Вацлаў Рачкавіч
Вацлаў Рачкавіч | |||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|
| | |||||||
| | |||||||
|
| |||||||
|
|||||||
| Дыяцэзія | Луцкая дыяцэзія | ||||||
| Папярэднік | Andrzej Spławski[d] | ||||||
| Пераемнік | Ян Ласовіч | ||||||
|
|
|||||||
| Адукацыя |
|
||||||
| Дзейнасць | каталіцкі святар | ||||||
| Нараджэнне | 1420-я | ||||||
| Смерць | не пазней за 1463 ці 1462[1] | ||||||
| Бацька | Рачка Табутавіч[d][2] | ||||||
Вацлаў Рачкавіч (1420-я — да 1463) — каталіцкі біскуп луцкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Сын Якуба Рачкі Табутавіча, брат Міхны, Юндзілы і Яна Рачкавічаў[3]. Як частка родавых уладанняў Вацлаву належала прынамсі доля ў Дзітве.[4].
Напэўна, тоесны Venceslaus Petri de Vaverka, які зімовым семестрам 1444 года ўнёс поўную аплату за паступленне ў Кракаўскі ўніверсітэт. Патронім Petri выклікае некаторыя сумненні, праз яго луцкага біскупа Вацлава часта называюць сынам Пятра Рачкавіча. Аднак, як адзначае Ян Глінка, пра Пятра, сынам якога мог бы быць яшчэ адзін Вацлаў з Ваверкі, сярод родзічаў-уладальнікаў Ваверкі няма сведчанняў. Тым часам як імя Вацлаў даволі рэдкае, а біскуп яўна названы сынам Рачкі і братам Рачкавічаў. Таму Глінка не выключае, што Пётр магло быць яшчэ адным імем Якуба Рачкі Табутавіча, што не рэдкасць у першым пакаленні па каталіцкім хрышчэнні Літвы.[3]
У такім разе, Вацлаў нарадзіўся не пазней за 1431 год, бо ўзрост залічэння ва ўніверсітэт быў не меншы за 14 гадоў, хоць у Кракаўскім універсітэце таго часу вядомы залічэнні і 13-гадовых, аднак звычайна студэнты былі старэйшымі[5]. Перад гэтым, магчыма, навучаўся ў Віленскай кафедральнай школе[6].
У 1451 годзе атрымаў дыплом бакалаўра in artibus (вольных мастацтваў), у Liber promotionum Кракаўскага ўніверсітэта запісаны як Venceslaus de Wawerka Lithwanus. Напэўна, тым часам быў канонікам Віленскага кафедральнага капітула, хоць гэта і не адзначана ва ўніверсітэцкіх дакументах, бо быў ужо дэканам капітула ў 1459 годзе, калі кароль Казімір Ягелончык намінаваў яго біскупам луцкім.[6]
Зацверджаны як біскуп 10 верасня 1459 года Папам Піем II[6], 28 верасня праз свайго дэлегата ў Рыме заплаціў пошліну Курыі памерам 33 1/3 фларына[3]. Паводле выданага 10 верасня ў Мантуі папскага брэвэ, Вацлаў Рачкавіч быў in sacerdocio ac legitima aetate constitutus, то-бок меў святарскае пасвячэнне і не менш за 27 гадоў — узрост, неабходны для прыняцця біскупскай хіратоніі[6]. Такім чынам, нарадзіўся не пазней за 1432 год, што, аднак, не дае новых звестак. У актах Апостальскай Камеры запісаны як Wenceslaus Raskonicz (Raskonitz)[6].
Ад каго і калі Вацлаў прыняў біскупскае пасвячэнне, невядома. Звестак пра кіраванне Рачкавіча ў епархіі няма. Біскупам быў не болей за тры гады[3], ужо ў студзені 1463 года папскую кананічную правізію атрымаў яго наступнік. То-бок, нягледзячы на імаверна малады ўзрост, Вацлаў памёр да гэтага часу. Месца пахавання невядомае.[6]
Згадваецца ў дзвюх данацыях родзічаў ад 1463 і 1479 гадоў для касцёла ў родавай Ваверцы. Да публікацыі гэтых дакументаў у Кодэксе дыпламатычным кафедры і дыяцэзіі віленскай Вацлаў Рачкавіч наогул не быў вядомы.[3]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада — 2 — Смаленск: 2014. — С. 310. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-015-4
- ↑ Пятраўскас Р. Літоўская знаць у канцы XIV—XV ст.: Склад — структура — улада — 2 — Смаленск: 2014. — С. 309, 310. — 386 с. — ISBN 978-5-00076-015-4
- ↑ а б в г д Glinka 1959, T. V, s. 50.
- ↑ Glinka 1959, T. IV, s. 93.
- ↑ Wisłocki 1886, s. 9-10.
- ↑ а б в г д е Prokop 2011.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Wisłocki W. O wydawnictwie Liber diligentiarum Krakowskiego Fakultetu Filozoficznego z lat 1487-1563. — Kraków, 1886.
- Krzysztof Rafał Prokop. Sylwetki biskupów łuckich. — Biały Dunajec — Ostróg, 2011. — С. 33-34.
- Jan Glinka Ród Klawsucia w wiekach XIII—XIV. Ze studiów nad kształtowaniem się i różanicowaniem spolecznym bojarstwa litewskiego // Studia Źródłoznawcze.Warszawa. — Poznan: 1959. — Т. IV. — S. 85-107; T. V. — S. 35-55.