Яшчар (гульня)
| Яшчар | |
|---|---|
| Афіцыйна | народная гульня моладзі |
«Яшчар» — народная гульня, якая была распаўсюджана па тэрыторыі Беларусі і ладзілася ў часы каляднага цыклу. Народная гульня моладзі «Яшчар» вёскі Гута (Пастаўскі раён) з’яўляецца элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Агульная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Народная гульня «Яшчар» была распаўсюджана сярод моладзі на Пастаўшчыне яшчэ ў сярдэдзіне ХХ ст. У перыяд адраджэння нацыянальнай традыцыйнай культуры ў канцы ХХ ст. моладзь зноў пачала ладзіць гульню «Яшчар» у сваім асяроддзі, якая на сённяшні дзень актыўна практыкуецца ў вёсцы Гута ўдзельнікамі фальклорнага гуртка пры сацыяльна-культурным цэнтры. Гульня «Яшчар», на думку навукоўцаў, мае старажытнае паходжанне, аб гэтым сведчыць як назва гульні, што ўвасабляе архаічную міфалагічную істоту, так і асноўныя сэнсатворныя прыкметы — выбар на ролю Яшчара хлопца, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго. Падчас карагоду Яшчару прапануецца выбраць сабе «панну». У яе, як і ва ўсіх астатніх дзяўчат, ён забірае хустку або вянок, пасля кожная дзяўчына спявае Яшчару песню і выконвае розныя яго заданні, каб вярнуць сваю рэч. Гульня заахвочвае да творчага самавыяўлення, кемлівасці, дасціпнасці, эмацыянальнай экспрэсіі, развівае майстэрства выбудоўвання ўзаемаадносін, выкарыстання музычных, песенных, вершаваных, танцавальных складнікаў.
Гульня на Пастаўшчыне традыцыйна ладзіцца ў калядны, купальскі і велікодны перыяд падчас правядзення вячорак з разнастайнымі народнымі гульнямі, песнямі і танцамі пад акампанемент мясцовых музыкаў. Старэйшыя школьнікі пераймаюць гульнёвыя традыцыі падчас сустрэч са старэйшымі жыхарамі навакольных вёсак і з вялікай ахвотай актуалізуюць іх пры падтрымцы кіраўніка гуртка, мясцовых музыкаў, спецыялістаў устаноў культуры раёна. Паглядзець на гульні моладзі прыходзяць бацькі, настаўнікі, старэйшыя жыхары вёсак, якія рады бачыць, што іх культурная спадчына пераймаецца маладымі[1].
Ідэнтыфікацыя і апісанне элемента
[правіць | правіць зыходнік]Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі:
[правіць | правіць зыходнік]Народныя гульні, якія дайшлі да нас, выконваюць такія асноўныя функцыі для спажыўцоў традыцыі, як асветніцкая, кансалідуючая, сацыялізуючая, эстэтычная. Асветніцкая функцыя для моладзі вызначаецца ў далучэнні ўдзельнікаў да гістарычных рэалій даўнейшых часоў, форм жыццядзейнасці і баўлення вольнага часу беларусаў ў рэтраспектыве. Кансалідуючая функцыя выяўляецца ў аб’яднанні пэўнай супольнасці в. Гута і навакольных вёсак — удзельнікаў фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ, іх бацькоў, настаўнікаў, носьбітаў традыцый, якія аб’ядноўваюцца, каб падтрымліваюць гэтыя элементы народнай культуры, падчас практыкі каторых адбываецца сацыялізацыя маладых людзей, удасканальваюцца навыкі ўзаемадзеяння, у тым ліку з прадстаўнікамі працілеглага полу. Эстэтычны кампанент народных гульняў для спажыўцоў традыцыі выступае як творчае самавыяўленне, эмацыянальная экспрэсія, бо выкарыстоўваюцца таксама музычныя, песенныя, вершаваныя, танцавальныя складнікі. Менавіта гульня «Яшчар», якая спалучае традыцыйныя і імправізацыйныя элементы, выконвае як кансалідуючую функцыю ў свядомасці ўдзельнікаў і назіральнікаў, так і сацыялізуючую, спрыяючы зносінам і новым знаёмствам маладых людзей. Выяўляецца і эстэтычная функцыя гульні, дзе разам з яе сімволіка-рытуальнай формай, маюцца магчымасці мастацкай самарэалізацыі і псіхалагічнага самавыяўлення, што з’яўляецца актуальным і сёння для спажыўцоў традыцыі. Адукацыйная функцыя для настаўнікаў і бацькоў назіраецца ў далучэнні моладзі да традыцыйнай культуры роднага краю. Такія веды карысныя для педагогаў і культработнікаў пры арганізацыі пазнавальна-выхаваўчай дзейнасці ва ўстановах культуры і адукацыі пры правядзення святочных і культурна-адпачынкавых праграм па народных традыцыях. Для носьбітаў гульня «Яшчар», як і іншыя элементы народнай культуры, выконваюць сацыялізуючую і мастацкую функцыі, бо яны маюць магчымасць далучыцца да супольнасці, ўспомніць сваю маладосць, адчуць яркія станоўчыя эмоцыі. Вечарыны па народных традыцыях ў Гуцкім СКЦ могуць стаць цікавымі для турыстаў і гасцей гэтай мясцовасці, выконваць функцыю рэсурса турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Элемент НКС — гульня «Яшчар» па даследаваннях этнографаў, што будзе падрабязней паказана ніжэй, узыходзіць да славянскай раннетрадыцыйнай культуры язычніцкіх часоў і ўяўляе сабой старажытны помнік нематэрыяльнай культуры. На працягу часоў гульня працярпела пэўныя трансфармацыі, мае мясцовыя асаблівасці, якія таксама выкладаюцца асобна і даюць магчымасць вызначыць навуковую, гістарычную, мемарыяльную і мастацкую каштоўнасці гэтай адметнай з’явы народнай культуры[2].
Паходжанне элемента:
[правіць | правіць зыходнік]У энцыклапедыі «Міфы народаў свету» В. В. Іваноў на аснове даследаванняў розных культур вызначае, што вобраз змея (або цмока, яшчара і да т.п.) прадстаўлены амаль ва ўсіх вядомых міфалагічных сістэмах чалавецтва і звязаны з урадлівасцю, зямлёй, жанчынай, яе пладавітасцю, вадой, дажджом з аднаго боку, а з другога — з агнём, дамашнім вогнішчам, мужчынскай апладняльнай сілай. Фіксацыі і даследаванні гульні «Яшчар» (або «Яшчур») на Беларусі зроблены шэрагам навукоўцаў. У пачатку ХХ ст. уяўленні беларусаў аб Змеі — Цмоку — Яшчару занатаваў М. Я. Нікіфароўскі. Паводле М. А. Федароўскага — «гэта такая фігура, якая абкружана таямнічасцю і славіцца як спакуснік дзявочай цнатлівасці і сквапна на шлюбны вянок»[3].
Адпаведныя матэрыялы беларускай этнаграфіі можна знайсці ў працах канца ХІХ - пачатку ХХ ст.ст. М. В. Доўнар-Запольскага, Я. Ф. Карскага, К. Машынскага, І. А. Сербава, П. В. Шэйна. Старажытная летняя абрадавая дзея ўсходніх славян, што дайшла да нашых дзён у форме гульні «Яшчар», па меркаванні вядомых даследчыкаў славянскай культуры Б. А. Рыбакова, Т. А. Бернштама, Н. К. Казлова мае дачыненне да рытуальнага шлюбу з татэмнай істотай і выбудоўваннем з ёй пазітыўных адносін. Цэнтральную ролю ў гульні выконваў сімвал дзявочай нявіннасці — вянок, які пазней, тым больш узімку, стаў замяняцца на іншыя жаночыя рэчы-прыналежнасці — хустку, пярсцёнак, грабеньчык і г. д. Іх патрабавалася выкупіць у хлопца-Яшчара розным шляхам: не засмяяцца, калі Яшчар смешыць, ці трэба яго пацалаваць, ці выканаць якое іншае заданне. У працы сучаснай беларускай даследчыцы Т. Бярковіч «Песенна-гульнявыя дзеі перыяду сонцавароту ў этнамузычнай традыцыі беларусаў» адзначаецца прымеркаванасць гульні «Яшчар» на большай частцы тэрыторыі Беларусі да Каляд. Аднак, згодна запісам А. Я. Багдановіча канца ХІХ ст., у Барысаўскім павеце ў «Яшчара» гулялі дзеці і падлеткі «узімку ў хаце, увесну — на лужку». Варыянты «Яшчара» як вяснова-летняй гульні зафіксаваны і іншымі фалькларыстамі, а таксама запісаны на Пастаўшчыне. Сустракаюцца гульні з падобным сюжэтам або назвамі на тэрыторыі суседніх краін, напрыклад, руская веснавая гульня «Олей», дзіцячая гульня «Яша» і інш. Беларускі навуковец А. Лозка, які сабраў некалькі дзесяткаў запісаў гульні «Яшчур» («Яшчар») адзначае, што «беларускія варыянты выглядаюць больш кансерватыўнымі, архаічнымі», а прыпеў «ладу, ладу», вядомы ў шматлікіх праявах фальклору, у дачыненні да гульні «Яшчур» — сведчанне «злучэння двух культаў — гаспадара ніжняга свету і вялікай багіні вяснова-летняй урадлівасці, царыцы вяселляў, шлюбнага жыцця». Запісы гульні «Яшчур» А.Лозка змясціў таксама ў грунтоўных выданнях «Гульні, забавы, ігрышчы» (1996, 2000, 2003) і «Беларуская фалькларыстыка: народныя гульні» (2012, 2014). Трансфармаваная накшталт варыянтаў гульняў «У жмуркі» ці «Сляпы музыка», прымеркаваная да лета, дзіцячая гульня «Яша», зафіксавана ў в. Стаўры Аршанскага раёна М. А. Козенкам. Трэба адзначыць захаванасць «слепаты» галоўнага героя ў згаданых гульнях, бо Яшчур па сваёй хтанічнай прыродзе мог быць «сляпым» (па меркаванні лінгвіста Р. В. Якабсона, на якое спасылаецца расійская даследчыца Н. К. Казлова, марфема «шчур» абазначае недахоп святла). Варыянты гульні занатаваныя І. І. Круком, знаходзім у выданні «Народны тэатр» і інш. крыніцах. Такім чынам, вобраз Яшчара можна вызначыць як старажытнага міфічнага персанажа, сакральнага сімвала дзявочага сталення, які з часам стаў вядучым героем папулярнай забавы моладзі. Мяркуецца, што «вярнуць сабе вянок — гэта як прайсці абрад ініцыяцыі, атрымаць ад міфічнай істоты ласку, якая дапаможа ў будучым паспяхова выйсці замуж». Запісы гульні «Яшчар» з Пастаўшчыны і суседніх раёнаў былі выкарыстаны ў працах беларускіх навукоўцаў Т. Бярковіч і І. А. Алекснінай, якая робіць высновы, што гэта гульня «паступова губляе свой першапачатковы язычніцкі сэнс, уяўляе сабой гульнёвую тэатралізацыю з элементамі імправізацыі». Запісы з Пастаўшчыны, далі падставу Т. Бярковіч вызначыць музычны вобраз напеву ў другой частцы гульні як набліжаны да жалобных вясельных напеваў. Аўтар робіць выснову аб прымеркаванні гэтай дзеі да раннетрадыцыйнай культуры. Экспедыцыйная работа па зборы фальклорных і этнаграфічных матэрыялаў праводзіцца ў Цэнтры культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна мэтанакіравана на працягу 26 год з самага яго заснавання. На тэрыторыі раёна сабрана каля 20 запісаў гульні «Яшчар», атрыманых вусным шляхам ад носьбітаў традыцыйнай культуры. Зроблена фіксацыя элемента шляхам тэкставага апісання, фатаграфавання, відэа- і аўдыязапісаў. Правядзенне гульні мае некаторыя адрозненні ў розных мясцінах Пастаўшчыны ў напевах і ходзе гульні, але застаюцца нязменнымі асноўныя сэнсатворныя прыкметы — выбар галоўнага героя — Яшчара, якога пераапранутым садзяць у цэнтры, і рух карагода дзяўчат з песняй вакол яго.
Гульня «Яшчар» аднаўлялася моладдзю ў 1990-х гадах падчас актыўнага адраджэння мясцовай традыцыйнай культуры ў клубных установах, выкарыстоўвалася ў фальклорных імпрэзах Нядзельнага ліцэя беларускай культуры, які быў створаны намаганнямі супрацоўнікаў раённага вучэбна-метадычнага цэнтра аддзела культуры, настаўнікаў Пастаўскай дзіцячай мастацкай школы і агульнаадукацыйных школ раёна з удзелам краязнаўцаў Пастаўшчыны. Пачынаючы з 2012 года гульня штогод ладзіцца ў перыяд Купалля і Каляд моладдзю фальклорнага гуртка Гуцкага СКЦ на традыцыйных вячорках, мерапрыемствах паводле народных святаў, гісторыка-культурных акцыях «Святкуем па-беларуску», якія арганізуюць культработнікі Пастаўшчыны, праводзіцца падчас мерапрыемстваў, прысвечаных народным традыцыям у школах і лагерах адпачынку Пастаўскага раёна[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ ГУ «Витебский ОМЦНТ». Народная гульня моладзі «Яшчар» вёскі Гута Пастаўскага раёна (недаступная спасылка). ГУ «Витебский областной методический центр народного творчества».
- ↑ Народная гульня моладзі «Яшчар» у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці . Жывая спадчына Беларусі: інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
- ↑ У.А. Васілевіч. Міфы бацькаўшчыны. — Мн.: Бел. Энцыкл., 1994. — С. 81. — 109 с. — ISBN 5-85700-162-5.
- ↑ Л.Я. Чатовіч Народная гульня моладзі «Яшчар» на Пастаўшчыне як архаічная праява нацыянальнай нематэрыяльнай спадчыны і гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A, Гуманитарные науки : часопіс. — 2019. — №1 — С. 136–145.