Перайсці да зместу

Свіцязь (возера, Украіна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Свіцязь
Морфаметрыя
Даўжыня
  • 7,8 км
Шырыня 4,1 км
Плошча
  • 27 км²
Найбольшая глыбіня 58,4 м
Басейн
Плошча вадазбору 112 км²
Размяшчэнне
Краіна
Свіцязь (возера, Украіна) (Украіна)
Свіцязь (возера, Украіна)
Свіцязь (возера, Украіна)
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свіцязь (укр.: Світязь, раней Світязьке) — возера ва Украіне, найбольшае і самае глыбокае ў групе Шацкіх азёр. Ляжыць на тэрыторыі Шацкага прыроднага нацыянальнага парка (Валынская вобласць).

М. Фасмер назву возера Свіцязь параўноўваў са старажытнаісландскім Hvíting — назва возера і ракі, ад hvítr «белы»[1].

К. Буга лічыў, што назву Свіцязь у наваколле Навагрудка славяне прынеслі з сабою са сваёй прарадзімы[2].

В. Шульгач тлумачыць гідронім Свіцязь ад праславянскага *sъvitęzь «аб'ект крывой, сагнутай, выпуклай формы», якое ад *sъvit- «звіты, звілісты, крывы»[3].

А. Ванагас і У. Тапароў з гэтай назвай параўноўваюць прускі тапонім Switthe. Далей звязваюць з балцкімі каранямі švait- : švit- : šviet- (svait- : svit- : sviet-) з семантыкай «свяціць, блішчэць», «светлы, блішчасты»[4][5].

А. Рогалеў вылучае ў гідроніме старажытны корань віт-, які мае значэнне «вада», «вільгаць» і выяўляецца на прасторах, дзе распаўсюджаны індаеўрапейскія і фіна-угорскія мовы[6].

Плошча возера Свіцязь складае 27 км². Даўжыня возера — 8 км, шырыня — звыш 4 км. Сярэдняя глыбіня 7 м, максімальная — 58,4 м. Аб’ём каля 180 млн м³. Даўжыня берагавой лініі 30 км.

Катлавіна падоўжаная, няправільнай формы. Берагі нізкія, пясчаныя (шырыня пляжаў ад 5 да 50—60 м), месцамі трапляюцца галька і валуны, асобныя ўчасткі забалочаныя. Маюцца затокі. Прыблізна пасярэдзіне возера ёсць востраў плошчай каля 7 га. Каналамі злучана з воз. Лукі.

Жывіцца атмасфернымі і падземнымі водамі, а таксама за кошт вадаабмену з азёрамі. На дне — сапрапелевыя мулы, пясчаныя і гліністыя адклады, у месцах карставых западзін — мергелі і вапнякі.

Возера добра праграваецца ўлетку, мае чыстую ваду і спадзістае пясчанае дно, карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Узімку возера замярзае.

З воднай расліннасці пашыраны трыснёг звычайны, рагоз шыракалісты, асака валасістаплодная, казялец даўгалісты, урэчнік плаваючы, чарот азёрны, гарлачык жоўты, гарлачык белы, эладэя канадская і інш.

Водязяцца вугор, лешч, карп, сом канадскі, карась, сіг. Вядзецца рыбалоўства.

Зноскі

  1. М. Фасмер. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. Москва, 1987. С. 582.
  2. K. Būga. Rinktiniai raštai. III. Vilnius, 1961. P. 884.
  3. В. В. Лучик. Етимологічний словник топонімів України. Київ, 2014. С. 419.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. V., 1981. С. 322.
  5. В. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. III // Балто-славянские исследования. 1988—1996. Москва, 1998. С. 290—291.
  6. А. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 196.
  • Карпенко Н. І. Світязь // Географічна енциклопедія України: В 3-х т. / Редкол.: О. Маринич (відп. ред.) та ін. Т. 3: П—Я. — К.: «Українська енциклопедія» ім. М. П. Бажана, 1993. — 480 с. ISBN 5-88500-020-4 (укр.)