Перайсці да зместу

Селагінела

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Селагінела

Селагінела дробназубчастая (Selaginella denticulata)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Selaginella P.Beauv., 1805

Сінонімы
Тыпавы від

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  17064
NCBI  3246
EOL  38351
IPNI  63705-3
FW  282557

Селагіне́ла (Selaginella) — род вышэйшых споравых раслін сямейства селагінелавых.

Шматгадовыя травы вышынёй ад 5–10 см да 1 м (некаторыя віды сцелістыя, іх даўжыня некалькі метраў). Парасткі са спіральна або чатырохрадна размешчаным простым суцэльнакраёвым, зубчатым або раснічастым лісцем з адной жылкай. На верхняй плоскасці ліста, каля яго асновы, ёсць невялікая плевачная нарасць — лігула, або язычок. У відаў, дзе парасткі размешчаны плагіятропна, у развілках сцябла з яго ніжняга боку фарміруюцца рызафоры — асаблівыя, анатамічна падобныя да сцябла структуры, на якіх развіваюцца прыдаткавыя карані. У відаў з артатропнымі парасткамі няма рызафораў, і таму прыдаткавыя карані фарміруюцца на сцябле.

Разнаспоравыя расліны. Мікра- і мегаспарангіі размяшчаюцца на верхнім баку спарафілаў. Мікраспоры прарастаюць, знаходзячыся ў мікраспарангіі, і фарміруюць моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт. Ён складаецца толькі з адной вегетатыўнай клеткі і антэрыдыю. Такія мужчынскія гаметафіты высейваюцца з мегаспарангіяў і з патокам ветру пераносяцца да жаночых гаметафітаў. Мегаспоры прарастаюць і пачынаюць фарміраваць жаночы гаметафіт таксама ўнутры мегаспарангіяў, але завяршае ён развіццё, як правіла, ужо пасля высейвання з мегаспарангія. Жаночы гаметафіт мнагаклетачны, але большая яго частка знаходзіцца ўнутры абалонкі мегаспоры. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, абалонка мегаспоры лопаецца, і частка жаночага гаметафіту выходзіць вонкі, у гэтым месцы фарміруюцца рызоіды і некалькі архегоніяў з яйцаклеткай унутры. У мужчынскіх гаметафітаў, якія апынуліся побач з архегоніямі, разрываецца антэрыдый і 2‑жгуцікавыя сперматазоіды разам з токам вадкасці трапляюць да архегоніяў, дзе адбываецца працэс апладнення і ўтварэння зіготы. Пасля апладнення з зіготы развіваецца новае пакаленне спарафіту.

Род уключае 750–770 відаў, распаўсюджаных пераважна ў вільготных трапічных лясах з нешматлікімі відамі ў больш высокіх шыротах. У цяперашні час сістэматыка роду крытычна пераглядаецца, і многія даследчыкі дзеляць яго на вялікую колькасць родаў (да 19).

Практычнае значэнне невялікае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўная ці лекавая расліна (у традыцыйнай тыбецкай і кітайскай медыцыне)

Шэраг відаў культывуецца на Беларусі ў адкрытым грунце, напрыклад селагінела швейцарская (Selaginella helvetica), селагінела дробназубчастая (Selaginella denticulata), або выкарыстоўваюцца ў пакаёвым кветкаводстве, напрыклад селагінела бязножкавая (Selaginella apoda). Шмат відаў вядома ў выкапнёвым стане.