Перайсці да зместу

Васіль Пантэлевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Пантэлевіч
Василь Пантелевич
Асабістыя звесткі
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці кампазітар, юрыст, кіраўнік брэсцкага Украінскага камітэта дапамогі

Васіль Пантэлевіч (укр. Василь Пантелевич, рус. Василий Пантелевич) (1889, Кодань — 28 сакавіка 1944, Брэст) — кампазітар, юрыст, у час Другой сусветнай вайны кіраўнік брэсцкага Украінскага камітэта дапамогі.

Скончыў Холмскую духоўную семінарыю і юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас Першай сусветнай вайны быў у расійскім войску. Яго жонка Марыя Мішчанка разам з аднагадовым сынам Лявонціем (Лёсікам) выехала з Коданя ў прымусовую эвакуацыю ў Расію, у дарозе захварэла і памерла.

Пасля Першай сусветнай вайны Пантэлевіч вярнуўся з сынам у Брэст, працаваў юрыстам і рэгентам у Свята-Мікалаеўскай (Брацкай) царкве Брэста, вёў курсы для рэгентаў[1].

«Дзівосна спявае хор, адзін з найлепшых хораў Польшчы, пад кіраваннем незабыўнага Васіля Дзмітрыевіча Пантэлевіча. Рэгент Пантэлевіч, што валодаў рэдкім па прыгажосці і сіле тэнарам, да сваёй трагічнай смерці заставаўся верным сынам Царквы. Строгі, патрабавальны, ён не трываў фальшу ў спевах і карыстаўся любоўю пеўчых. Не крыўдзілася на Пантэлевіча і шаноўная дама-пеўчая, жонка вельмі паважанага ў горадзе лекара, калі рэгент збіваў з яе носа пенснэ: яна пакорліва падымала і ўздзявала яго на свой нос», — успамінаў настаяцель брэсцкай Свята-Мікалаеўскай царквы Мітрафан Зноска[2].

Меў папулярнасць сярод украінскай і расійскай інтэлігенцыі.

Быў сябрам управы ўкраінскага таварыства «Просвіта» ў Брэсце з моманту яе заснавання. У 1923 годзе абраны намеснікам кіраўніка таварыства і кіраўніком тэатральна-музычнай секцыі.

Ставіў у Брэсце оперы «Галька» Станіслава Манюшкі, «Наталка Палтаўка», «Яўген Анегін». Паклаў на музыку верш Алексы Старажэнкі «Україна» і выконваў разам са сваім хорам. Выступы праходзілі ў брэсцкім тэатры Сарвера і зале расійскай прыватнай гімназіі. У 1925 годзе быў сакратаром Камітэта пабудовы Народнага дома ў Брэсце пры таварыстве «Просвіта на Поліссі»[3].

Таксама сябра Расійскага таварыства дабрачыннасці, Расійскага нацыянальнага аб’яднання. Сябра бацькоўскай апякунскай рады Прыватнай расійскай гімназіі Брэста.

У 1934 годзе выступіў сузаснавальнікам Юрыдычнага таварыства ў Брэсце.

У 1928 годзе ажаніўся са сваёй харысткай Аленай Дарковіч (нар. 1905), выпускніцай Прыватнай расійскай гімназіі Брэста. Спяваў з ёй дуэтам (тэнар і сапрана)[4].

З прыходам савецкай улады ў верасні 1939 года ўцёк у Бялу Падляску, кіраваў там царкоўным хорам. З канца 1942 года — кіраўнік Украінскага камітэту дапамогі ў Брэсце (пазней перайменаваны ва Украінскі камітэт). На гэтай пасадзе планаваў стварыць пастаянны гастрольны тэатр, моладзевую і жаночую секцыі. Працягваў быць рэгентам Свята-Мікалаеўскай царквы, кіраваў хорамі брэсцкіх Украінскага тэатра мініяцюр і Клуба ўкраінскай моладзі[5].

Быў арыштаваны гестапа ў 1944 годзе — ці то як закладнік, ці то па абвінавачванні ў змаганні супраць нацыстаў. Сваякам паведамілі, што ў турме Пантэлевіч павесіўся на дзязе. Пра пахаванне Пантэлевіча паведамілі ў газеце, сабралася шматлюдная працэсія. Пахаваны на Трышынскіх могілках Брэста[6].

У Брэсце жыў ва ўласным доме па адрасе Касцюшкі, 15 (цяпер Гогаля, 33), гэта сядзіба 1932 года па праекце архітэктара Мікалая Катовіча з’яўляецца выбітным узорам брэсцкага канструктывізму[2].

  1. Старый Брест. Дом Пантелевича и его обитатели (руск.). www.realbrest.by. Праверана 26 кастрычніка 2025.
  2. а б В особняке с 90-летней историей по Гоголя д. 33 в Бресте продаётся квартира (руск.). Виртуальный Брест. Праверана 26 кастрычніка 2025.
  3. Місіюк, В. (V. Misiiuk) Просвіта на Поліссі (1932-1938 рр.)(Prosvita on Polissia (1923–1938)) // Наукові записки Національного університету “Острозька академія”: Історичні науки. — 2013. — Т. Вип.21. — С. 137-141.
  4. Даркович Василий Матвеевич — Брест моей памяти (руск.). Праверана 26 кастрычніка 2025.
  5. Берасце: украінскія гісторыі. Вялікі тур . IZI Travel. Праверана 26 кастрычніка 2025.
  6. Brest, Belarus, list of buried. city-walk.brest-belarus.org. Праверана 26 кастрычніка 2025.