Перайсьці да зьместу

Скарынія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуская студэнцкая карпарацыя «Скарынія»
Białoruska Korporacja Studencka «Scorinia» (пол.)
Дата ўтварэньня 1931
Дата спыненьня існаваньня 1934
Тып студэнцкая карпарацыя
Штаб-кватэра вул. Сьв. Яна, Вільня
Афіцыйныя мовы Польская мова, Беларуская мова
Генэральны сакратар Старэйшына карпарацыі Ян Зянюк
Старшыня праўленьня Кастусь Глінскі
Намесьнік старшыні Аўген Бартуль
Сакратар праўленьня А. Мільлер
Старшыня сталага карпаратыўнага суду Мікалай Шкялёнак
Кіроўны орган Прэзыдыюм праўленьня
Матчына кампанія Унівэрсытэт Стэфана Баторага
Зьвязаныя кампаніі Беларускі студэнцкі саюз, Аб’яднаньне беларускіх студэнцкіх арганізацыяў
Колькасьць супрацоўнікаў 22
Прэзыдыюм Беларускай студэнцкай карпарацыі ў Вільні. Трэці зьлева Аўген Бартуль, 1932 г.

«Скарынія» («Scorinia» (лац.)) — беларуская студэнцкая карпарацыя ў Вільні, статут якай зацьверджаны Сэнатам Унівэрсытэту Стэфана Баторага 12 чэрвеня 1931 году пад назваю Białoruska Korporacja Studencka «Scorinia» (пол.)[1]. Прэсавым органам карпарацыі быў часопіс «Novaja Varta», які выдаваўся лацінкай. «Скарынія» абаснавалася на вуліцы Сьв. Яна.

Лёзунг карпарацыі: «Labor omnia vincit» па-беларуску: Праца ўсё пераможа. Карпарацыйная шапка была аксамітная, чорная з залата-чырвонай абводкай. На ворсе шапкі быу выгафтаваны золатам арнамэнт, які складаўся са столькі частак, колькі было ваяводзтваў у Вялікім Княстве Літоўскім; у сярэдзіне гэтага арнамэнту было кола (сымбаль карпарацыі) у якім была выгафтавана манаграма карпарацыі, якая складалася зь літараў: V.C.F.C.S.! (Vivat! Crescat! Florat! Corporation, Skorinia), што азначала: «Жыве! Расьце! Квітнее! Карпарацыя Скарынія!». Такая самая манаграма зроблены зь серабра насілася на чорна жоўта-чырвонай істужцы на камізельцы зь левага пляча на правы бок. Мастак Язэп Драздовіч выразаў на ліпавай дошцы герб карпарацыі й намаляваў патрона карпарацыіі Францішка Скарыны. Аўген Бартуль напісаў гімн карпарацыі, да якога музыку склаў Альбін Стаповіч[2].

Да працы, брацьця, як адзін,
І сьветлай будучыні дні
Прыйдуць у адказ на творчы ўздым,
Скаваныя у сьвятым агні.

Для беларускае зямлі
Ня страшыць шэрань працы нас,
Мы сілы аддамо свае
За перамогі сьветлы час.

— Аўген Бартуль, [3][2]

Карпарацыя «Скарынія» была заснавана зь былых сяброў Беларускага студэнцкага саюзу 19 траўня 1931 году[4]. Закладчыками карпарацыіі былі: Аўген Бартуль, Кастусь Глінскі, Тамаш Грышкевіч, Язэп Ермаковіч, Сяргей Жураўлёў, Янка Зянюк, Міхась Маркевіч, Міхась Маскалік, Анатоль Сакалоў, Альбэрт Мільлер, Сяргей Самахвал, Сяргей Сарока, Станіслаў Станкевіч, Часлаў Ханяўка, Мікола Шкялёнак, Анатоль Шкутка, Пётра Шчасны. У Скарыніі аказаліся першыя новыя кандыдаты ў сябры (фуксы): Віктар Астроўскі, сын сэнатара Вячэслава Багдановіча Глеб Багдановіч, Міхась Шчасны[2][5].

Першым старшынёю карпарацыі быў абраны Кастусь Глінскі, а сябрамі — Леанід Галяк і Альбэрт Мільлер. Усе закладчыкі адразу сталі паўнаправнымі сябрамі (кімільтонамі). 16 чэрвеня 1931 году адбыўся сход заснавальнікаў карпарацыі дзеля перавыбараў уладаў на першы сэмэстар. Старшынёй праўленьня стаў Кастусь Глінскі, намесьнікам старшыні — Аўген Бартуль, сакратаром праўленьня Альбэрт Мільлер, старшынёй сталага карпаратыўнага суду — Мікалай Шкялёнак. Старэйшына карпарацыі — Ян Зянюк. Куратар — прафэсар Унівэрсытэту Стэфана Баторага, доктар Ежы Панейка(uk)[1]. Мэтай карпарацыі меў быць яе пазапартыйны характар. Студэнтаў падтрымлівалі ганаровыя сябры карпарацыі — «філістар гонорыс каўзэ» — дзеячы Цэнтрасаюзу: Антон Луцкевіч, Радаслаў Астроўскі, Антон Неканда-Трэпка[2].

На другі сэмэстар 1931—32 акадэмічнага году выбраны прэзыдыюм карпарацыі. Старшынёй праўленьня стаў Кастусь Глінскі, намесьнікам старшыні — Пётра Шчасны, сакратаром праўленьня Часлаў Ханяўка, старшынёй сталага карпаратыўнага суду — Аўген Бартуль. Старэйшынай карпарацыі — Анатоль Сакалоў[6].

5 сьнежня 1933 году выбраны прэзыдыюм праўленьня карпарацыі. Старшынёй праўленьня стаў Міхась Маркевіч, намесьнікам старшыні — Часлаў Ханяўка, сакратаром праўленьня Міхась Шчасны, старшынёй сталага карпаратыўнага суду — Сяргей Самахвал. Старэйшынай карпарацыі — Язэп Ермаковіч[7].

Часопісы Biełaruskaja krynica, Шлях моладзі й Золак у сваіх артыкулах крытыкавалі Карпарацыю «Scorinia» за супрацоўніцтва з польскімі студэнцкімі арганізацыямі[8][9][10][11].

Корпорацыя «Скарынія» спыніла існаваньне ў выніку ўнутраных супярэчлівасьцяў у 1934 годзе[12][13]. Замест скасаванай у 1934 годзе рэктарам унівэрсытэту студэнцкая карпарацыі «Скарынія» у пачатку 1935 году яна была адноўлена пад назовам «Беларускае таварыства імя Францішка Скарыны»[14].

  1. ^ а б Chronika. Z žyćcia karparacyi. // Novaja Varta : часопіс. — 1931. — № 1. — С. 32—33.
  2. ^ а б в г Леанід Галяк. Вільня. Унівэрсытэт // Леанід Галяк Успаміны. — ЗША: Летапіс, 1982. — Т. 1. — С. 64—84.
  3. ^ Aŭhen Bartul. Da prac, braćcia, jak adzin…  (бел.) // Novaja varta : часопіс. — listapad 1931. — № 1. — С. 1.
  4. ^ Я-уль. Два «выступленьні» ў Беларускім Студэнскім Саюзе.  (бел.) // Беларуская крыніца : газэта. — 15 лістапада 1931. — № 36. — С. 1, 2, 4.
  5. ^ Календарыюм // Czasopis : часопіс. — 2009. — № 5. — С. 25. — ISSN 1230-1876.
  6. ^ Chronika. Z žyćcia korporacyi.  (бел.) // Novaja varta : часопіс. — krasavik 1932. — № 2. — С. 29.
  7. ^ Chronika. Prezydyjum KI na 1933/34 ak. hod.  (бел.) // Novaja varta : часопіс. — sakavik 1934. — № 3. — С. 16.
  8. ^ Студэнт. Дзьве душы. (На маргінэзе «Скарыніі»).  (бел.) // Беларуская крыніца : газэта. — 29 кастрычніка 1931. — № 34. — С. 2.
  9. ^ Я. Малецкі. З жыцьця Бел. Студ. Саюзу Ў Вільні.  (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — listapad 1931. — № 12. — С. 13—14.
  10. ^ J. Malecki. Praŭda pieramoža!  (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, ліпень-жнівень. — № 7—8 (67—68). — С. 10.
  11. ^ Куды ідзеш, беларускі студэнце? // Золак : орган маладой беларускай сацыялістычнай думкі. — 1933, студзень. — № 1. — С. 2—7.
  12. ^ С. В. Развал корпарацыі «Scorinia».  (бел.) // Беларуская крыніца : газэта. — 21 траўня 1934. — № 20 (519). — С. 4.
  13. ^ Хроніка. У Т-ве Беларускае Асьветы, у Карпарацыі «Скарыніі» і ў Бел. Навуковым Т-ве.  (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1934, травень. — № 5 (65). — С. 24.
  14. ^ З Хроніка. З беларускага жыцьця. З Студэнцкага жыцьця.  (бел.) // Шлях моладзі : часопіс. — 1935, студзень. — № 1 (74). — С. 19.