Перайсці да зместу

Уладзімір Фінькоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Уладзімір Фінькоўскі
Нараджэнне 13 лютага 1906(1906-02-13)
Смерць 26 студзеня 1988(1988-01-26) (81 год)
Пахаванне

Уладзі́мір Фінько́ўскі (13 лютага 1906, Гальшаны — 26 студзеня 1988, Булонь) — беларускі праваслаўны святар, архімандрыт (1947).

Пастрыжаны ў манахі ў 1927 годзе, іерадыякан (1931), іераманах (1936)[1]. Быў асабістым сакратаром віленскага архіепіскапа Феадосія. За супраціўленне паланізацыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1935 годзе высланы з Вільні. Працаваў у Пінску, пасля да чэрвеня 1941 года жыў і святарыў у Пружанах[2].

Улетку 1941 года іераманах Фінькоўскі разам з часткамі нямецкіх войскаў прыбыў у Менск, дзе, выдаўшы сябе за ігумена, дамогся ад СД пасады святара Прэабражэнскай царквы[3]. Адразу заняўся працай па ўзнаўленні святыняў у Менскай акрузе, узначаліў царкоўна-будаўнічы камітэт. Ужо ў жніўні ў Прэабражэнскай царкве адбылося першае набажэнства з вялікай колькасцю вернікаў, у тым ліку моладзі. Пазней у яго царкве знайшоў сабе прытулак створаны Саюз беларускай моладзі[4].

З дапамогай СД узведзены ў сан епіскапа Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Карыстаючыся падтрымкай нямецкіх уладаў, прызначаў у адчыненыя цэрквы Усходняй Беларусі святароў без узгаднення з праваслаўнай іерархіяй у Заходняй Беларусі[3]. Яго сучаснік інжынер Іван Касяк адзначыў, што іераманах Уладзімір паходзіў з беларускай сялянскай сям’і[5], аднак ігнараваў заклікі беларускага актыву ў Менску (Радаслава Астроўскага і інш.) да беларусізацыі праваслаўнага жыцця[6]. Ён ахвотна супрацоўнічаў толькі з немцамі[7]: павесіў ва ўласным пакоі партрэт Гітлера і наказваў наведнікам хрысціцца на яго; у адной з казаняў абвясціў, што «Беларусь не павінна зрабіцца незалежнай дзяржавай, застаючыся назаўжды пад нямецкім суверэнітэтам»[8].

Пасля таго, як БАПЦ ачоліў архіепіскап Панцеляймон, Уладзімір Фінькоўскі адмовіўся саступіць займаны ім архірэйскі дом і напрыканцы 1941 года быў пазбаўлены права адпраўляць набажэнствы. Супраць яго таксама было высунутае абвінавачанне ў прысваенні некаторых публічных рэчаў з Дзяржаўнага музея. Па выніках праверкі матэрыялы справы былі перададзены ў царкоўны суд, які прыгаварыў Уладзіміра Фінькоўскага да турэмнага зняволення, аднак нямецкія ўлады вызвалілі яго з умовай неадкладнага ад’езду ў Варшаву[7].

У 1944 эміграваў у Заходнюю Германію, пасля ў Францыю, дзе таксама адпраўляў набажэнствы. Так, на святкаванне ўгодкаў абвяшчэння БНР 25 сакавіка 1945 года ў Парыжы служыў імшу разам з айцом Францішкам Чарняўскім[9]. У 1947—1949 гадах настаяцель прыходу правялебнага Серафіма Сароўскага ў Шале[10] ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату[11].

Пры канцы 1950-х Уладзімір атрымаў годнасць архімандрыта і 10 красавіка 1960 года (паводле іншых звестак — у 1958) пераехаў у Чыкага[9] (ЗША). Тут 5 лістапада 1958 года было абвешчана пра стварэнне яшчэ адной Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ-2), нікім не прызнанай на эміграцыі. Уладзімір Фінькоўскі быў высвечаны ў епіскапы гэтай царквы і стаў святаром створанай парафіі Св. Юрыя ў Чыкага (англ.: Saint George Belarusian Orthodox Church). Браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

Аднак у хуткім часе, пасля ўмяшальніцтва свецкага і царкоўнага актыву, Фінькоўскі быў адхілены ад пасады святара і вярнуўся ў Францыю. Парафія святога Юрыя перайшла пад юрысдыкцыю канстанцінопальскага патрыярха, а БАПЦ-2, якая фактычна складалася толькі з аднае гэта парафіі, перастала існаваць.

Памёр у Булоні пад Парыжам, пахаваны на мясцовых Новых могілках.

  1. Владимир (Финковский, Финьковский) // Российское зарубежье во Франции 1919—2000: биогр. слов.: в 3 т. / под общ. ред. Л. Мнухина, М. Авриль, В. Лосской. — М.: Наука; Дом-музей Марины Цветаевой, 2008—. — ISBN 978-5-02-036267-3; 978-5-93015-104-6.
  2. Лявон Юрэвіч. Асобы й рэаліі // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5.
  3. а б Вяртанне ў Мінск // Дз. Касмовіч. За вольную і суверэнную Беларусь…
  4. Лявон Юрэвіч. Бачына трэцяя. «Вашая Дзіна…» // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5.
  5. Анатоль Грыцкевіч. Праваслаўная царква ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны // Наша слова. — 2005. — № 37 (723).
  6. Мікола Волаціч. 7. Падрыхтоўка і арганізацыя БАПЦ…
  7. а б Силова С.В. Отношения православной церкви с нацистским оккупационным режимом и белорусской коллаборацией // Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.). — Гродно: ГрГУ, 2003. — ISBN 985417-508-4.
  8. Leonid Rein. The Kings and the Pawns: Collaboration in Byelorussia During World War II. — New York: Berghahn Books, 2011. — С. 202. — ISBN 978-1845457761.
  9. а б Панькоў Мікола. Хроніка беларускага жыцця на чужыне // Хроніка беларускага жыцця на чужыне (1945—1984) / Гардзіенка Алег. — Мн.: Беларускі гістарычны агляд, 2001. — (Бібліятэка часопіса Беларускі Гістарычны Агляд).
  10. Белорусский совет православных церквей в Северной Америке (руск.). Иерархия литургических церквей. Праверана 28 верасня 2012.
  11. Архимандрит Владимир (Финьковский) (руск.). Религиозные деятели русского зарубежья (24 ліпеня 2006). Праверана 28 верасня 2012.