Спутнік-1
Спутнік-1 | |
---|---|
Спутник-1 | |
![]() | |
Краіна |
![]() |
Спадарожнік | Зямлі |
Касмічная праграма | Спутнік |
Наступны | Спутнік-2 |
Абарачэнняў | 1440 |
Час запуску | 19:28:34 4 кастрычніка 1957 |
Касмадром |
![]() |
Ракета-носьбіт |
![]() |
Тэрмін працы | 3 месяцы |
Канец працы | 4 студзеня 1958 |
NSSDC ID | 1957-001B |
Маса | 83,6 кг |
Вялікая паўвось | 6.955,2 км |
Эксцэнтрысітэт | 0,05201 |
Нахіленне | 65,1° |
Перыяд абарачэння | 96,2 хв |
Апагей | 939 км |
Перыгей | 215 км |
Спутнік-1 (бел.: Спадарожнік-1, ПС-1) — штучны спадарожнік Зямлі, першы ў гісторыі чалавецтва. Быў пушчаны 4 кастрычніка 1957 года і захоўваў стабільную арбіту да 4 студзеня 1958 года. Першы ШСЗ стаў таксама першым штучным нябесным целам і першым штучным аб’ектам, які дасягнуў 1-й касмічнай хуткасці.
Пуск 1-га ШСЗ азначыў пачатак касмічнай эры, паслужыў штуршком для наспелай тады касмічнай гонкі СССР і ЗША. Абрыс «Спутніка-1» на доўгі час стаў знакам асваення космасу чалавекам, а слова «спутнік» увайшло без перакладу ў замежныя мовы.
Пуск і арбіта
[правіць | правіць зыходнік]ШСЗ быў пушчаны ракетай-носьбітам «Спутнік» 8К71ПС (мадэрнізаваная міжкантынентальная балістычная ракета Р-7) з касмадрому Байканур а 19:12:00 UTC 4.10.1957 года і выведзены на арбіту 215×939 з нахілам 65,1° і эксцэнтрысітэтам 0,05201, перыяд абарачэння: 96,2 хв[1].
Канструкцыя
[правіць | правіць зыходнік]Спадарожнік меў сферычны корпус дыяметрам 0,58 м з чатырма штыровымі радыёантэнамі даўжынёй 2,4—2,9 м, і важыў каля 80 кг. У склад апаратуры ўваходзілі радыёперадатчыкі магутнасцю 1 Вт, якія працавалі на частотах 20,005 і 40,002 МГц, і перадавалі тэлеметрычную інфармацыю, у т.л. пра тэмпературы атмасферы і самаго спадарожніка.
Перад падзеямі
[правіць | правіць зыходнік]Планы пуску штучнага спадарожніка Зямлі існавалі ў 1957 годзе як у СССР, так і ў ЗША. Савецкі цяжкі спадарожнік, які спачатку планавалі пусціць першым, выявіўся канструкцыйна несумяшчальным з адзіным дзейсным тады ў СССР тыпам ракеты-носьбіта Р-7 (КБ С. П. Каралёва). Тымчасам, з ЗША даходзілі звесткі пра падрыхтоўку пуску тамтэйшага штучнага спадарожніка Зямлі, а ў СССР з КБ Каралёва за права ўзбройваць ракетныя войскі і забяспечваць касмічную праграму сваімі міжкантынентальнымі ракетамі Р-16 востра спаборнічала КБ Янгеля. У выпадку, калі б ЗША здолелі пусціць свой ШСЗ першымі, КБ Каралёва страціла б дзяржаўны заказ, а не выключаліся і палітычныя пакаранні за шкоду савецкаму дзяржаўнага аўтарытэту.[2]
Каралёвым было пастаноўлена (7 верасня 1957 года) тэрмінова сканструяваць і зрабіць вельмі просты спадарожнік (пры праектаванні яго так і называлі «Прасцейшы Спадарожнік-1» (руск.: Простейший спутник-1) альбо скарочана ПС-1, які б сумяшчаўся з канструкцыяй мадэрнізаванай для гэтых спраў ракетай Р-7, і які напэўна можна было б вывесці на арбіту, апярэдзіўшы амерыканцаў, а значыць, дамагчыся і палітычнага поспеху.
22 верасня ў Цюра-Там прыбыла ракета Р-7 мадэлі 8К71ПС (пасля гэту мадэль назвалі «Спутнік»). У параўнанні са штатнымі Р-7 (мадэль 8К71), яна была значна аблегчана: масіўная галаўны частка заменена пераходам пад спадарожнік, знятая апаратура сістэмы радыёкіравання і адна з сістэм тэлеметрыі, спрошчаная аўтаматыка выключэння рухавікоў, а агульная маса ракеты была на 7 тон меней стандартнай для Р-7.
С.П.Каралёвым была выбрана аптымальная дата запуску - 4 кастрычніка.[2]
Запуск
[правіць | правіць зыходнік]У пятніцу, 4 кастрычніка, у 19: 28: 34 па Грынвічы (22:28:34 па маскоўскім часе) быў здзейснены паспяховы запуск. Праз 295 секунд пасля старту ПС-1 і цэнтральны блок (II ступень) ракеты вагой 7,5 тоны былі выведзеныя на эліптычную арбіту вышынёй 947 на 288 км. Пры гэтым апагей знаходзіўся ў Паўднёвым, а перыгей — у паўночным нябесным паўшар'і. Праз 314,5 секунды пасля старту адбыліся скід ахоўнага конусу і аддзяленне спадарожніка ад II ступені ракеты-носьбіта, і ён пачаў перадаваць радыёсігнал. На палігоне іх лавілі 2 хвіліны, потым спадарожнік сышоў за гарызонт.
Адразу ТАСС зрабіла паведамленне: «у выніку вялікай напружанай працы навукова-даследчых інстытутаў і канструктарскіх бюро створаны першы ў свеце штучны спадарожнік Зямлі».
Заканчэнне працы
[правіць | правіць зыходнік]Спадарожнік лётаў 92 дні, да 4 студзеня 1958 года, здзейсніўшы 1440 абаротаў вакол Зямлі (каля 60 млн км), а яго радыёперадатчыкі працавалі на працягу трох тыдняў пасля старту. З-за трэння аб верхнія слаі атмасферы спадарожнік паступова страчваў хуткасць і вышыню, у выніку ўвайшоў у шчыльныя слаі атмасферы дзе і згарэў.

Большая па памеры II ступень ракеты-носьбіта (вядомая таксама пад пазначэннем «SL-1 R/B») сышла з арбіты раней спадарожніка, 1 снежня 1957 года, здзейсніўшы 882 абароту вакол Зямлі.
Рознае
[правіць | правіць зыходнік]Перадача вялася на дзвюх частотах па чарзе, тэлеграфнымі пасылкамі працягам па 0,3 с, і ў радыёпрыёмніку на слых успрымалася як «папіскванне». Гэтыя сігналы былі тады сенсацыяй, і былі шматразова запісаныя дзяржаўнымі ўстановамі, навукоўцамі і радыёаматарамі[3]. Ёмістасці батарэяй (срэбрана-цынкавыя акумулятары) хапіла на 22 дні перадачы.
Пры зрокавых назіраннях дробны апарат (бачны як аб’ект 6-й зорнай велічыні) амаль не разрозніваўся, затое другая ступень ракеты-носьбіта, якая таксама выйшла на арбіту, была бачная як аб’ект 1-й зорнай велічыні, і часта прымаўся за спадарожнік.
Зноскі
- ↑ Каталог НАСА http://nssdc.gsfc.nasa.gov/nmc/tmp/1957-001B-traj.html Архівавана 13 лістапада 2004..
- ↑ а б (Чарток 1999), Ч.3.
- ↑ Паводле звестак артыкулу англійскай Вікіпедыі http://en.wikipedia.org/w/index.php?title=Sputnik_1&oldid=161957560, некаторыя гукавыя запісы сігналу першага «Спутніка», якія можна знайсці ў Сеціве, насамрэч не датычацца першага «Спутніка», напрыклад, файл на пляцоўцы НАСА ([1]) і старонка [2].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- (Чарток 1999) Черток Б. Е. Ракеты и люди. Фили — Подлипки — Тюратам — М.: Машиностроение, 1999. — 2-е изд. — 448 с., ил.
- Каталог касмічных аб’ектаў НАСА. — Sputnik-1 Архівавана 2 лістапада 2007.