Тэрміналагічны слоўнік
Тэрміналагічны слоўнік — лінгвістычны слоўнік, які змяшчае сістэматызаванае на аснове пэўных прынцыпаў апісанне тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі, вытворчасці, дзейнасці, мастацтва і інш. Напрыклад, лінгвістычны слоўнік, слоўнік электратэхнічных тэрмінаў, слоўнік па металургічнай вытворчасці, слоўнік бібліятэчных і бібліяграфічных тэрмінаў, слоўнік музычных тэрмінаў[1].
У тэрміналагічным слоўніку побач з алфавітнай пашырана арганізацыя тэрмінаў на аснове сістэмы паняццяў пэўнай галіны навукі («Слоўнік славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі», т. 1, Прага, 1977, змяшчае таксама і беларускую частку)[1].
Тэрміналагічныя слоўнікі бываюць[1]:
- уласна тэрміналагічныя – уключаюць тэрмін і яго азначэнне («Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў», 1995);
- перакладныя («Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі» Н. А. Ганчаровай і М. Г. Антанюк, 2000);
- камбінаваныя – змяшчаюць як перакладную (двух- або шматмоўную), так і тлумачальную частку («Тлумачальны руска-англа-беларускі слоўнік па інфарматыцы», 1994).
Часам тэрміналагічны слоўнік уключае тэрміны не адной вузкай галіны ведаў, а некалькіх, узаемазвязаных, галін («Руска-беларускі слоўнік па цеплатэхніцы і санітарнай тэхніцы» В. М. Капко і Б. М. Хрусталёва, 1995; «Руска-беларускі політэхнічны слоўнік», т. 1, 1997).
Тлумачальная частка можа ўключаць[1]:
- строга навуковае азначэнне (дэфініцыю),
- больш шырокае апісанне тэрміна, набліжанае да слоўніка энцыклапедычнага тыпу або слоўніка-даведніка («Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік», «Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі», абодва 1992).
Па глыбіні і паўнаце ахопу паняццяў, а таксама паводле прызначэння, існуюць[1]:
- школьныя тэрміналагічныя слоўнікі («Геаграфічны слоўнік школьніка» І. П. Галай, С. І. Сідор, 1986; «Экалагічны слоўнік», 1993);
- тэрміналагічныя слоўнікі для сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў («Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкі, Л. А. Антанюк, 1990);
- акадэмічныя, фундаментальныя тэрміналагічныя слоўнікі, якія змяшчаюць поўную сістэму паняццяў на сучасным узроўні развіцця адпаведнай галіны і прызначаны для спецыялістаў («Музычны слоўнік беларуска-рускі = Музычны слоўнік руска-беларускі», 1999).
Гістарычная тэрміналогія часткова фіксуецца ў гістарычных слоўніках («Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М. І. Гарбачэўскага, 1874)[1].
Сістэма тэрмінаў лінгвістыкі, літаратуразнаўства, філасофіі, інфарматыкі, эканомікі і г. д. прадстаўлена ў цэлым шэрагу сучасных беларускіх тэрміналагічных слоўнікаў: «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» П. У. Сцяцко, М. Ф. Гуліцкага, Л. А. Антанюк (Мінск, 1990), «Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў» М. В. Абабуркі, Т. А. Казімірскай, В. М. Саўчанка (Магілёў, 2012), «Тэорыя літаратуры ў тэрмінах» В. П. Рагойшы (Мінск, 2001), «Тэрміналагічна-тлумачальны слоўнік па філасофіі» А. А. Скікевіча, У. С. Шчура (Мінск, 1996), «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» М. І. Савіцкага (Мінск, 2009), «Тлумачальны слоўнік гандлёвых тэрмінаў» Р. П. Валевіч, М. М. Нясмелава, А. Г. Ромінай, Г. В. Траяноўскай (Мінск, 1995), «Слоўнік катэгорый эканамічнай тэорыі» С. Я. Янчанкі, Т. І. Адамовіча, А. І. Ванькевіча, П. С. Лямешчанкі, М. У. Саковіч, І. С. Святліцкага (Мінск, 1999) і інш[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Л. А. Антанюк. Тэрміналагічны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
- ↑ Сучасная беларуская літаратурная мова : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях / [Д. В. Дзятко і інш.] ; пад рэдакцыяй Д. В. Дзятко. — 2-е выд., папраўленае і дапоўненае. — Мінск: Вышэйшая школа, 2020. — 588 с. — ISBN 978-985-06-3185-5.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Л. А. Антанюк. Тэрміналагічны слоўнік // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).