Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка
рэспубліка Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка бел. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка | |||||
| |||||
Дэвіз | Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! | ||||
---|---|---|---|---|---|
Гімн | Гімн Беларускай ССР | ||||
![]() | |||||
1 студзеня 1919 — 25 жніўня 1991 | |||||
Кароткая назва | Беларуская ССР | ||||
Сталіца | Менск | ||||
Афіцыйная мова | беларуская, расейская[1] | ||||
Афіцыйная рэлігія | бязбожжа (дэ-факта) | ||||
Этнахаронім | беларусы | ||||
Супольныя граніцы | Польская Народная Рэспубліка, Летувіская ССР, Латвійская ССР, Расейская СФСР, Украінская ССР | ||||
Форма ўраду | аднапартыйная дыктатура | ||||
Ідэалёгія | марксізм-ленінізм | ||||
Заканадаўчы орган | Вярхоўны Савет | ||||
Сябра ў | Савецкі Саюз, ААН | ||||
Плошча | 207 600 км² | ||||
Насельніцтва | 10 199 709 (1989) | ||||
Валюта | савецкі рубель | ||||
Кіраўніцтва дзяржавы | |||||
Старшыня Вярхоўнага Савету | Станіслаў Шушкевіч | ||||
Старшыня Савету міністраў | Вячаслаў Кебіч | ||||
Гісторыя | |||||
Удзел у канфліктах | Польска-савецкая вайна, Другая сусьветная вайна | ||||
1922 | Дамова аб утварэньні СССР | ||||
1945 | Уступленьне ў ААН | ||||
Белару́ская Саве́цкая Сацыялісты́чная Рэспу́бліка (скар. БССР)[a] — дзяржава ва Ўсходняй Эўропе, якая існавала ад 1919-га па 1991 год.
Была адной з чатырох рэспублік, якія ў сьнежні 1922 году ўтварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. У Дзень Адраджэньня незалежнасьці 25 жніўня 1991 году на яе аснове ўтварылася Рэспубліка Беларусь.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Утварэньне Беларускай ССР адбылося згодна з пастановай VI Паўночна-Заходняй канфэрэнцыі РКП(б) (30—31 сьнежня 1918 году, Смаленск) у межах Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай, Менскай губэрняў, беларускіх паветаў Смаленскай губэрні і частак Віленскай, Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губэрняў. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2 студзеня 1919 году абнародаваў Маніфэст аб абвяшчэньні ССРБ. 8 студзеня 1919 года Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і Цэнтральнае Бюро КП(б)Б пераехалі з Смаленску ў Менск.
Утварэньне БССР адбылося ў адказ на абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, што ад пачатку прызнавалася на афіцыйным узроўні — як зазначаў першы савецкі камісар фінансаў Беларусі Ісак Рэйнгольд на паседжаньні Цэнтральнага Бюро КП(б)Б 22 студзеня 1919 году[3]:
![]() |
Існаваньне Беларускай Рады змусіла вылучыць Беларускую [Савецкую] Рэспубліку Арыгінальны тэкст (рас.)
Существование Белорусской Рады заставило выдвинуть Белорусскую [Советскую] Республику
|
![]() |
16 студзеня 1919 года ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркаваньня з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б пастанавіў вылучыць з складу Савецкай Беларусі значную частку ўсходніх этнічна беларускіх земляў — Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губэрні. 31 студзеня 1919 году ўрад Савецкай Расеі прыняў пастанову «Аб прызнаньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі» — ССРБ фармальна выйшла з складу РСФСР, тым чаам вылучаныя раней усходнебеларускія землі засталіся ў складзе Савецкай Расеі. Першы Ўсебеларускі зьезд Саветаў (2—3 лютага 1919 году, Менск) ухваліў ўтварэньне незалежнай Беларускай ССР, зацьвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі 1919 году, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР), пацьвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторыяў Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў, прыняў пастанову аб улучэньні Савецкай Беларусі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Літвы і Беларусі.
Па заняцьці бальшавікамі ўлетку 1920 году ўсёй тэрыторыі Беларусі 31 ліпеня 1920 году сход прадстаўнікоў Кампартыі Летувы і Беларусі, савецкіх і прафсаюзных арганізацыяў Менску і Менскай губэрні прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі.

Згодна з савецка-польскай Рыскай мірнай дамовай 1921 году вялікая частка навукова вызначаных этнічна беларускіх земляў (Заходняя Беларусь) апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, улады якой ня толькі не надалі беларусам нейкай палітычнай аўтаноміі, але чынілі перашкоды разьвіцьцю беларускай адукацыі і культуры (напрыклад, ужо ў 1920 годзе польскія ўлады зачынілі Будслаўскую беларускую гімназію). У 1920-х — 1930-х афіцыйнымі былі прынятыя чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, расейская, польская і ідыш.

У выніку нападу СССР на Польскую Рэспубліку ў 1939 годзе значную частку заходніх этнічна беларускіх земляў улучылі ў склад Беларускай ССР, тым часам да Ўкраінскай ССР далучылі частку Піншчыны з Высоцкам, Дольскам, Дубровіцай, Любяшовам, Нобелем і Пагостам Зарэчным, а ў склад Трэцяга Райху перадалі заходнюю Берасьцейшчыну і паўночна-заходнюю частку Гарадзеншчыны. Неўзабаве Сталін перадаў Летуве большую частку Віленшчыны зь Вільняй, а таксама паўднёва-ўсходнюю Троччыну з Трокамі і частку Браслаўшчыны, у кастрычніку 1940 году да іх дадаліся раней афіцыйна далучаныя да БССР часткі Гарадзеншчыны з Друскенікамі і Ашмяншчыны з Гадуцішкамі, Дзевянішкамі, Салечнікамі і Сьвянцянамі[4]. У выніку нападу на СССР у 1941 годзе войскі Трэцяга Райху акупавалі ўсе гэтыя тэрыторыі. У 1944 годзе іх зноў заняла Чырвоная Армія
Па заканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў 1945 годзе Масква перадала камуністычнай Польшчы ўсё Падляшша, заходнюю Гарадзеншчыну (Васількаў, Гарадок, Дуброву Гарадзенскую, Заблудаў, Карыцін, Крынкі, Кузьніцу, Ліпск, Саколку, Сідру, Супрасьлю, Сухаволю, Штабін, Янаў) і частку Ваўкавышчыны зь Ялоўкай. Пры разглядзе нямецка-савецкая вайны (г. зв. «Вялікай Айчыннай вайны») у якасьці асобнай вайны (а ня як эпізоду Другой сусьветнай вайны[5]) у яе выніку Беларусь стала адзінай афіцыйнай краінай-пераможцай, якая пры гэтым нароўні зь пераможаным Трэцім Райхам і ягонымі хаўрусьнікамі страціла частку сваёй тэрыторыі — этнічныя беларускія землі Падляшша, а таксама частку гістарычных Берасьцейшчыны, Гарадзеншчыны і Ваўкавышчыны[6].
Па вайне БССР стала адным зь сяброў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
27 ліпеня 1990 году парлямэнт БССР абвясьціў пра дзяржаўны сувэрэнітэт рэспублікі, а 25 жніўня 1991 году — пра незалежнасьць Беларусі. 19 верасьня 1991 году назву БССР зьмянілі на Рэспубліку Беларусь[7]. 8 сьнежня 1991 году ў вёсцы Віскулях каля Берасьця на падставе Белавескіх пагадненьняў адбылося падпісаньне пастановы аб ліквідацыі СССР. У гэты ж дзень Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка спыніла сваё існаваньне, яе наступнікам стала незалежная Рэспубліка Беларусь.
Плошча і насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Год | Плошча (тыс. км²) |
Насельніцтва (млн ч.) |
---|---|---|
1921 | 52,4 | 1,544 |
1924 | 110,6 | 4,2 |
1926 | 126,3 | 4,9 |
1939 | 223 | 10,2 |
1959 | 207,6 | 8,06 |
1970 | 207,6 | 9,002 |
1979 | 207,6 | 9,53 |
1989 | 207,6 | 10,15 |
1991 | 207,6 | 10,3 |
Буйныя гарады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржаўны лад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйна БССР была створаная як дзяржава дыктатуры пралетарыяту, у якой уся ўлада належала выключна Радзе працоўных дэпутатаў. Але цалкам улада была засяроджана ў партыі — КПБ. Найвышэйшымі органамі ўлады ў 1919—1937 гадах былі Зьезды Радаў, у 1937—1991 — Вярхоўная Рада. Выканаўчая ўлада належала спачатку Вялікаму прэзыдыюму ЦВК, затым — саўнаркому, і ў рэшце рэшт Саўміну. У БССР на працягу ўсяго яе існаваньня не прызнавалі падзел уладаў.
Паводле 68-га артыкула Канстытуцыі Беларускай ССР 1978 году, Беларуская ССР вызначалася як «сувэрэнная дзяржава». Пры гэтым згадвалася, што «ў мэтах забесьпячэньня абароны краіны» Беларуская ССР «аб'ядналася ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — адзіную саюзную шматнацыянальную дзяржаву» разам з 14-ю іншымі рэспублікамі «ў выніку свабоднага самавызначэньня яе народу, на аснове добраахвотнасьці і раўнапраўя». Урэшце, падкрэсьлівалася, што «Беларуская ССР самастойна ажыцьцяўляе дзяржаўную ўладу на сваёй тэрыторыі». Згодна з 69-м артыкулам Беларуская ССР захоўвала за сабой права свабоднага выхаду з СССР. Паводле 70-га артыкула, вядзеньню Беларускай ССР у асобе яе вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня падлягалі:
- «прыняцце Канстытуцыі Беларускай ССР і ўнясеньне ў яе зьмяненьняў;
- кантроль за захаваньнем Канстытуцыі Беларускай ССР;
- заканадаўства Беларускай ССР;
- устанаўленьне парадку арганізацыі і дзейнасьці рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіраваньня;
- ахова дзяржаўнага парадку, правоў і свабодаў грамадзянаў;
- правядзенне адзінай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, кіраўніцтва эканомікай Беларускай ССР; # забеспячэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу і ажыцьцяўленне мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстаньні і ахове прыродных рэсурсаў;
- распрацоўка і зацьвярджэньне дзяржаўных плянаў эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця Беларускай ССР, дзяржаўнага бюджэту Беларускай ССР і зацьвярджэньне справаздачаў аб іх выкананьні;
- кіраўніцтва ажыцьцяўленьнем бюджэтаў вобласьцяў і гораду Менску;
- устанаўленьне ў адпаведнасьці з заканадаўствам Саюзу ССР даходаў, якія паступаюць на ўтварэньне дзяржаўнага бюджэту Беларускай ССР;
- кіраўніцтва галінамі народнай гаспадаркі саюзна-рэспубліканскага і рэспубліканскага падпарадкаваньня, аб’яднаннямі і прадпрыемствамі рэспубліканскага падпарадкаваньня;
- агульнае кіраўніцтва аб’яднаньнямі і прадпрыемствамі мясцовага падпарадкаваньня;
- устанаўленьне парадку карыстаньня зямлёй, нетрамі, водамі, лясамі;
- ахова навакольнага асяродзьдзя;
- кіраўніцтва жыльлёвай і камунальнай гаспадаркай, гандлем і грамадзкім харчаваньнем, побытавым абслугоўваньнем насельніцтва, жыльлёвым будаўніцтвам і добраўпарадкаваньнем гарадоў і іншых населеных пунктаў, дарожным будаўніцтвам і транспартам;
- кіраўніцтва народнай асьветай, культурнымі і навуковымі арганізацыямі і ўстановамі Беларускай ССР, аховай здароўя, фізычнай культурай і спортам, сацыяльным забесьпячэньнем;
- ахова помнікаў гісторыі і культуры;
- прадстаўніцтва Беларускай ССР у міжнародных адносінах;
- амністыя і памілаваньне грамадзянаў, асуджаных судамі Беларускай ССР»[1].
У 73-м артыкуле Канстытуцыі 1978 году згадвалася, што «тэрыторыя Беларускай ССР ня можа быць зьмененая безь яе згоды». Пры гэтым згодна зь 74-м артыкулам Беларуская ССР мела «права ўступаць у адносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі дамовы і абменьвацца дыпляматычнымі і консульскімі прадстаўнікамі, удзельнічаць у дзейнасьці міжнародных арганізацыяў»[1].
Паводле 79-га артыкула Канстытуцыі, тэрмін паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Беларускай ССР складаў 5 гадоў, а мясцовых Саветаў народных дэпутатаў — 2,5 гады. Згодна з 80-м артыкулам Саветы народных дэпутатаў выбіралі пастаянныя камісіі, стваралі выканаўчыя і распарадчыя органы. У 81-м артыкуле прадугледжвалася ўтварэньне Саветамі «органаў народнага кантролю». Паводле 85-га артыкула, на выбарах дэпутатаў ва ўсе Саветы народных дэпутатаў усе грамадзяне Беларускай ССР, якія дасягнулі 18 гадоў, мелі права выбіраць і быць выбранымі, за выняткам асобаў, прызнаных ва ўстаноўленым законам парадку страціўшымі розум. Згодна з 89-м артыкулам права вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты належала «арганізацыям Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу, прафэсійных саюзаў, Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюзу моладзі, каапэратыўным і іншым грамадзкім арганізацыям, працоўным калектывам, а таксама сходам вайскоўцаў па вайсковых часьцях». У 90-м артыкуле прадугледжвалася, што «правядзеньне выбараў у Саветы забясьпечваюць выбарчыя камісіі, якія ўтвараюцца з прадстаўнікоў ад грамадскіх арганізацыяў, працоўных калектываў і сходаў вайскоўцаў па вайсковых часьцях»[1].
Вярхоўны Савет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 98-га артыкула Канстытуцыі БССР 1978 году, Вярхоўны Савет Беларускай ССР складаўся з 485 дэпутатаў, якіх выбіралі па выбарчых акругах з роўнай колькасьцю насельніцтва. Вярхоўны Савет выбіраў старшыню і 4-х ягоных намесьнікаў. Згодна са 101-м артыкулам права заканадаўчай ініцыятывы належала Прэзыдыюму, камісіям і дэпутатам Вярхоўнага Савету, а таксама Савету міністраў, Вярхоўнаму суду і пракурору Беларускай ССР. Таксама права заканадаўчай ініцыятывы мелі рэспубліканскія органы грамадзкіх арганізацыяў. У 103-м артыкуле згадвалася, што «Законы Беларускай ССР, пастановы і іншыя акты Вярхоўнага Савету Беларускай ССР публікуюцца на беларускай і расейскай мовах за подпісамі старшыні і сакратара Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР»[1].
Згодна са 104-м артыкулам Канстытуцыі 1978 году дэпутат Вярхоўнага Савету БССР меў «права зьвярнуцца з запытам да Савету міністраў Беларускай ССР, да міністраў і кіраўнікоў іншых органаў, якія ўтвараюцца Вярхоўным Саветам Беларускай ССР, а таксама да кіраўнікоў разьмешчаных на тэрыторыі Беларускай ССР прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў саюзнага падпарадкаваньня». Пры гэтым Савет міністраў Беларускай ССР або службовая асоба, да якой накіравалі запыт, былі «абавязаныя даць вусны або пісьмовы адказ на гэтай сесіі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР». У 105-м артыкуле прадугледжвалася, што «дэпутат Вярхоўнага Савету Беларускай ССР ня можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці, арыштаваны або падвергнуты захадам адміністрацыйнага спагнаньня, якія накладваюцца ў судовым парадку, бяз згоды Вярхоўнага Савету Беларускай ССР, а ў пэрыяд паміж яго сэсіямі — бяз згоды Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларускай ССР». Паводле 107-га артыкула, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету выбіраўся зь ліку дэпутатаў у складзе старшыні, 2-х намесьнікаў, сакратара і 15 сябраў. У 108-м артыкуле згадвалася, што Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Беларускай ССР:
- «прызначае выбары ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў;
- склікае сэсіі Вярхоўнага Савету Беларускай ССР;
- каардынуе дзейнасьць пастаянных камісіяў Вярхоўнага Савету Беларускай ССР;
- ажыцьцяўляе кантроль за захаваньнем Канстытуцыі Беларускай ССР;
- прызначае выбары ў раённыя (гарадзкія) народныя суды;
- дае тлумачэньне законаў Беларускай ССР;
- ажыцьцяўляе кіраўніцтва дзейнасьцю мясцовых Саветаў народных дэпутатаў;
- вызначае парадак вырашэньня пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнай будовы Беларускай ССР;
- устанаўлівае і мяняе граніцы і раённы падзел вобласьцяў;
- утварае раёны, гарады, раёны ў гарадах, пасёлкі гарадзкога тыпу;
- устанаўлівае падпарадкаванасьць гарадоў;
- робіць перайменаваньне раёнаў, гарадоў, раёнаў у гарадах, пасёлкаў гарадзкога тыпу і іншых населеных пунктаў;
- адмяняе пастановы і распараджэньні Савету міністраў Беларускай ССР, рашэньні абласных і Менскага гарадскога Савета народных дэпутатаў у выпадку неадпаведнасьці іх закону;
- устанаўлівае і прысвойвае ганаровыя зьваньні Беларускай ССР;
- узнагароджвае Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савету Беларускай ССР;
- прымае ў грамадзянства Беларускай ССР;
- вырашае пытаньні аб наданьні прытулку;
- выдае акты аб амністыі і ажыцьцяўляе памілаваньне грамадзянаў, асуджаных судамі Беларускай ССР;
- ратыфікуе і дэнансуе міжнародныя дамовы Беларускай ССР;
- прызначае і адклікае дыпляматычных прадстаўнікоў Беларускай ССР у замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях;
- прымае даверчыя і адклікальныя граматы акрэдытаваных пры ім дыпляматычных прадстаўнікоў замежных дзяржаваў»[1].
Паводле 113-га артыкула Канстытуцыі, Вярхоўны Савет утвараў Камітэт народнага кантролю Беларускай ССР[1].
Народная гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 10-га артыкула Канстытуцыі Беларускай ССР 1978 году, аснову гаспадарчага ладу складала дзяржаўная і калгасна-каапэратыўная ўласнасьць на сродкі вытворчасьці. Таксама дапускалася маёмасьць прафсаюзаў і іншых грамадзкіх арганізацыяў. У 11-м артыкуле падкрэсьлівалася: «У выключнай уласнасьці дзяржавы знаходзяцца: зямля, яе нетры, воды, лясы. Дзяржаве належаць асноўныя сродкі вытворчасьці ў прамысловасьці, будаўніцтве і сельскай гаспадарцы, сродкі транспарту і сувязі, банкі, маёмасьць арганізаваных дзяржавай гандлёвых, камунальных і іншых прадпрыемстваў, асноўны гарадзкі жыльлёвы фонд». Згодна з 12-м артыкулам адзначалася: «зямля, якую займаюць калгасы, замацоўваецца за імі ў бясплатнае і бестэрміновае карыстаньне»[1].
У 13-м артыкуле Канстытуцыі 1978 году вызначалася, што «аснову асабістай уласнасьці грамадзянаў Беларускай ССР складаюць працоўныя даходы. У асабістай уласнасьці могуць знаходзіцца прадметы ўжытку, асабістага спажываньня, выгодаў і падсобнай хатняй гаспадаркі, жылы дом і працоўныя зьберажэньні. Асабістая ўласнасьць грамадзянаў і права яе ўспадкаваньня ахоўваюцца дзяржавай». Сярод іншага, у карыстаньні грамадзянаў маглі знаходзіцца дзялянкі зямлі, якія адводзяцца для вядзеньня падсобнай гаспадаркі з утрыманьнем жывёлы і птушкі, садоўніцтва і агародніцтва, а таксама для асабістага жыльлёвага будаўніцтва. Паводле 16-га артыкула, кіраўніцтва гаспадаркай ажыцьцяўлялася на падставе дзяржаўных плянаў гаспадарчага і грамадзкага разьвіцьця. Згодна зь 17-м артыкулам у Беларускай ССР дапускалася асабістая працоўная дзейнасьць у галіне саматужна-рамесных промыслаў, сельскай гаспадаркі, побытавага абслугоўваньня насельніцтва[1].
Этнічны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Этнічны склад (1959):
Сьцяг БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рэспубліка Беларусь 1995—2012 гг.
-
Рэспубліка Беларусь з 2012
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ад 1930-х гадоў ужывалася і найменьне Савецкая Беларусь. У 1920-я гады ў беларускай прэсе таксама ўжывалася назва Ра́давая Белару́сь[2]. Гэтая практыка, аднак, спынілася (у тым ліку па-за межамі СССР) пры выяўленьні сапраўдных мэтаў расейскіх бальшавікоў — аднаўленьні палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі і масавым зьнішчэньні беларускіх інтэлектуальных элітаў
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 1978 году // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 2025 г. Праверана 24 чэрвеня 2025 г.
- ^ С. Аб граніцах Радавай Беларусі. (бел.) // Наш Сьцяг. — 12 жніўня 1923 г.. — № 24.
- ^ Гурневіч Д. «Былі крыкі ў экстазе». (Не)прыдуманае інтэрвію з прэм’ерам БНР Луцкевічам пра 25 сакавіка 1918 году, Радыё Свабода, 25 сакавіка 2021 г.
- ^ Мартинович Д. Как белорусы потеряли Вильнюс и едва не вернули его 29 лет назад. Объясняем, TUT.BY, 10.10.2019 г.
- ^ Студзінская І. Топ-10 фальсыфікацыяў гісторыі вайны ў беларускіх падручніках і афіцыйных СМІ, Радыё Свабода, 5 траўня 2019 г.
- ^ Жданко В., Трафімовіч А, Новік Ж., Васількоў З. Горадня, Ліда і Ваўкавыск маглі адысьці да Польшчы ў 1945-м разам зь Беластокам, Радыё Свабода, 13 лістапада 2019 г.
- ^ 19 верасьня 1991 году, Радыё Свабода, 19 верасьня 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]![]() | Партал «Гісторыя» |
---|---|
![]() | Партал «Беларусь» |
|