Слоўнік новай яўрэйскай літаратуры
Лексікон фун дэр наер ідышэр літэратур (לעקסיקאָן פֿון דער נײַער ייִדישער ליטעראַטור), што значыць «Слоўнік новай яўрэйскай літаратуры» — біяграфічны слоўнік на 8 тамоў, выдаваўся ў 1956-1981. Напісаны на ідышы. Змяшчае некалькі тысяч артыкулаў аб пісьменніках, вучоных, перакладчыках, і іншых аўтарах, якія пісалі на гэтай мове.
Слоўнік выдаваўся Кангрэсам яўрэйскай культуры (Congress for Jewish Culture) пры ўдзеле шматлікіх мецэнатаў, іншых яўрэйскіх арганізацый, прафсаюзаў, а друкаваўся ў Нью-Ёрку ў выдавецтве Marstin Press.
Рэдактарамі былі ў розны час літаратуразнаўцы Шмуіл Нігер, Аляксандр Памяранц, Янкеў Шацкі, Бэрл Каган, Эля Шульман, Эзраіл Нокс, Фроім Аўербах, Мойша Старкман. Сярод аўтараў слоўніка — Хаім Лейб Фукс, Хаім Мальцінскі, Зайнвел Дыямант, Борух Чубінскі, Іцхак Харлаш, Довід Вольпэ, Бейла Готэсман і інш.
Слоўнік не вычарпальны, а ў некаторых артыкулах ёсць лакуны. У 21 стагоддзі з’явіўся праект Yiddish Lexicon, які ўяўляе сабой англійскі пераклад старых артыкулаў са звесткамі з пазнейшых слоўнікаў.