Перайсьці да зьместу

Уладзімер Пігулеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Пігулеўскі

лац. Uładzimier Pihuleŭski; лат. Vladimirs Piguļevskis
Дата нараджэньня 26 лютага (10 сакавіка) 1889
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 17 чэрвеня 1958(1958-06-17) (69 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак драматург, перакладнік, палітык, пісьменьнік
Месца працы
Псэўданімы Гуль, П. Гуль
Сябра ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў і Саюз пісьменьнікаў Беларусі
Жонка Вольга Бароўская-Пігулеўская
Узнагароды
ордэн сьвятога Станіслава II ступені ордэн сьвятой Ганны III ступені ордэн сьвятога Станіслава III ступені ордэн сьвятой Ганны IV ступені
Ганаровая грамата Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР

Уладзíмер Пігулéўскі (9 сакавіка [ст. ст. 26 лютага] 1889, Горадня, Расейская імпэрыя — 17 чэрвеня 1958, Рыга, Латвія) — беларускі і латыскі нацыянальны дзеяч, пісьменьнік, драматург, перакладнік, публіцыст.

Нарадзіўся ў 1889 годзе ў Горадні ў сям’і калескага сакратара гарадской управы[1].

Скончыў Менскую гімназію (1907). Вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце, у ліпені 1912 году адлічаны за нявыплату.

З кастрычніка 1912 па верасень 1913 году праходзіў тэрміновую службу ў войску, прапарнік запасу лёгкай артылерыі. Удзельнік Першай сусьветнай вайны. Прызваны з запасу 18 ліпеня 1914 ў 84-ю артылерыйскую брыгаду, мл. афіцэр 4-й батарэі. Праз год пераведзены ў 84-ю паркавую артылерыйскую брыгаду, афіцэр 2-га парку, падпаручнік. Служыў у 84-м артылерыйскім дывізыёне, паручнік. З чэрвеня па лістапад 1917 в.а. лётніка-назіральніка артылерыйскага адзьдзяленьня 30-га карпуснога авіяцыйнага атраду, штабс-капітан[2].

У 1920—1921 гадах — дыпламатычны кур’ер ураду БНР у Коўне[1].

З 1922 года жыў у Латвіі, выкладнік Дзьвінскай беларускай гімназіі. У 1924—1925 гадах — дырэктар Люцынскай беларускай гімназіі. У 1925 годзе пасьля сфабрыкаванага латвійскімі ўладамі працэсу Уладзімер Пігулеўскі быў пазбаўлены пэдагагічнай працы[2].

Пераехаў у Рыгу, працаваў у Транзітным каапэратыўным банку. У 1926 годзе ўдзельнічаў у Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу (Менск). У 1926—1934 гадах загаднік Беларускага адзьдзелу пры Міністэрстве асьветы Латвіі. Пасьля дзяржаўнага перавароту ў Латвіі арыштаваны і сасланы ў Ліепайскі лягер (1935). Пасьля вызваленьня актыўна ўдзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху, займаўся журналістыкай. У 1940—1941 гадах інспэктар Міністэрства асьветы Латвійскай ССР[2].

У Другую сусьветную вайну эвакуіраваўся ў Татарстан, працаваў там школьным інспэктарам, выхавацелем ў дзіцячым доме.

Пасьля вайны жыў у Рызе, выкладаў у Рыскім мараходнай навучальні, пэдагагічным інстытуце.

Памёр 17 чэрвеня 1958 году ў Рызе. Пахаваны ў Рызе на могілках Райніса[2].

Друкаваўся з 1924 году. Перакладаў на беларускую мову творы латыскіх і чэскіх пісьменьнікаў.[1]

Напісаў шэраг п’есаў для школьнага тэатру («Хамуты», «У трамваі», «Вечар пад каляды», «Гідра»). Склаў чытанку для беларускіх школ у Латвіі «Наш край» (1928). На латыскую мову пераклаў камэдыю Я. Купалы «Паўлінка» (пастаўленая ў 1949 Латвійскім тэатрам імя Я. Райніса). Алублікаваў у латыскім друку шмат артыкулаў пра беларускую літаратуру і тэатар, творчастць Я. Купалы і Я. Коласа[1].

З дапамогаю Ў. Пігулеўскага беларускае чытацтва пазнаёмілася з творамі Я. Райніса, А. Упіта, В. Лацыса, Г. Саксэ, І. Муйжніека, І. Лейманіса, А. Грыгуліса, Г. Бродэле, В. Клівера, Я. Гранта[2].

Рукапісная спадчына (у т.л. неапублікаваныя творы) У. Пігулеўскага захоўваецца ў Адзьдзеле рэдкіх кнігаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Беларусі[1].


  1. ^ а б в г д Крывіцкія руны, выпуск 2, "Беларускі культурны мацярык у Латвіі". Укладанне, прадмова і каментар Міхась Казлоўскі і Сяргей Панізьнік, Мінск «Кнігазбор» 2017, с. 18-19.
  2. ^ а б в г д Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі / Укл. i прадм. С. Панізьніка / - Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003, с. 199-200.