Андрэй Крыжаніўскі
| Андрэй Крыжаніўскі | |
|---|---|
| Андрій Крижанівський | |
| Асабістыя звесткі | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | украінскі празаік, крытык. |
Андрэй Крыжаніўскі, укр. Андрій Крижанівський (13 красавіка 1906, Радам, Мазавецкае ваяводства — ?) — украінскі празаік, крытык, вырас у Брэсце.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын украінскага дзеяча Міколы Крыжаніўскага.
Юнацтва прайшло ў Брэсце. У 1926 годзе скончыў Прыватную расійскую гімназію Брэста.
Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў) і Вышэйшай гандлёвай школе ў Познані[1].
З 1933 года ў Варшаве, разам з сябрам па брэсцкай гімназіі Барысам Альхіўскім стварыў літаратурны часопіс “Мы”, вакол якога гуртаваліся ўкраінскія пісьменнікі Польшчы.
Сябраваў з дачкой кіраўніка УНР Андрэя Лівіцкага паэткай Наталляй Лівіцкай-Халоднай. Сустракаліся на дачах каля Тамашоўкі (Брэсцкі раён), дзе прэзідэнт Лівіцкі здымаў летні дом[2].
«Ён меў вострае пяро, бліскучы літаратурны талент і гарачы тэмперамент, – успамінала Наталля. – Але Крыжаніўскі належаў да тых трагічных фігур, якія знішчаюць самі сябе, бо няздольныя ўтаймаваць свой дзікі тэмперамент, свой запал і свае амбіцыі. Яны ідуць за першым штуршком пачуццяў, якое зводзіць іх з праведнага шляху»[2].
У канцы 1930-х гадоў перажываў творчы крызіс, алкагалізм. Сябар Барыс Альхіўскі запісаў у дзённіку: «Крыжаніўскі звар’яцеў». Пісьменнік пасварыўся з калегамі, быў выведзены са складу рэдакцыі часопіса «Мы».
Пра канец жыцця вядома з успамінаў Наталлі Лівіцкай-Халоднай: «Крыжаніўскі спіўся і, нават не прызнаўшыся, што ён украінец, памёр у нейкім польскім лагеры ў Германіі недзе пасля 1950 года».
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дэбютаваў у 1927 годзе аповесцю “Східний поїзд” у часопісе “Літературно-науковий вісник” (Львоў). У 1929 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яданне “Танк”.
Стыль першых твораў — гераічны рамантызм з элементамі загадкавасці, сарказму, сатыры. Асноўная тэма — просты ўкраінец і барацьба за незалежнасць, маральны выбар. Калегі называлі яго “першым сапраўдным белетрыстам”.
Пад псеўданімамі пісаў рэцэнзіі. У 1938 годзе пад псеўданімам Святаслаў Даленга выдаў кнігу «Донцовщина» (з прадмовай Барыса Альхіўскага), скіраваную супраць палітыка і публіцыста Дзмітрыя Данцова, які высока цаніў талент Крыжаніўскага і апублікаваў яго першыя творы.
Творы Крыжаніўскага на сайце Diasporiana
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ О. Л. Ільїн Крижанівський Андрій Миколайович(укр.) // Енциклопедія Сучасної України. — 2014-12-12.
- ↑ а б Олександр Ільїн Андрій Крижанівський — український письменник-неоромантик із Берестейського Полісся // Справа. — 2016. — Т. Выпуск 3. — С. 122.