Шматгадовая травяністая расліна з прамым голым або крыху павуцініста апушаным, у верхняй частцы галінастым, часам чырванаватым сцяблом вышынёй 40—100 (60—120[3]) см і доўгім паўзучым карэнішчам. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце рана вяне, голае або злёгку апушанае, лірападобна перыстарассечанае, на чаранках; сярэдняе сцябловае — яйкападобнае, перыстарассечанае, з ланцэтападобнымі або лінейнымі, завостранымі суцэльнакрайнімі, зубчастымі або надрэзанымі на шматлікія долькі долямі. Абгортка званочкавая, голая або крыху павуціністая. Язычковыя кветкі (10—15) прадаўгаватыя, жоўтыя, сабраны ў шматлікія кошыкі, утвараюць шчыткападобнае суквецце. Плод — прадаўгавата-цыліндрычная, рабрыстая сямянка.
Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. - ISBN 5-85700-095-5.