Валянціна Герасімаўна Казлоўская
Валянціна Герасімаўна Казлоўская | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Лясная Кветка |
Дата нараджэння | 1907[1] ці 19 жніўня 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1938[1] ці 31 сакавіка 1938 |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэтка, пісьменніца, перакладчыца, урач, фалькларыстка |
Гады творчасці | 1923 — 1938 |
Мова твораў | беларуская |
Валянці́на Гера́сімаўна Казло́ўская (у замужжы Шапіра; 19 жніўня 1907, Рыга — 31 сакавіка 1938, Мінск, БССР) — беларуская паэтэса, пісьменніца, перакладчыца, фалькларыстка.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 19 жніўня 1907 года ў Рызе[2], паводле іншых звестак — у вёсцы Луні Люцынскага павета. 3 беларускай сялянскай сям’і[3], якая мела свой хутар на мяжы з Беларуссю[2].
Скончыла беларускую сярэднюю школу ў Латвіі[4]. Навучалася ў гімназіях Рыгі, Люцыну, у 1927 г. скончыла Беларускія настаўніцкія курсы ў Дзвінску.
У апошнія школьныя гады Валянціна брала ўдзел у беларускім нацыянальным руху і была сяброўкай арганізацыі, якую пераследвалі латвійскія ўлады за прапаганду сепаратызму і сувязі з камуністамі. Яна пісала вершы па-беларуску і некаторыя з іх былі апублікаваныя ў Рызе.
Дзякуючы спрыянню Янкі Купалы і Кастуся Езавітава[5] ўвосень таго ж года пераехала ў Менск, каб паступіць у інстытут[4]. На момант ад’езду з Латвіі яе бацька, Герасім Іванавіч, даўно памёр. Маці, Юлія Станіславаўна, ужо некалькі гадоў была спаралізаваная і прыкутая да ложка. Галавой сям’і засталася старэйшая сястра Марыя, якая працавала настаўніцай у беларускіх школах у Латгаліі[4].
Валянціну прынялі ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут, яна ўступіла ў камсамол і стала актыўна працаваць у арганізацыі, бо лічыла гэта працягам той дзейнасці, што яна вяла ў Латвіі. У інстытуце яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Майсеем Шапірам, які паступіў у той жа год[4]. У 1931 годзе скончыла інстытут[5].
Працавала ў Тураўскай раённай бальніцы, нейкі час жыла з сям’ёю ў Менску[5]. Працавала ў амбулаторыі ваеннага гарадка № 55 у мястэчка Урэчча (цяпер Любанскі раён)[3], дзе служыў яе муж Маісей Шапіра, ваенны лекар[5]. У сям’і гадаваліся два сыны[5].
Арыштавана 12 снежня 1937 года[6]. Абвінавачвалася ў тым, што завербаваная ў Рызе ў 1927 годзе ў Рызе і прыбыла ў Саюз ССР са шпіёнскімі заданнямі, дзе пад імем «Лясная кветка» збірала і перадавала латвійскай разведцы звесткі[4]. Асуджана 11 сакавіка 1938 года пастановай НКУС СССР і Пракурора СССР за шпіянаж на карысць Латвіі паводле артыкула 68 Крымінальнага кодэкса БССР да вышэйшай меры пакарання. Расстраляная ў Менскай турме 31 сакавіка 1938 года. Асабовая справа № 16427-с захоўваецца ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь[6]. Рэабілітаваная 19 мая 1960 года[5].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Літаратурную дзейнасць пачала ў 1923 годзе[7].
Арыгінальныя творы і запісы беларускіх фальклорных твораў публікавала пад уласным прозвішчам і псеўданімам Лясная Кветка[8].
Друкавалася ў часопісе «Ластаўка» (1923—1924), а таксама ў асобным выданні вучнёўскіх твораў «Ластаўка» (Люцын 1924) і ў альманаху «Першы крок» (Рыга, 1926). Таксама друкавалася ў штомесячніку Дзвінскай беларускай гімназіі «Школьная праца».
Пісала празаічныя творы на фальклорным матэрыяле («У калядны вечар», «Легенды аб Люцынскім замку» і пад.).
Перакладала з латышскай мовы (вершы Я. Райніса, марш латышскіх скаўтаў і пад.).
Асобныя вершы паэткі друкаваліся ў анталогіі беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы» (2017)[9].
У 2016 годзе выйшла кніга Валянціны Казлоўскай і Пятра Сакала «Выбраныя творы»[10].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Была ў шлюбе з Майсеем Шапірам. Ягоны бацька, Ізраіль Хаім-Мошэ (Яфімавіч), дыпламаваны інжынер-хімік, да 1918 г. быў саўладальнікам фармацэўтычнай фірмы «Гольдберг і Шапіра». Гольдберг — ягоны стрыечны брат, што лічыўся малодшым кампаньёнам. Галоўная кантора і крама фірмы знаходзіліся ў Мінску. У 1918 г. фірма ўрачыста адсвяткавала сваё сямідзесяцігоддзе й была нацыяналізаваная. Ізраіль Шапіра пасля гэтага і да самай смерці ў 1934 г. працаваў дробным служачым у керамічнай і харчовай вытворчасці ў Менску. Маці Майсея і ягонага на паўтара года маладзейшага брата Барыса, Бэла Іосіфаўна, была настаўніцай рускай мовы. Майсей і Барыс вучыліся ў звычайнай савецкай школе, але ў іх былі й хатнія настаўнікі, з якімі яны вывучалі мовы нямецкую, французскую і іўрыт, а таксама яўрэйскую гісторыю[4].
Творы
[правіць | правіць зыходнік]- Выбраныя творы / Пятро Сакол, Валянціна Казлоўская; Мінск: Кнігазбор, 2016, 179 с.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Národní autority České republiky Праверана 8 чэрвеня 2022.
- ↑ а б Адбудзецца прэм'ера спектакля паводле твора Валянціны Казлоўскай(нявызн.). www.bkc.daugavpils.lv (20 сакавіка 2017). Праверана 25 мая 2025.
- ↑ а б ШАПІРА-КАЗЛОЎСКАЯ Валянціна Герасімаўна // Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі, 1920―1960 : энцыклапедычны даведнік / Леанід Маракоў. — Мінск: Медысонт, 2010. — С. 903. — 1 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6887-75-1.
- ↑ а б в г д е Запісы 29 . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 25 мая 2025.
- ↑ а б в г д е Валянціна Герасімаўна Казлоўская (19.08.1907 — 31.03.1938)
- ↑ а б Шапіра Валянціна Герасімаўна (1907) . Адкрыты спіс. Праверана 25 мая 2025.
- ↑ Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладанне, каментары Аксаны Данільчык, Віктара Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, с. 320.
- ↑ Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладанне, каментары Аксаны Данільчык, Віктара Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, с. 320
- ↑ Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладанне, каментары Аксаны Данільчык, Віктара Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017. — 448 с.
- ↑ Жанна Капуста, Анталогія болю, ЛіМ, № 44, 2016, http://www.oo-spb.by/index.php?id=92
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- ШАПІРА-КАЗЛОЎСКАЯ Валянціна Герасімаўна // Рэпрэсаваныя медыцынскія і ветэрынарныя работнікі Беларусі, 1920―1960 : энцыклапедычны даведнік / Леанід Маракоў. — Мінск: Медысонт, 2010. — С. 903. — 1 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6887-75-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Нарадзіліся ў 1907 годзе
- Нарадзіліся 19 жніўня
- Нарадзіліся ў Рызе
- Нарадзіліся ў Люцынскім павеце
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі 31 сакавіка
- Памерлі ў Мінску
- Выпускнікі БДМУ
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі паводле алфавіта
- Пісьменніцы Беларусі
- Пісьменнікі Беларусі
- Паэты Беларусі
- Паэты паводле алфавіта
- Паэтэсы
- Беларусы ў Латвіі
- Педагогі Беларусі
- Расстралянае адраджэнне
- Расстраляныя ў БССР
- Фалькларысты Беларусі
- Перакладчыкі XX стагоддзя