Перайсці да зместу

Сербска-грэчаская царкоўная спрэчка (1346–1375)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пашырэнне сербскай дзяржавы на паўднёвыя (грэчаскія) уладанні за праўлення караля і цара Стэфана Душана (1331–1355).

Сербска-грэчаская царкоўная спрэчка 1346–1375 гадоў — царкоўная спрэчка паміж сербскай Печскай патрыярхіяй і грэчаскай Канстанцінопальскай патрыярхіяй, распачатая неўзабаве пасля таго, як увесну 1346 года Печскай архібіскупіі быў прысвоены статус патрыярхіі. Прычынай спрэчкі сталі рознагалоссі пра патрыяршы сан і межы патрыяршай улады ў паўднёвых абласцях, далучаных да Сербскага царства ў час праўлення Стэфана Душана. Неўзабаве гэтыя рознагалоссі перараслі ў адкрытае супрацьстаянне праз тое, што канстанцінопальскі патрыярх Каліст I асудзіў сербскую царкоўную іерархію, што стала прычынай царкоўнага расколу. Першыя спробы вырашыць спрэчныя пытанні былі зроблены ў 1363 і 1368 гадах, а канчатковае і ўсебаковае прымірэнне цэркваў адбылося ў 1375 годзе дзякуючы намаганням сербскага князя Лазара Хрэбелянавіча і канстанцінопальскага патрыярха Філафея[1][2][3].

Падаплёка спрэчкі (1346)

[правіць | правіць зыходнік]
Сербскі кароль і цар Стэфан Душан (1331–1355)

У час праўлення Стэфана Душана (1331–1355) сербская дзяржава значна пашырэла на поўдзень Балканскага паўвострава за кошт заваёвы візантыйскіх уладанняў. Паколькі заваяваныя землі ў асноўным знаходзіліся пад царкоўнай юрысдыкцыяй Канстанцінопальскай патрыярхіі, змена дзяржаўнай улады пацягнула за сабой неабходнасць перабудовы царкоўнага кіравання на далучаных землях. Увесну 1346 года на дзяржаўным саборы ў Скоп’і сербскі арцыбіскуп быў абвешчаны патрыярхам, а сербскі правіцель быў каранаваны як цар. Такім чынам, было абвешчана стварэнне Сербскага царства і Сербскай патрыярхіі. Гэты крок, зроблены без ухвалення візантыйскага імператара і канстанцінопальскага патрыярха, паслужыў пачаткам сербска-грэчаскага канфлікту адносна правамернасці царскага і патрыяршага сану[4].

Адкрыты канфлікт (1350–1353)

[правіць | правіць зыходнік]
Візантыйскі імператар Іаан VI Кантакузін (1347–1354)

Пасля 1346 года Сербская патрыярхія пашырыла сваю ўладу на новыя паўднёвыя ўладанні, уключыўшы ў свой склад дыяцэзіі ў заваяваных рэгіёнах — Македонію, Фесалію, Эпір. У адказ на гэта новы канстанцінопальскі патрыярх Каліст I (1350–1353) прыняў рашэнне пра афіцыйнае асуджэнне. Гэты крок быў узгоднены з палітыкай візантыйскага імператара Іаана VI Кантакузіна, накіраванай на паслабленне новаустаноўленай сербскай улады на былых візантыйскіх землях. Патрыярх выдаў акт аб адлучэнні сербскага кіраўніка і вышэйшых сербскіх царкоўных іерархаў за прысваенне царскага тытула і патрыяршага сану, а менавіта праз устанаўленне кантролю над дыяцэзіямі Канстанцінопальскай патрыярхіі ў нядаўна заваяваных абласцях[1].

Паколькі тэкст гэтага акта не захаваўся, гісторыкі да гэтага часу спрачаюцца пра форму і ступень адлучэння. Існуе два асноўных меркаванні:

  • Паводле першага, гаворка ішла пра адлучэнне ад эўхарыстычных зносін (пазбаўленне права сумеснага служэння літургіі), гэта значыць разрыў царкоўных зносін паміж дзвюма цэрквамі.
  • Паводле другога, было ўжыта поўнае адлучэнне ад Царквы, што мела на ўвазе і анафему — вышэйшую меру царкоўнага пакарання, праклён.
Сербскі князь Лазар і княгіня Міліца на фрэсцы з манастыра Любасціня.

Аналіз гістарычных крыніц паказвае, што нідзе не згадваецца пра анафему, накладзеную на сербскага цара і патрыярха. Адзначаецца, што анафема звычайна прымянялася за самыя цяжкія злачынствы супраць веры, такія як ерась або вераадступніцтва. Пазнейшыя дакументы па прымірэнні (1368, 1371, 1375) паказваюць на тое, што сербска-грэчаскі канфлікт меў эклезіялагічны (датычны вучэння пра Царкву), а не дагматычны (датычны асноў веравучэння) характар. У дакуменце канстанцінопальскага патрыярха Філафея ад 1371 года першапачатковае асуджэнне, вынесенае патрыярхам Калістам, наўпрост называецца епітым’яй і адлучэннем (грэч. ἀφορισμός), а не анафемай. У кантэксце гэтага дакумента пра прымірэнне гэта азначае, што пакаранне заключалася толькі ў пазбаўленні права саслужэння (разрыве эўхарыстычных зносін)[1][2].

Тым не менш, меркаванне пра накладанне «анафемы» дагэтуль сустракаецца ў некаторых навуковых працах[5][6] і асабліва сярод публіцыстаў, некаторыя з якіх сцвярджаюць, што анафема была накладзена не толькі на сербскага цара і вышэйшае духавенства, але і на ўсё сербскае духавенства і ўвесь сербскі народ.

Першыя крокі да прымірэння (1363–1371)

[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з узрастаючай турэцкай пагрозай візантыйскі імператар Іаан V Палеалог у 1363 годзе вырашыў пачаць перамовы з Сербіяй, што ўключала ў сябе і пошук шляхоў вырашэння царкоўных рознагалоссяў. З гэтай нагоды патрыярх Каліст I асабіста прыбыў у горад Серэ, дзе яго сустрэла сербская царыца Алена, якая кіравала Серскай вобласцю[sr] як удава цара Стэфана Душана і маці тагачаснага сербскага цара Стэфана Уроша V (1355–1371). Не зважаючы на ўрачысты прыём, перамовы не былі завершаны праз раптоўную смерць Каліста. Сербска-грэчаскія перамовы аднавіліся ў 1368 годзе, калі дэспат Іаан Углеша дасягнуў частковага пагаднення з Канстанцінопальскай патрыярхіяй. Афіцыйнае пацверджанне гэтаму было дадзена ў 1371 годзе, калі была прызнана юрысдыкцыя канстанцінопальскага патрыярха над дыяцэзіямі Серскай вобласці[7][8][9][10].

Канчатковае прымірэнне (1375)

[правіць | правіць зыходнік]

Сербска-грэчаская царкоўная спрэчка была завершана ў 1375 годзе дзякуючы намаганням князя Лазара Хрэбелянавіча, кіраўніка Мараўскай Сербіі, які накіраваў дэлегацыю ў Канстанцінопаль для перагавораў з канстанцінопальскім патрыярхам Філафеем. Перамовы паспяхова завяршыліся, шмат у чым дзякуючы святагорскаму манаху Ісаі. Сербскі бок адмовіўся ад далейшых дамаганняў на паўднёвыя епархіі, а грэчаскі бок адмяніў раней вынесенае асуджэнне, прызнаўшы патрыяршы ранг Сербскай праваслаўнай царквы. Прадстаўнікі Канстанцінопальскай патрыярхіі затым прыбылі ў Сербію, наведаўшы і Прызран, дзе над грабніцай цара Стэфана Душана ў манастыры Святых Арханёлаў была зачытаная хартыя канстанцінопальскага патрыярха Філафея, якая адмяняла ранейшыя асуджэнні. Гэтым актам быў пакладзены канец сербска-грэчаскай царкоўнай спрэчцы[11].