Юрый Яўгенавіч Несцярэнка
Юрый Яўгенавіч Несцярэнка | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 чэрвеня 1965 (60 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | пісьменнік, перакладчык, журналіст, музыкант |
Грамадская дзейнасць | |
Член у |
Юрый Яўгенавіч Несцярэнка (нар. 26 чэрвеня 1965, вёска Прыбар) — беларускі аўтар і выканаўца, рок-музыкант, пісьменнік, перакладчык, журналіст.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 26 чэрвеня 1965 года ў вёсцы Прыбар Быхаўскага раёна.
З 1966 года сям’я жыла ў Быхаве, у 1970 пераехала ў Бялынічы. У 1982 годзе скончыў Бялыніцкую СШ № 2, у 1983 — Бялыніцкае СПТВ-40. У 1984 годзе паступіў у Мінскі інстытут культуры. З восені 1984 па восень 1986 служыў у войску. У 1992 годзе скончыў МІК.
Працаваў ва ўстановах культуры і адукацыі Мінска, Магілёва і Магілёўскай обласці.
З 2022 года жыве ў Вільнюсе.
Творчая біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Стваральнік музычных гуртоў «White Night Blues», «Niestary Band». Удзельнік міжнародных фестываляў. Аўтар кніг прозы «Звычайны шоў-бізнес», публіцыстыкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы», кніг для дзяцей «Чароўныя назвы», «Неверагодны свет» ды іншых.
Таксама ўдзельнік самых розных творчых праектаў у Беларусі і за межамі («Мірнае Мора» (Магілёў), «Збег абставін» (Мінск), «Гудаграй» (Вільнюс), «Dinoz» (Вільнюс) і інш.)
Самастойна пачаў вучыцца граць на гітары, бас-гітары і клавішных ва ўзросце 12-13 гадоў. Зацікавіўся сучаснай рок-музыкай у 4 класе агульнаадукацыйнай школы праз дваюроднага брата, студэнта ВНУ. Вялікі ўплыў на фармаванне музычнага густу аказалі альбомы класікі року пачатку і сярэдзіны 1970-х, якія былі ў братавай калекцыі.
Напрыканцы 1970-х і на пачатку 1980-х спрабаваў свае сілы ў якасці гітарыста і вакаліста ў некалькіх самадзейных ансамблях. Увосень 1982 года, падчас вучобы у СПТВ-40, стварыў першы самастойны рок-гурт «Апошні шанец» («Последний шанс»), які праіснаваў да 1984 года. У 1988, пасля службы ў войску, падчас вучобы ў МІК, разам з удзельнікам першага склада Ігарам Заскевічам гурт быў адноўлены і праіснаваў да пачатку 1989 года.
У 1989 годзе прымаў удзел у рок-фестывалі «Наваполацк-89» (які праз год стаў называцца «Рок-кола») з мінска-полацкім гуртом «Асфальт» (пазней «Тутэйшыя хлопцы»).
У першай палове 1990-х выступаў як аўтар-выканаўца. Прымаў удзел у Магілёўскіх фестывалях аўтарскай песні (атрымаў дыплом ІІІ ступені у 1991, заняў першае месца у 1996). У другой палове 1990-х супрацоўнічаў з магілёўскімі гуртамі «Эйн-Соф», «Fat John & Company», «RinKo», «Інтэрвенцыя Джа».
Напрыканцы 1999 года арганізаваў гурт White Night Blues, з якім прымаў удзел у айчынных і міжнародных фестывалях, запісы якога патрапілі ў шэраг альбомаў і складанак на розных беларускіх лэйблах, у ратацыю на радыёстанцыях і тэлеканалах. Гады творчай актыўнасці — пачатак 2000-х — канец 2010-х. Пасля 2020-га года гурт перыядычна нагадвае пра сябе асобнымі выступамі.
Паралельна з WNB напрыканцы 2002 года быў створаны Niestary Band, рэпертуар якога быў больш рокавага кірунку. Гурт удзельнічаў у шматлікіх рок-фестывалях «Rock-Time» (Магілёў, 2002, 2003), «отНАШЕния» (Магілёў, 2005), «Рок апоўначы» (Віцебск, 2005), «Рок-кола» (Полацк, 2005), «Рок-каранацыя-2006» (Мінск), у якасці музычнага госця на літаратурным фестывалі «Вершы на асфальце»(Мінск, 2016), на альтэрнатыўнай сцэне фестываля «Бард-рыбалка» (2016) і інш.
Як аўтар і выканаўца браў удзел у фестывалях, конкурсах, форумах сучаснага мастацтва «Выявы» (Мінск), «Рытмы і Рыфмы» (Мінск), «Бардаўская Народная Рэспубліка» (Мінск), «Бязмежжа» (Беласток, Польшча), «Вершы на асфальце» (Вільнюс, Літва) ды інш.
Падчас выступлення ў дуэце з Вольгай Акуліч, уладальніцай Гран-пры фестываля аўтарскай песні ОРРА ў Варшаве, быў названы лепшым інструменталістам фестываля (2018); уваходзіў у склад журы рэспубліканскага тэлефестываля «Подых струн» (2016, Маладзечна); у якасці госця запрашаўся на фестываль «Бардаўская восень» (2009, Бельска-Бяла, Польшча).
Неаднаразова прадстаўляў Беларусь за межамі рэспублікі: «Тыдзень беларускай культуры» у Батумі (Грузія), «Беларусь старажытная» (Вільнюс, Літва), «Беларускі кірмаш» (Іркуцк, Расія), выступаў з сольнымі канцэртамі ў Тбілісі, Празе, Кракаве, Варшаве, Беластоку, Вільнюсе ды іншых гарадах замежжа.
Запісаў шэраг дуэтаў з вядомымі беларускімі выканаўцамі — з Пятром Ялфімавым, з гуртом «Крама», з гуртом «Палац», з польскай спявачкай Ілонай Карпюк-Дамброўскай ды інш.
У 2012 годзе прадусаваў выхад «Альбома школьных песень», дзе былі сабраныя і запісаныя творы аўтараў і выканаўцаў з усёй Беларусі на тэмы школьнага жыцця. Пасля чаго адбыўся шэраг прэзентацый альбома ў Магілёве, Бялынічах, Клічаве, Маладзечна, Чысці, Мінску, Беластоку, Вільнюсе.
Літаратурная творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Юрый Несцярэнка піша прозу, вершы, тэксты песень, творы для дзяцей, працуе ў жанры публіцыстыкі, перакладае з польскай, украінскай, ангельскай, расейскай моваў.
У 2015 годзе быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў літаратурных выданнях: «Дзеяслоў», «Літаратурная Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Полымя», «Верасень», «Тэрмапілы», «Бярозка», «Вясёлка», у альманахах «Брама», «Апостраф».
Быў ініцыятарам стварэння «Анталогіі перакладаў расейскай рок-музыкі» (гл. часопіс «Дзеяслоў», № 69). Перакладаў творы Андрэя Макарэвіча (які мае беларускія карані і па бацькоўскай, і па матчынай лініі), пасля чаго легендарны музыкант прыехаў у Мінск і запісаў сваю песню «Снег» на беларускай мове.
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Звычайны шоу-бізнес» : апавяданні / Юры Несцярэнка; прадм. Л. Рублеўскай. — Мінск : Кнігазбор, 2015
- «Маё мястэчка ў часе і прасторы» : краязнаўчыя нарысы / Юры Несцярэнка; прадм. І. Шарухі. — Мінск : Зміцер Колас, 2015
- «Чароўныя назвы» : творы для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Дзед Бялын (Юры Несцярэнка). — Мінск : Каўчэг, 2020
- «Неверагодны свет» : дзіцячыя загадкі-рыфмаванкі / Юры Несцярэнка. — Мінск : Тэхналогія, 2022
- «Мой прекрасный шанс» : аўтабіяграфічныя нататкі пра гурт «Апошні шанец», на рускай мове / Юрий Нестеренко. — Минск : Ковчег, 2024. Кніга + 1 апт. дыск CD
Дыскаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- «Свята Вялікіх Дажджоў» : альбом аўтарскіх песень пры ўдзеле гуртоў «White Night Blues», «Niestary Band», «Крама», «Палац», «Осіміра»/ Юры Несцярэнка. — Мінск, Каўчэг, 2006
- «Пиротехнические этюды» : альбом аўтарскіх песень на рускай мове / Юрий Нестеренко. — Минск, Ковчег, 2007
- «Последний шанс. Песни Юрия Нестеренко» : альбом, падрыхтаваны да 30-годдзя гурта «Апошні шанец», на рускай мове / Юрий Нестеренко. — Минск, Ковчег, 2012
- «Аэрапланы ў вырай» : альбом аўтарскіх песень пры ўдзеле Ілоны Карпюк-Дамброўскай, гуртоў «White Night Blues» і «Niestary Band» / Юры Несцярэнка. — Каўчэг, 2014
- «Свята на дваіх» : альбом дуэтаў / Юры Несцярэнка. — Каўчэг, 2015
- «Найлепшае свята» : складанка выбраных твораў, першы альбом з серыі «55 песень», прысвечанай юбілею музыканта / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Вясёлка перадусім» : другі альбом з серыі «55 песень Юрыя Несцярэнкі», прысвечанай 55-годдзю аўтара / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Не так хутка, калі ласка» : альбом з серыі «55 песень», дзе сабраныя толькі павольныя кампазіцыі / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Акустыка» : альбом утрымлівае 15 трэкаў, з дапамогай якіх адлюстроўваецца геаграфия жывых выступленняў у розных гарадах на радзіме і ў замежжы / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Ад Варшавы ў бок Сонца» : альбом, звязаны з музычнай культурай Польшы — кавер-версіі польскай класікі рока і блюза, выкарыстоўванне перакладаў тэкстаў з польскай на беларускую і з беларускай на польскую ў аўтарскіх кампазіцыях ды інш., з серыі «55 песень» / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Мой прекрасный шанс» : песні гурта «Апошні шанец», напісаныя ў 1980-х гадах, серыя «55 песень» / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Цудоўны шанец для маёй гітары» : інструментальныя п’есы і версіі песень з серыі «55 песень» / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Неабмежавана» : інструментальныя творы авангарднага кірунку, частка з іх запісана і апрацавана ў студыі, а частка створана падчас інтуітыўнага музіцыравання на жывых выступленнях (некаторыя з выкарыстоўваннем вершаў), з серыі «55 песень» / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Час пісаць песні» : архіўныя студыйныя і канцэртныя запісы гурта «Мірнае мора», створанага ў 2014 годзе, як дуэт аўтараў і выканаўцаў / Ірына Снапкова і Юрый Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «АЛЬБОМ НЕ В ЛОМ. Солдат и Нестор» : дэма-альбом, які складаецца з песень, сумесна напісаных лідарам гурта «Лекарство от меланхолии» (тэксты) і лідарам гурта «Niestary Band» (музыка, аранжыроўка). Уваходзіць у серыю «55 песень» / Яўген Салдаценка, Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «Всё отлично!» : архіўны дэма-запіс гурта «Niestary Band», зроблены ў 2003 годзе ў рэпетыцыйных умовах як чарнавы матэрыял для далейшай працы ў студыі. Меркавальна альбом мог у перспектыве патрапіць у серыю «55 песень» / Niestary Band. — Show-biz.by, 2020
- «Три концерта» : запісы жывых выступаў 2003 года / Niestary Band. — Show-biz.by, 2020
- «Reggae Not For Children» : кампазіцыі ў стылі рэгі, запісаныя ў розныя гады / Юры Несцярэнка. — Show-biz.by, 2020
- «У святле чырвонага ліхтара» : незвычайны альбом загадкавых персанажаў з дзіўнымі імёнамі / БАРДосік і нестаРОК. — Show-biz.by, 2020
- «Там так. Песьні Юрыя Несцярэнкі ў выкананні беларускіх музыкантаў» : падназва альбома «З дапамогай маіх сяброў» / розныя выканаўцы — Show-biz.by, 2020
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Блюз белай ночы Юрыя Несцярэнкі» : зборнік артыкулаў з рэспубліканскай прэсы / уклад. У. Кузьмін. — Мінск : Каўчэг, 2022
- Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Дз. Падбярэзскі і інш. — Мінск : Зміцер Колас, 2008
- Бялыніччына: краязнаўчы энцыклапедычны даведнік / уклад. М. Карпечанка. — Мінск, Выд. В. Хурсік, 2011