
У 1971 годзе пачаўся этап у навуковай дзейнасці Радзіма Гарэцкага, звязаны з Беларуссю. У снежні ён вярнуўся ў Мінск і стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзілі праблемы тэктонікі старажытных платформ, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі. У 1972 годзе Гарэцкі быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1976 годзе калектыў спецыялістаў пад яго кіраўніцтвам стварыў Тэктанічную карту Беларусі і сумежных тэрыторый маштабу 1:500 000 і манаграфію «Тэктоніка Беларусі». У 1977 годзе абраны правадзейным членам АН БССР і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. Важнае месца ў дзейнасці Радзіма Гарэцкага мелі сумесныя працы з замежнымі геолагамі. Радзім Гарэцкі адкрыў Базайскае радовішча ў Заходнім Казахстане[3].
Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага ўтрымання, 5 вынаходстваў[5]. Паводле яго ініцыятывы быў створаны навуковы часопіс «Літасфера» (ў 1993—2009 — галоўны рэдактар, з 2010 — член рэдкалегіі). У 1996—2004 — член рэдкалегіі «Беларускай энцыклапедыі» ў 18 тамах, член Тэрміналагічнай камісіі Беларускай энцыклапедыі.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Дзяржаўная прэмія СССР 1969 года за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію «Тэктоніка Еўразіі» (Масква, 1966, у суаўтарстве).
- Дзяржаўная прэмія БССР 1978 года за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію «Тэктоніка Беларусі» (Мінск, 1976, у суаўтарстве).
- Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978)[3].
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), медалі.
- Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н. С. Шацкага.
- Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В. А. Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных прац «Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў» (у суаўтарстве).
- Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019)[11].
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Тектонический анализ мощностей. М., 1960 (совм. с А. Л. Яншиным ).
- Тектоника молодых платформ Евразии. М.: Наука, 1972.
- Тектонические карты. М.: Знание, 1973.
- Тектоника Белоруссии. Мн.: Наука и техника, 1976 (в соавт.).
- Тектоника Припятского прогиба. Мн.: Наука и техника, 1979 (в соавт.).
- Калиеносные бассейны мира. Мн.: Наука и техника, 1988 (в соавт.).
- Полиметаллический водный концентрат «Белоруссит» — новое нетрадиционное минеральное сырье : справка и проект программы исслед. Мн., 1989 (в соавт.).
- Некомпенсированные прогибы Восточно-Европейской платформы. Мн.: Навука і тэхніка, 1990 (в соавт.).
- Глубинное строение и динамика земных недр территории Белоруссии. Мн.: Навука і тэхніка, 1991 (в соавт.).
- Национальный комитет Беларуси по Международной программе геологической корреляции: результаты 1990—1995 гг., перспективы = National Сommittee of Belarus for the International Geological Correlation Programme: achievements in 1990—1995 and prospects. Мн., 1999 (в соавт.).
- Геофизические поля и динамика тектоносферы Беларуси. Мн.: Ин-т геол. наук НАН Беларуси, 2002 (в соавт.).
- Проблемы нефтегазоносности верхнепротерозойских и палеозойских комплексов Беларуси и Сибири. Мн.: БЕЛГЕО, 2003 (в соавт.).
- Академик Яншин — дорогой мой учитель и друг. М.: Наука, 2005.
- Гавриил Иванович Горецкий, 1900—1988. Киев : Информационно-аналитическое агентство, 2012 (в соавт.).
- Шовные зоны Фенноскандии, Сарматии и Волго-Уралии. Минск: Беларуская навука, 2014 (в соавт.).
- Эколого-тектонофизическая среда Беларуси. Минск: Беларуская навука, 2015 (в соавт.).
Грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]З 1990 года Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі член Рады, а з 1993 па 2001 — прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На Першым з’ездзе беларусаў свету (Мінск, 1993) выступіў з агульным дакладам «Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці». На Другім з’ездзе беларусаў свету (Мінск, 1997) выступіў з агульным дакладам «Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце». На Трэцім з’ездзе беларусаў свету (Мінск, 2001) выступіў з агульным дакладам «Беларусь і беларусы на мяжы тысячагоддзяў» і быў абраны сябрам Вялікай і Малой рады і Управы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Актыўна працаваў з беларускай дыяспарай, быў адным з арганізатараў з’ездаў беларусаў свету. Член рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры і інш. У 1993—1995 — прэзідэнт Фонду імя братоў Луцкевічаў. У сваіх шматлікіх выступленнях, публікацыях у газетах і часопісах, многія з якіх сабраны ў асобнай кнізе «Шляхам адраджэння» (1997), Радзім Гарэцкі выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры.
У 2000 годзе, сумесна з Генадзем Бураўкіным і Рыгорам Барадуліным, ініцыятар і арганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць[12].
У 2003 абраны ганаровым сябрам Мінжароднай асацыяцыі беларусістаў. У 2004 абраны членам Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Публіцыстыка
[правіць | правіць зыходнік]У кнізе «Ахвярую сваім „Я“… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)» (1998) апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.
У 2008 стаў аўтарам грунтоўнай працы «Браты Гарэцкія». Гэта багата ілюстраванае выданне стала данінай памяці Максіму і Гаўрылу Гарэцкім[13].
У 2013 выйшла кніга публіцыстычных артыкулаў, лірычных замалёвак, мініяцюр і эсэ «Жыццёвы меланж»[14].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Наша Ніва
- ↑ а б Národní autority České republiky Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ а б в г Гарецкий Радим Гаврилович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 138. — 737 с.
- ↑ Сайт Інстытута геалагічных навук НАН Беларусі (2004)
- ↑ а б Нацыянальная акадэмія навук Беларусі :: Акадэмік ГАРЭЦКІ Радзім Гаўрылавіч . nasb.gov.by. Праверана 25 чэрвеня 2025.
- ↑ Гарэцкi Радзім Гаўрылавіч 07.12.1928–22.06.2025 . nature-nas.by. Праверана 25 чэрвеня 2025.
- ↑ Грибик, Я. Г. Системные исследования приоритетных геологических объектов в Припятском прогибе с целью увеличения углеводородного ресурсного потенциала / Я. Г. Грибик, Р. Е. Айзберг, Р. Г. Гарецкий // Докл. Нац. акад. наук Беларуси. — 2021. — Т. 65, No 5. — С. 608—617. https://doi.org/10.29235/1561-8323-2021-65-5-608-617
- ↑ Лаборатория геотектоники и геофизики . nature-nas.by. Праверана 25 чэрвеня 2025.
- ↑ Грамадскі навукова-аналітычны цэнтр «Беларуская перспектыва»
- ↑ Памёр Радзім Гарэцкі . Наша Ніва (22 чэрвеня 2025). Праверана 22 чэрвеня 2025.
- ↑ Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100
- ↑ Панкавец, З.. Разбіраемся ў праўладных партыях: ёсць жывыя, а ёсць зусім мёртвыя . Наша Ніва. Праверана 19-11-2019.
- ↑ Браты Гарэцкія . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 25 чэрвеня 2025.
- ↑ Радзім Гарэцкі апавядае
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 213. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Т.В. Якубоўская. Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 5: Гальцы — Дагон / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 5. — С. 82. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5).
- Радим Гаврилович Гарецкий: Библиогр. указ. Мн.: Наука и техника, 1988.
- Р. Я. Айзберг Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Природные ресурсы. 1998. No.4.
- Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі: Біябібліяграфія. Мн.: ІГН НАН Беларусі, 1998.
- Radim Gavrilovich Garetsky (on his 80th birthday) // Geotectonics. 2009, Vol. 43, Issue 2.
- К 85-летию академика Р. Г. Гарецкого // Природопользование. 2013. Вып.24.
- Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі: да 85-годдзя з дня нараджэння / склад. Н. Р. Рудкоўская. — Мінск: Беларус. навука, 2013. — 178 с. — (Біябібліяграфія вучоных Беларусі). — ISBN 978-985-08-1641-2
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Дайсці да беларускай Беларусі… Архівавана 25 снежня 2013. — tut.by
- 85-гадовы акадэмік Радзім Гарэцкі дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця і здароўя — nashaniva.by
- Акадэмік ГАРЭЦКІ Радзім Гаўрылавіч
- Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі Архівавана 24 лістапада 2022. ў базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі (руск.)
- Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Нарадзіліся 7 снежня
- Нарадзіліся ў 1928 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 22 чэрвеня
- Памерлі ў 2025 годзе
- Супрацоўнікі Інстытута геахіміі і геафізікі НАНБ
- Выкладчыкі БДУ
- Супрацоўнікі Інстытута прыродакарыстання НАНБ
- Дактары геолага-мінералагічных навук
- Акадэмікі Акадэміі навук Беларускай ССР
- Выпускнікі Расійскага дзяржаўнага ўніверсітэта нафты і газу імя І. М. Губкіна
- Члены Таварыства беларускай мовы
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
- Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
- Асобы
- Вучоныя паводле алфавіта
- Геолагі СССР
- Геолагі Беларусі
- Віцэ-прэзідэнты НАНБ
- Замежныя члены РАН