Перайсьці да зьместу

Тэлебачаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Тэлебачаньне
галіна эканомікі, інфраструктура, від СМІ
Падкляса адтэлерадыёвяшчаньне, сродкі масавай інфармацыі, эканамічная дзейнасьць Рэдагаваць
ПершаадкрывальнікЧарльз Джэнкінс, Філа Фарнсўарт, Кендзіра Такаянагі, Джон Логі Бэрд Рэдагаваць
Вырабляетэлевізійная праграма, канцэртны фільм Рэдагаваць
Гісторыя тэмыгісторыя тэлебачаньня Рэдагаваць
Сьвяты заступнікКлара Асіская Рэдагаваць
Практыкуеццадыктар Рэдагаваць
Код МСГК 46020 Рэдагаваць
Сымбаль Юнікоду📺 Рэдагаваць

Тэлеба́чаньне (ТБ, тэлевізія; грэц. τῆλε + лац. visio — далёкае бачаньне) — перадача на адлегласьць відарысаў прадметаў праз каналы сувязі з дапамогай сыгналаў.

Служыць галінам культуры, навукі і тэхнікі. Яднае тэлевяшчаньне з дастасоўным тэлебачаньнем. Бывае каляровае і чорна-белае, адна- і шматскапічнае, з адна- і шматгукавым суправаджэньнем, аналягавае і лічбавае, наземнае, кабэльнае і спадарожнікавае. Для абмену тэлепраграмамі існавала сетка Эўрабачаньне[1].

Можа таксама ўжывацца ў адносінах да тэлевізару, тэлевізійнай праграмы альбо носьбіту перадачы тэлебачаньня. Служыць масавым сродкам рэклямы, забаваў і навінаў.

Асноўныя прынцыпы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Колькасьць тэлевізараў на 1000 чалавек

     1000+

     500-1000

     300-500

     200-300

     100-200

     50-100

     0-50

     Няма зьвестак

Тэлебачаньне заснаванае на прынцыпе пасьлядоўнай перадачы элемэнтаў[2] кадра пры дапамозе разгорткі. Частасьць зьмены кадраў абіраецца, у асноўным, па крытэры плаўнасьці перадачы руху. Для звужэньня паласы частасьцяў перадачы ўжываюць празрадковую разгортку — яна дазваляе ўдвая павялічыць частасьць кадраў (а значыць, павялічыць плаўнасьць перадачы руху аб’ектаў).

Тэлевізійны тракт у агульным выглядзе ўключае наступныя прылады[3]:

  1. Відэакамэра. Аб’ектыў праецыруе выяву на сьвятлоадчувальную паверхню. Схема разгорткі па радках счытвае яркасьць элемэнтаў выявы. Напачатку перадаюцца няцотныя радкі (1-е поле), затым цотныя (2-е поле). Інфармацыя пра колер перадаецца на паднясучай частаце. Так ствараецца кадр поўнага каляровага тэлевізійнага сыгналу (ПКТС). Для здымкі й перадачы дакумэнтаў ужываюцца спэцыялізаваныя дакумэнт-камэры.
  2. Відэамагнітафон (не абавязкова). Запісвае і ў неабходны момант узнаўляе чаргаваньне радкоў і палёў.
  3. Відэамікшэр (не абавязкова). Дазваляе пераключацца паміж некалькімі крыніцамі выявы: відэакамэрамі, відэамагнітафонамі, зьнешнімі сыгналамі і іншымі.
  4. Перадатчык. Сыгнал радыёчастасьці мадулюецца тэлевізійным сыгналам і выпраменьваецца ў этэр (магчыма трансьляцыя па кабэлі). Гук перадаецца на асобнай частасьці, звычайна пры дапамозе частаснай мадуляцыі.
  5. Прымач — тэлевізар. Пры дапамозе сынхраіммпульсаў, якія ўтрымліваюцца ў ПКТС, тэлевізійны кадр разгортваецца на экране (кінэскоп, ВК-панэль, плязмавая панэль).

Тэлебачаньне ў большасьці выпадкаў перадаецца праз радыёхвалі (што ўключае ў сябе этэрнае аналягавае і лічбавае, а таксама спадарожнікавае тэлебачаньне) і кабэль.

У канцы ХІХ стагодзьдзя ўзьнікла задума перадачы аптычнага відарыса прадмета. Зыходны відарыс падзялілі на асобныя складнікі, прасторавае разьмеркаваньне якіх з дапамогай мэханічнай або электроннай тэлеразгорткі пераўтваралі ў часавае, а сьветлавыя сыгналы — у электрычны відэасыгнал. Пасьлядоўную перадачу складнікаў відарыса мэханічным спосабам ажыцьцяўлялі дыска Ніпкава з адтулінамі па сьпіралі. Барыс Розінг прапанаваў скарыстаць электронна-прамянёвую трубку для ўзнаўленьня відарыса і ў 1911 годзе ажыцьцявіў тэлеперадачу ў лябараторных умовах. Паводле электроннай схемы тэлебачаньня аналіз відарыса праводзіўся ў тэлеперадавальных камэрах, у апаратным пакоі тэлецэнтру зь відасыгналу ўтвараўся поўны тэлесыгнал (пазьней лічбавы сыгнал) і перадаваўся на тэлецэнтар. Прыняты тэлевізарам радыёсыгнал пераўтвараўся на экране (кінэскопа, пазьней на праекцыйным, вадкакрышталічным або плязмавым) ў аптычны відарыс, які праз інэрцыйнасьць зроку ўспрымаўся гледачом зьлітным і беспарыўным[1].

У 1925 годзе ўкараненьне чорна-белых перадачаў тэлебачаньня пачалі ў Вялікабрытаніі і ЗША. У 1931 годзе тэлебачаньне ўкаранілі ў Савецкім Саюзе паводле мэханічнай схемы, а ў 1938 годзе — паводле электроннай[1].

Тэлебачаньне стала даступным у экспэрымэнтальных умовах у канцы 1920-х гадоў, але прайшло яшчэ некалькі гадоў, перш чым новая тэхналёгія сталася даступнай спажыўцам. Пасьля Другой сусьветнай вайны ўдасканаленая форма чорна-белага тэлевізійнага вяшчаньня стала папулярнай у ЗША і Вялікабрытаніі, а тэлевізары сталі звычайнай зьявай у дамах, на прадпрыемствах і розных установах. На працягу 1950-х гадох тэлебачаньне стала асноўным сродкам уплыву на грамадзкую думку[4]. У сярэдзіне 1960-х гадоў у ЗША і большасьці іншых разьвітых краінаў сьвету было ўведзенае каляровае вяшчаньне. Наяўнасьць некалькіх тыпаў архіўных носьбітаў захоўваньня, такіх як стужкі Betamax і VHS, вялікія ёмістасьці цьвёрдых дыскаў, DVD-дыскаў, флэш-дыскаў, Blu-ray дыскаў і воблачных лічбавых відэамагнітафонаў, дазволіла гледачам глядзець папярэдне запісаны матэрыял, як то фільмы, дома і па ўласным графіку. Паводле шматлікіх чыньніках, асабліва для зручнасьці дыстанцыйнага пошуку, захоўваньне тэлевізійнага кантэнту і відэапраграмаў зараз адбываецца ў воблаку. У канцы першага дзесяцігодзьдзя 2000-х гадоў колькасьць перадачаў лічбавага тэлебачаньня значна павялічыліся. Іншым разьвіцьцём стаў пераход ад тэлевізараў стандартнай выразнасьці (SDTV) да тэлевізару высокай выразнасьці (HDTV), які забясьпечвае значна больш высокую разрознасьць. HDTV можа перадавацца ў розных фарматах: 1080p, 1080i і 720p. З 2010 году з вынаходзтвам разумнага тэлебачаньня інтэрнэт-тэлебачаньне павялічыла даступнасьць тэлевізійных праграмаў і фільмаў праз інтэрнэт праз стрымінгавыя відэасэрвісы, як то Netflix, Amazon Video, iPlayer і іншыя. Замена раньніх аб’ёмных, электронна-прамянёвых дысплэяў (CRT) з высокай напругай на кампактныя, энэргаэфэктыўныя плоскія панэлі, як то LCD, OLED-дысплэі і плязменныя дысплэі ёсьць рэвалюцыяй электроннага абсталяваньня, якая пачалася з кампутэрных манітораў у канцы 1990-х гадоў.

Тэлевізары з плоскім экранам прадаюцца ў краме бытавой электронікі.

Пачаткова тэлевізійныя сыгналы распаўсюджваліся толькі ў якасьці наземнага тэлебачаньня пры дапамозе магутных радыёчастасных перадатчыкаў, якія перадавалі сыгнал асобным тэлевізійным прыёмнікам. У якасьці альтэрнатывы тэлевізійныя сыгналы распаўсюджваюцца праз кааксыяльны кабаль або праз аптычнае валакно, спадарожнікавымі сыстэмамі, а пачынаючы з 2000-х гадоў праз інтэрнэт. Да пачатку 2000-х гадоў карцінка перадаваліся толькі ў якасьці аналягавых сыгналаў, але мяркуецца, што пераход на лічбавае тэлебачаньне будзе завершаны ва ўсім сьвеце да канца 2010-х гадоў. Стандартны тэлевізар складаўся зь некалькіх унутраных электронных схемаў і ўлучаў тунэр для прыёму і дэкадаваньня вяшчальных сыгналаў. Візуальная прылада адлюстраваньня карцінкі, якой не хапае тунэра, правільна называецца відэаманіторам, а не тэлевізарам. У 2013 годзе 79% хатніх гаспадарак у сьвеце валодалі тэлевізарам.

У 1955 годзе пачалі выпускаць чорна-белыя тэлевізары «Беларусь» з экранам 18х24 см. 1 студзеня 1956 году адбылося першае вяшчаньне празь Менскі тэлецэнтар беларускамоўнай перадачы словамі «Гаворыць Менск!»[1]. У 1980 годзе тэлеканал «Беларускае тэлебачаньне» займеў самастойную праграму, якая пакрывала 70% земляў Беларускай ССР[5].

У 1991 годзе ў Беларусі запрацавалі прыватныя кабэльныя і этэрыя сеткі тэлебачаньня. На 1994 год налічвалася звыш 80 перадавальных станцыяў, прыёмных станцыяў спадарожнікавай сувязі. Працавала сетка радыёрэлейных лініяў. Тэлевяшчаньне вялося на 98 % земляў Беларусі[1].

У 2014 годзе доля беларускамоўнага вяшчаньня ў тэлепраграмах Беларусі склала каля 5%[6].

  1. ^ а б в г д Анатоль Ткачэнка. Тэлебачаньне // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 16: Трыпалі — Хвіліна. — С. 112113. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0263-6
  2. ^ С. Г. Лапин. БСЭ, издание 3-е
  3. ^ Структурная схема телевизионной системы Энциклопедия@Broadcasting.ru Праверана 2010-01-07 г. Архіўная копія ад 2011-08-25 г.
  4. ^ Diggs-Brown, Barbara (2011). «Strategic Public Relations: Audience Focused Practice». Cengage Learning. — С. 48. — ISBN 978-0534637064
  5. ^ Глеб Лабадзенка. «Канешне, гэта не тое, што я мог бы зрабіць, але» // Народная воля : газэта. — 19 чэрвеня 2013. — № 47 (3788). — С. 1, 6. — ISSN 2071-9647.
  6. ^ Ірына Асташкевіч. Не баяцца памыляцца // Зьвязда : газэта. — 5 верасьня 2014. — № 168 (27778). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]