Супрасльскі абраз Маці Божай
Супрасльскі абраз Маці Божай | |
---|---|
![]() | |
Дата з'яўлення: | 1503 |
Іконаграфічны тып: | Адзігітрыя |
Месца знаходжання: | Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр, Польшча |
Дата святкавання | 23 ліпеня (10 жніўня) |
Супрасльскі абраз Маці Божай, Супрасльская Адзігітрыя — адна з хрысціянскіх святынь Беларусі і Польшчы, ушаноўвалася праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле прыхадской кнігі Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра ўнесена ў 1503 годзе смаленскім епіскапам Іосіфам у Супрасль у дар манастыру разам з царкоўным начыннем і богаслужэбнымі кнігамі. Пашыраная на Беласточчыне легенда сцвярджае, што абраз з’явіўся двум манахам на водах ракі Супрасль.
Іканапісны звод паходзіць ад візантыйскага абраза Маці Божай — Улахернскай Адзігітрыі («Пуцевадзіцельніцы»), напісанай паводле царкоўнага падання евангелістам Лукой непасрэдна з Багародзіцы і перанесенай у пач. XII ст. кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам у Смаленск.
У адрозненне ад Улахернскай Адзігітрыі і яе спісаў (гл. Смаленскі абраз Маці Божай) на Супрасльскім абразе дзіцятка Ісус трымае ў руцэ не скрутак, а кнігу; над галавой Маці Божай знаходзіцца Бог Айцец у аблоках з анёльскімі чынамі. У Супрасльскім манастыры пры архімандрыце Сергію Кімбару ў 1557 годзе абраз быў упрыгожаны сярэбранай вызалачанай шатай з каштоўнымі камянямі.
Цудатворны абраз захоўваўся ў Супраслі да 1915 года, потым у выніку наступлення германскіх войск перанесены ў Слуцк, далейшы яго лёс невядомы. Захаваліся дзве копіі, адна з якіх знаходзіцца ў царкве ў Супрасльскім манастыры.
Традыцыйны дзень ушанавання абраза — 25 сакавіка (7 красавіка), з XIX ст. таксама 23 ліпеня (10 жніўня) — дзень агульнага святкавання Смаленскай Адзігітрыі. У гэты дзень ідуць паломніцтвы да абраза.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Mironowicz A. Podlaskie ośrodki i organizacje prawosławne w XVI i XVII wieku. — Dział Wydawnictw Filii Uniwersytetu Warszawskiego w Białymstoku, 1991. (польск.)
- Яскевіч А. Супрасльскі абраз Маці Божай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Супрасльскі абраз Маці Божай на Вікісховішчы |
---|