Кут (Ірак)
| Населены пункт | |
| Кут | |
|---|---|
| араб. الكوت | |
| 32°30′53″ пн. ш. 45°49′08″ у. д.HGЯO | |
| Краіна | |
| Гісторыя і геаграфія | |
| Вышыня цэнтра | 21 м |
| Насельніцтва | |
| Насельніцтва |
|
Кут (араб. ٱلْكُوت), афіцыйна Эль-Кут, таксама Кут-эль-Імара або Кут-эль-Амара — горад на ўсходзе Ірака, на левым беразе ракі Тыгр, прыкладна за 160 км на паўднёвы ўсход ад Багдада. Адміністрацыйны цэнтр мухафазы Васіт. Насельніцтва — каля 389 400 чалавек (2018, ацэнка). Сталіца рэгіёна, доўгі час вядомага як Эль-Кут, але з 1960-х гадоў перайменаванага ў Васіт.
Стары горад знаходзіцца ва U-падобнай лукавіне ракі, насупраць месца, дзе Шат-эль-Гараф адгаліноўваецца ад Тыгра[2]. Гэты U-падобны выгін робіць яго амаль што востравам, які злучаецца з берагам толькі вузкім перашыйкам. Шмат стагоддзяў Кут быў цэнтрам мясцовага гандлю дыванамі. Навакольная тэрыторыя — урадлівы рэгіён, дзе вырошчваюцца збожжавыя культуры. Недалёка ад Кута знаходзіўся цэнтр ядзерных даследаванняў, разрабаваны пасля ўварвання ЗША ў Ірак (2003).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Кут мае арыдны клімат (BWh) у сістэме кліматычнай класіфікацыі Кёпена-Гейгера. Сярэдняя гадавая тэмпература — 23,4 °C. Штогод выпадае каля 138 мм ападкаў.
| Клімат Кута | |||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
| Сярэдні максімум, °C | 17,5 | 20,0 | 24,0 | 29,8 | 36,9 | 41,5 | 43,5 | 43,8 | 40,8 | 35,0 | 26,2 | 19,2 | 31,5 |
| Сярэдняя тэмпература, °C | 11,2 | 13,2 | 17,0 | 23,1 | 31,3 | 34,3 | 35,8 | 35,4 | 32,0 | 26,5 | 17,9 | 12,6 | 24,2 |
| Сярэдні мінімум, °C | 5,5 | 6,9 | 10,7 | 15,6 | 21,0 | 24,4 | 26,4 | 25,9 | 22,5 | 17,4 | 11,8 | 7,0 | 16,3 |
| Норма ападкаў, мм | 32 | 23 | 19 | 27 | 7 | 0 | 0 | 0 | 0 | 5 | 18 | 22 | 153 |
| Крыніца: Arab Meteorology Book[3] | |||||||||||||
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]
На месцы сучаснага Кута знаходзіўся сярэднявечны горад Мадхарая[4][2][5]. Ён размяшчаўся пры ўпадзенні канала Нахраван у Тыгр[2]. Лічыцца, што Мадхарая — родны горад Маздака, зараастрыйскага рэлігійнага лідара сасанідскай эпохі[6]. Аднак ужо ў пачатку XIII ст., па сведчанні Якута аль-Хамаві, горад Мадхарая быў разбураны[4].

Сучасны Кут у значнай ступені абавязаны сваім росквітам з’яўленню параходнага транспарту на Тыгры ў XIX ст.[2]
Першая сусветная вайна
[правіць | правіць зыходнік]
Кут быў месцам баёў у час Першай сусветнай вайны. Брытанскія Месапатамскія экспедыцыйныя сілы пад кіраўніцтвам генерал-маёра Чарльза Таўнсенда рушылі на поўнач з Басры ў верасні 1915 года, гэтыя падзеі вядомыя пад назвай Месапатамская кампанія. Брытанцы дасягнулі Кута 26 верасня і пасля трох дзён баёў выбілі асманскія войскі з горада.
Пасля амаль дзевяцімесячнага перапынку Таўнсенд накіраваўся ўверх па рацэ да Ктэсіфона. Пасля бітвы ля Ктэсіфона брытанскія войскі зноў адышлі ў Кут. 7 снежня 1915 года туркі пад камандаваннем палкоўніка Нурэдзіна-пашы пачалі аблогу Кута, якая доўжылася 147 дзён. Брытанскай кавалерыі пад камандаваннем палкоўніка Джэрарда Лічмана ўдалося прарвацца, але Таўнсенд і асноўная частка войскаў засталіся ў аблозе. Было зроблена шмат спроб вызваліць сілы Таўнсенда з аблогі, але ўсе яны не мелі поспеху. Пры спробах вярнуць Кут загінула каля 23 тысяч брытанскіх і індыйскіх салдат, гэта, хутчэй за ўсё, самыя значныя страты брытанцаў па-за еўрапейскім тэатрам баявых дзеянняў. Бліжэй да канца аблогі Т. Э. Лоўрэнс і Обры Герберт з брытанскай разведкі беспаспяхова спрабавалі падкупіць Халіла-пашу, каб дазволіць войскам уцячы. Нарэшце 29 красавіка 1916 года Таўнсенд і разам з ім каля 8 тысяч салдат здаліся ў палон. Палонных вайскоўцаў падзялілі: афіцэраў адправілі ў розныя месцы, а многіх з радавых салдат прымусілі да катаржных работ, якія працягваліся да капітуляцыі Асманскай імперыі; больш як палова катаржнікаў загінула. У снежні 1916 года большыя і лепш забяспечаныя брытанскія сілы пад камандаваннем генерала Фрэдэрыка Стэнлі Мода аднавілі наступ і 23 лютага 1917 года, панёсшы цяжкія страты, зноў занялі Кут.
Кут быў моцна пашкоджаны ў час Першай сусветнай вайны і амаль цалкам перабудаваны пасля яе[2].
Сучасная гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1930-я гады ў горадзе была пабудавана дамба, каб забяспечваць навакольныя тэрыторыі вадой для арашэння. На дамбе ёсць дарога і шлюз для караблёў, якія праходзяць уверх і ўніз па Тыгры. Дамба падтрымлівае дастаткова высокі ўзровень вады ў Тыгры для забеспячэння вадой ірыгацыйнага канала Гараф.
Станам на 1952 год, 26 440 гектараў арашаліся вадой з канала Гараф. З гэтых зямель 14 080 гектараў былі размеркаваны паміж дробнымі фермерамі ў рамках праграмы сацыяльнай зямельнай рэформы: фермеры атрымлівалі па 10 га на сям’ю і абавязваліся жыць на зямлі, якую апрацоўвалі. У 2005 годзе дамба і рэгулятар канала Гараф былі адрамантаваны, выдаткі склалі 3 млн долараў ЗША.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://www.citypopulation.de/Iraq-Cities.html
- ↑ а б в г д Naval Intelligence Division guidebook (1944), p. 543.
- ↑ Appendix I: Meteorological Data (англ.)(недаступная спасылка). Springer. Архівавана з першакрыніцы March 4, 2016. Праверана 14 October 2024.
- ↑ а б Le Strange (1905), pp. 38, 60.
- ↑ El-Samarraie (1970), p. 29.
- ↑ Madelung (1988), p. 3.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- Le Strange, Guy (1905). The Lands of the Eastern Caliphate: Mesopotamia, Persia, and Central Asia, from the Moslem Conquest to the Time of Timur. Cambridge: Cambridge University Press. OCLC 458169031.
- Madelung, Wilferd (1988). Religious Trends in Early Islamic Iran. Albany: Bibliotheca Persica. ISBN 0-88706-701-8.
- El-Samarraie, Husam Quam (1970). Agriculture in Iraq During the 3rd Century, A.H. London: University of London.
Знешнія спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кут (Ірак)