Перайсці да зместу

Юліус Столе

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юліус Столе
Род дзейнасці прадпрымальнік
Дата нараджэння 9 сакавіка 1855(1855-03-09)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 верасня 1927(1927-09-25) (72 гады)
Месца пахавання
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Юліус Столе (9 сакавіка 1855(1855-03-09), Багемія25 верасня 1927(1927-09-25)) — аўстрыйскі прадпрымальнік, арганізатар шкляной вытворчасці ў Беларусі.

Нарадзіўся 9 сакавіка 1855 года ў Багеміі.

Быў запрошаны працаваць у Расію прамыслоўцам Сяргеем Мальцавым. Прыняў расійскае падданства і стаў кіраўніком мастацкай майстэрні. У Дзяцькаве пазнаёміўся з інжынерам Вільгельмам Краеўскім.

Разам яны пераехалі ў Бярозаўку, дзе арэндавалі шкляную гуту памешчыка Зянона Ленскага ва ўрочышчы Устронь, дзе дагэтуль вырабляліся толькі піўныя бутэлькі. Таварыства «Старая Гута» Краеўскага і Столе існавала ў 1891—1903 гг.

Прамыслоўцы замовілі для шклозавода нямецкае абсталяванне (дзесяцісільны лакамабіль), перабудавалі печ, усталявалі ручны прэс для вытворчасці шклянак і запусцілі шліфоўню. Колькасць працоўных на прадпрыемстве павялічылася да 148 чалавек, вакол прадпрыемства стала ўтварацца цэлае працоўнае паселішча.

Ленскі не жадаў прадаваць свой завод, таму ў 1894 годзе Краеўскі і Столе пабудавалі другі завод на паравой цязе, так званую «Новую Гуту», а ў 1898 годзе яны выкупілі канкурэнтную гуту ў Бярозаўцы, якая была ў даўгах, заснаваную кампаніяй Бонера, Каплінскага і Трубовіча. Паміж гутамі ў 1894 годзе праклалі тэлефонную лінію — першую ва ўсім Лідскім павеце. На кожным з заводаў у 1897 годзе працавала больш як па 100 чалавек.

Свае новае аб’яднанае прадпрыемства кампаньёны назвалі «Нёман», па імені ракі Нёман, з берагоў якой браўся пясок для вытворчасці шкла. Гэтая гандлёвая марка стала прэстыжнай і шырока вядомай не толькі ў Расійскай імперыі, але і за яе межамі. У 1897 годзе Краеўскі і Столе заснавалі фабрыку багемскага шкла для вокнаў, на станцыі Ганцавічы ў Слуцкім павеце.

У 1902 году вытворчасць у Ленскага ў Старой Гуце, не вытрымаўшы канкурэнцыі, спынілася.

У 1905 годзе Вільгельм Краеўскі загінуў. Некаторы час у бізнесе ўдзельнічала яго ўдава Казіміра. Пазней яна саступіла сваю долю ў фірме[1]. Такім чынам Юліус Столе стаў адзіным гаспадаром завода, выкупіўшы долю ў спадчыннікаў Краеўскага. Але гэта была фармальнасцю, таму што сыны Столе — Браніслаў і Фелікс — яшчэ раней ажаніліся на дачках Краеўскага — Яніне і Станіславе.

У Першую сусветную вайну завод быў разбураны, адноўлены ў 1921 годзе як шклозавод «Нёман» фірмы «Ю. Столе».

Мемарыял сям’і Столе на могілках у Бярозаўцы.

Памёр 25 верасня 1927 года. Пахаваны на могілках у Бярозаўцы.