Юзаф Шыманчык
Юзаф Шыманчык | |
---|---|
Дата нараджэння | 25 красавіка 1909 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 ліпеня 2003 (94 гады) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | фатограф |
![]() |
Юзаф Шыманчык або Язэп Шыманчык (польск.: Józef Szymańczyk; 25 красавіка 1909[1], Косава — 11 ліпеня 2003[1], Лодзь) — беларускі і польскі фатограф.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Выпадкова пазнаёміўся з фотаапаратам 14-гадовым хлопчыкам і захапіўся тэхнікай і фотамастацтвам. Пачынаў юнаком самавукам, з часам набыў прафесійнае майстэрства і заснаваў фотаатэлье ў Косаве.
Апантаны ідэямі Яна Булгака, прыхільніка фатаграфавання радзімы, Шыманчык дакументаваў родныя мясціны — беларускае Палессе, азёры Белае і Спораўскае, Косава, Пескі, Слонім, Пінск, рабочых, сялян, сцэны іх быту і працы, шмат іншага.
Да 2-й сусветнай вайны Юзаф Шыманчык ажаніўся з Аленай Ласько, швачкай, таксама родам з Косава. У пачатку вайны Юзаф і Алена пераехалі ў Слонім, жылі ў цэнтры горада ў старым двухпавярховым доме, у кватэры з балконам на другім паверсе. У цэнтры горада Юзаф меў майстэрню, займаўся толькі фотасправай, фатаграфаваў усіх, хто прыходзіў у майстэрню або прасіў сфатаграфаваць дома. Неяк у горадзе быў мітынг, цяжарная Алена выйшла на балкон паслухаць і ён абваліўся, яна загінула. У ліпені 1944 года, немцы пакінулі Слонім, савецкія салдаты кінулі гранату ў майстэрню Шыманчыка, усё згарэла. Выратаваць Юзаф здолеў некаторыя здымкі і негатывы, якія былі ў падвале.[2]
Па вайне Шыманчык пераехаў у Польшчу, сорак гадоў працаваў фатографам у Кутне. Выйшаў на пенсію ў 1985 годзе і пераехаў да дачкі ў Лодзь.
Некалькі разоў наведваў Беларусь, у 1999 годзе разам са здымачнай групай Варшаўскага тэлебачання — Косаўшчыну, Слонім і іншых мясцінах, здымалі пра яго дакументальны фільм Fotograf Polesia (Фатограф Палесся). Мастак сустрэўся з некаторымі героямі сваіх фотаздымкаў, якія нават памяталі як ён іх фатаграфаваў.[2]
У 1990-х гадах з Юзафам Шыманчыкам перапісваўся Сяргей Чыгрын, дасылаў яму беларускія выданні і як падзяку атрымліваў здымкі Слоніма 1942—1944 гадоў, якія публікаваў у перыёдыцы і сваіх кнігах.[2]
Дачка Юзафа Шыманчыка Ірэна Даманска ў 2010 годзе ў Торуні ў галерэі «Вазоўня» ладзіла выстаўку, прысвечаную бацьку — «Юзаф Шыманчык: паміж фатаграфіяй бытавой і „айчыннай фатаграфіяй“». Наведвальнікі выставы і крытыкі ў польскай прэсе адзначалі, што аўтар здымкаў 1930-х гадоў не толькі фіксаваў прыгажосць краявідаў і характарных чалавечых тыпаў, але паказаў і прозу жыцця, часта беднага і цяжкага, бяду палескай вёскі. Творы Юзафа Шыманчыка даводзяць, што ў гісторыі беларускай і польскай фатаграфіі 1930-х гадоў трэба роўна ўлічыць і вартасць сацыяльнай фатаграфіі як плыні піктарыялізму.[1] У 2012 годзе ў Варшаве Ірэна Даманска чытала лекцыю пра свайго бацьку з паказам яго твораў і фрагментаў фільмаў Polesia czar (Чароўнасць Палесся) і Fotograf Polesia[3].
У 2024 годзе выйшаў альбом твораў Юзафа Шыманчыка[4]. У 2025 годзе ў Варшаве адбылася выстаўка «Polesie w fotografii Józefa Szymańczyka»[5].
Захавалася каля 400 этнаграфічных і дакументальных здымкаў з Палесся.[2]
У 1990-х гадах 50 фотаздымкаў у Юзафа Шыманчыка набыў Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, таксама фатограф падарыў музею адзін са сваіх фотаальбомаў. Пазней, Ірэна Даманска падарыла Бярозаўскаму гісторыка-краязнаўчы музею запіс фільма Fotograf Polesia.[2]
Фотаздымкі Юзафа Шыманчыка захоўваюцца ў калекцыях музеяў і бібліятэк Варшавы, Кракава, Беластока, Мінска, Вільні, Бярозы, Слоніма, Пінска, Пружан і іншых гарадоў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Jurecki 2010.
- ↑ а б в г д Чыгрын 2013.
- ↑ Józef Szymańczyk – Polesie w obiektywie samouka — Dom Spotkań z Historią (польск.). dsh.waw.pl. Праверана 9 верасня 2025.
- ↑ Szymańczyk, Engelking 2024.
- ↑ WYSTAWA „POLESIE W FOTOGRAFII JÓZEFA SZYMAŃCZYKA” – Wschodni Festiwal Fotografii(нявызн.) (28 ліпеня 2025). Праверана 9 верасня 2025.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сяргей Чыгрын Фатаграфаваў беларускае Палессе // Czasopis. — 2013. — Кастрычнік — № 10.
- Krzysztof Jurecki. Józef Szymańczyk: między fotografią zakładową a "fotografią ojczystą": Polesie lata 30. XX wieku. — Toruń: Galeria Sztuki Wozownia, 2010. — 31 с. — ISBN 978-83-89657-75-6. (тут ёсць аўтабіяграфія Юзафа Шыманчыка, напісаная для каталогу выставы 1992—1993 гадоў у Кутне)
- Krzysztof Jurecki, Oblicza wsi poleskiej w twórczości Józefa Szymańczyka, w: Polesie lat trzydziestych w fotografii Józefa Szymańczyka, X 1992 I 1993, Muzeum Regionalne, Kutno (kat. wyst.)
- Słonim ― odsłony / [zespół autorski: Edyta Błaszczak [et al.]. — Warszawa, 2002. (інфармацыя на с. 14)
- Józef Szymańczyk, Anna Engelking. Fotograf z Polesia: opowieść Józefa Szymańczyka. — Lublin: Muzeum Ziem Wschodnich Dawnej Rzeczypospolitej, 2024. — 445 с. — ISBN 978-83-66925-79-3. (тут ёсць вельмі падрабязная аўтабіяграфія Юзафа Шыманчыка, з фота, з гісторыяй фатаграфіі на Косаўшчыне, успаміны яго нашчадкаў, а таксама падсумаванне творчасці ад Anna Engelking)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Józef Szymańczyk – TPZK(нявызн.). Праверана 9 верасня 2025.