Эўкатастрофа
Эўкатастрофа (англ.: Eucatastrophe) — нечаканы паварот сюжэту, у выніку якога пратаганіст выходзіць з жудаснага і, здавалася б, безнадзейнага становішча[1]. Сам тэрмін і канцэпцыя былі прапанаваны філолагам і пісьменнікам Джонам Р. Р. Толкінам у эсэ «Пра чароўныя казкі», заснаваным на яго лекцыі 1939 года. Пазней тэрмін выкарыстоўваўся іншымі аўтарамі і даследнікамі.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Англійскі філолаг і пісьменнік Джон Рональд Руэл Толкін прыдумаў тэрмін, склаўшы яго з грэчаскага слова «катастрофа» (ад стар.-грэч.: καταστροφή), што азначала развязку сюжэту, і прэфікса «эў» (ад стар.-грэч.: εὖ), што азначае «добры». У сваім эсэ «Пра чароўныя казкі» (заснаваным на лекцыі, прачытанай у 1939 годзе)[2], Толкін вызначыў эўкатастрофу як асноватворную частку сваёй канцэпцыі міфапаэтыкі (міфатворчасці). На яго думку, радасць і суцяшэнне, якія прыносіць эўкатастрофа ў казцы, значна важнейшыя за «ілюзорнае наталенне адвечных жаданняў чалавецтва», у чым бачаць сэнс казак некаторыя даследчыкі. Толкін таксама выкарыстоўваў гэты тэрмін у адносінах да тэкстаў Евангелля: паколькі ён быў прававерным каталіком, ён называў Богаўцелаўленне эўкатастрофай «чалавечай гісторыі», а Уваскрэсенне Ісуса Хрыста — эўкатастрофай Богаўцелаўлення[3].
Браян Роўзберы з Універсітэта Цэнтральнага Ланкашыра вызначае эўкатастрофу як «шчаслівы канец, насуперак усім абставінам, які мае эмацыйную інтэнсіўнасць і маральную дарэчнасць»[4].
Эўкатастрофа ў мастацкай літаратуры часам параўноўваецца з прыёмам «бог з машыны» (лац.: Deus ex machina), бо абодва прапануюць раптоўнае вырашэнне, здавалася б, невырашальнай праблемы[5][6]. Але існуюць і адрозненні: эўкатастрофа неад’емна звязана з аптымістычным поглядам на развіццё падзей у наратыве[7], а таксама непасрэдна звязана з папярэднімі падзеямі сюжэту (у адрозненні ад «бога з машыны»), што забяспечвае «ўнутраную ўзгодненасць» апісваных падзей[8]. На думку Толкіна, эўкатастрофа можа адбыцца і без выкарыстання «бога з машыны»[9].
Прыклады
[правіць | правіць зыходнік]Самай вядомай эўкатастрофай у творах самаго Толкіна з’яўляецца развязка яго рамана «Валадар Пярсцёнкаў». У момант, калі перамога Саўрана здавалася непазбежнай, у выніку ўмяшання Голума Адзіны Пярсцёнак быў знішчаны ў агні Арадруіна[10]. Прыкладам выкарыстання эўкатастрофы ў Толкіна таксама з’яўляюцца арлы, якія не раз прыходзяць на дапамогу да герояў у адчайных сітуацыях; іх таксама параўноўваюць з «богам з машыны»[11]. Толкін прызнаваўся, што атрымліваў «эўкатастрафічныя» эмоцыі пасля з’яўлення арлоў у кнізе «Хобіт, або Туды і назад»[12]. У «Сільмарыліяне» прыкладам эўкатастрофы з’яўляецца падарожжа Эарэндзіля ў Валінар і далейшая дапамога Валар у вайне з Моргатам, які на той момант ужо захапіў увесь Белерыянд[13].
У творах іншых аўтараў таксама можна знайсці прыклады эўкатастрофы, напрыклад, выбух Зоркі смерці ў фільме «Зорныя войны», а таксама пацалунак прынца, які выратаваў Беласнежку. Лонгтэрмісты Оўэн Котан-Барат і Тобі Орд выкарыстоўвалі тэрмін «эўкатастрофа» для апісання гіпатэтычнага «пераходнага перыяду» ў будучыні, які дасць «экзістэнцыйную надзею» і дазволіць не проста пазбегнуць гібелі чалавецтва, але і стане пачаткам яго «росквіту»[14].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Mazur 2011, p. 174.
- ↑ Tolkien 1990, pp. 109–161.
- ↑ Tolkien 1990, p. 156.
- ↑ Brian Rosebury. Irrecoverable Intentions and Literary Interpetation(англ.) // British Journal of Aesthetics. — 1997. — № 1 (37). — P. 15—30.
- ↑ Gary Westfahl. The Greenwood Encyclopedia of Science Fiction and Fantasy: Themes, Works, and Wonders. — Greenwood Publishing Group, 2005. — Vol. 1. — P. 195. — ISBN 978-0-313-32951-7.
- ↑ Trevor Hart. Between the Image and the Word. — Ashgate Publishing, 2013. — ISBN 978-1-4724-1370-3.
- ↑ Mazur 2011, p. 175.
- ↑ Margaret Bush. “Just a Fool’s Hope”: J.R.R. Tolkien’s Eucatastrophe as the Paradigm of Christian Hope (англ.). Liberty University (24 кастрычніка 2012). Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2024. Праверана 11 верасня 2024.
- ↑ Frank Magill. Survey of modern fantasy literature. — Salem Press, 1983. — P. 2065. — ISBN 978-089356450-6.
- ↑ Solopova 2009, p. 29.
- ↑ Top 10 Deus Ex Machina moments (англ.)(недаступная спасылка). Bestforfilm. Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2020.
- ↑ Carpenter 2023, ліст №89 да Крыстафера Толкіна, 7—8 лістапада 1944 года.
- ↑ Ramos, Rodrigo Eucatastrophe and the Redemption in J. R. R. Tolkien’s The Silmarillion(англ.). — 2020. Архівавана з першакрыніцы 11 верасня 2024.
- ↑ Richard Fisher. Eucatastrophe: Tolkien's word for the "anti-doomsday" (англ.). BBC (12 кастрычніка 2022). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2024. Праверана 11 верасня 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Carpenter, Humphrey (ed.). The Letters of J. R. R. Tolkien: Revised and Expanded Edition. — New York: HarperCollins, 2023. — ISBN 978-0-35-865298-4.
- Mazur, Eric Michael. Encyclopedia of Religion and Film. — ABC-CLIO, 2011. — ISBN 978-0313013980.
- Solopova, Elizabeth. Languages, Myths and History: An Introduction to the Linguistic and Literary Background of J. R. R. Tolkien's Fiction. — New York: North Landing Books, 2009.
- Tolkien, J. R. R. On Fairy-Stories // The Monsters and the Critics, and Other Essays. — London: HarperCollins, 1990. — ISBN 0-261-10263-X.
