Перайсці да зместу

Шкала Бортля

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Прыблізнае прадстаўленне шкалы Бортля

Шкала́ Бо́ртля (англ.: Bortle scale) — гэта дзевяцібальная сістэма ацэнкі якасці начнога неба[en] і ўзроўню светлавога забруджвання[en], якую распрацаваў аматар астраноміі Джон Э. Бортль[en] і апублікаваў у лютаўскім нумары часопіса «Sky & Telescope[en]» за 2001 год[1]. Шкала дапамагае вызначыць, наколькі добра можна назіраць зоркі і іншыя астранамічныя аб’екты з пэўнай мясцовасці. Чым вышэйшае значэнне шкалы, тым мацнейшае светлавае забруджванне і горшая бачнасць нябесных аб’ектаў.

Мэта і выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўнай задачай шкалы Бортля з’яўляецца параўнанне розных назіральных пляцовак па якасці начнога неба. Яна шырока выкарыстоўваецца як прафесійнымі, так і аматарскімі астраномамі для ацэнкі бачнасці астранамічных аб’ектаў, планавання назіранняў і вызначэння, як моцна гарадское або іншае штучнае асвятленне ўплывае на зорнае неба. Таксама шкала дапамагае ўсвядоміць праблему светлавога забруджвання і заахвочвае да захавання натуральнай цемры начнога неба.

Узроўні шкалы

[правіць | правіць зыходнік]

Шкала Бортля падзяляецца на дзевяць класаў, кожны з якіх апісвае розныя характарыстыкі бачнасці:

1-ы клас: Ідэальнае неба

[правіць | правіць зыходнік]

Практычна адсутнічае штучнае асвятленне, выразна бачны Млечны Шлях ад гарызонта да гарызонта. Магчымыя назіранні найслабейшых з’явішчаў, такіх як паветранае ззянне[en] і задыякальнае святло[en].

2-і клас: Тыповае цалкам цёмнае неба

[правіць | правіць зыходнік]

Зоркі бачна вельмі добра, Млечны Шлях выразны. Лёгка заўважныя слабейшыя аб’екты, але іншы раз можа быць ледзь прыкметны святловы фон[en] ад разнастайных крыніц святла ўдалечыні.

3-і клас: Сельскае неба

[правіць | правіць зыходнік]

Ужо бачны невялікi святловы фон на гарызонце, але большасць астранамічных аб’ектаў лёгка назіральныя. Млечны Шлях застаецца выразным, аднак ягоныя дэталі могуць быць крыху менш прыкметныя.

4-ы клас: Памежжа паміж сельскай і прыгараднай зонай

[правіць | правіць зыходнік]

Cвятловы фон становіцца больш відавочным. Млечны Шлях яшчэ заўважны, але некаторыя яго дэталі знікаюць.

5-ы клас: Прыгараднае неба

[правіць | правіць зыходнік]

Значная частка начнога неба засвечана, больш тонкія дэталі Млечнага Шляху амаль не бачныя. Асноўныя аб’екты аматарскай астраноміі (напрыклад, некаторыя зорныя скопішчы і галактыкі) яшчэ можна разгледзець пры дапамозе невялікіх тэлескопаў.

6-ы клас: Яркае прыгараднае неба

[правіць | правіць зыходнік]

Млечны Шлях становіцца цьмяным, многія слабейшыя аб’екты нябачныя без оптыкі. Святло ліхтароў, рэкламы і будынкаў моцна асвятляе неба.

7-ы клас: Памежжа паміж прыгарадам і горадам

[правіць | правіць зыходнік]

Млечны Шлях ледзь адрозніваецца ці наогул не бачны. Убачыць слабейшыя зоркі вельмі цяжка. Святловы купал над горадам выразна заўважны.

8-ы клас: Гарадское неба

[правіць | правіць зыходнік]

Млечны Шлях не бачны зусім, апроч самых яркіх зорак амаль нічога не відаць. Для назірання большасці астранамічных аб’ектаў патрэбны магутныя тэлескопы або спецыяльныя прыстасаванні, і нават тады адчувальна моцнае засвятленне фону.

9-ы клас: Центр горада (унутраны гарадскі раён)

[правіць | правіць зыходнік]

Праз вельмі моцнае асвятленне бачна толькі некалькі самых яркіх зорак. Назіранне за астраномічнымі аб’ектамі на практыцы робіцца немагчымым.

Значэнне шкалы

[правіць | правіць зыходнік]

Шкала Бортля дазваляе ўзгадняць «суб’ектыўныя» адчуванні назіральніка з «аб’ектыўнымі» параметрамі светлавога забруджвання. Яна служыць арыенцірам пры выбары месца для астранамічных назіранняў і дапамагае вызначыць найлепшыя ўмовы для фатаграфавання аб’ектаў глыбокага неба[en], назірання метэораў ды іншых з’яў. Дзякуючы шкале Бортля, можна параўноўваць вынікі назіранняў паміж сабой і бачыць, як узровень светлавога забруджвання змяняецца з цягам часу.

  1. Bortle, John E.. Gauging Light Pollution: The Bortle Dark-Sky Scale. Sky & Telescope. Sky Publishing Corporation (1 лютага 2001). Праверана 29 мая 2020.