Перайсці да зместу

Вялікі Воз (мерапрыемства)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагатып сустрэчы беларускіх навукоўцаў «Вялікі Воз»

Вялікі Воз — штогадовая нефармальная сустрэча беларускіх навукоўцаў, якія жывуць і працуюць за межамі Беларусі. Праходзіць у павеце Пярнумаа (Эстонія) па ініцыятыве часопіса «Памылка».

Мерапрыемства аб’ядноўвае даследчыкаў у галіне прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных навук, а таксама папулярызатараў навукі і творцаў, што развіваюць беларускамоўную адукацыю і асвету[1][2].

Мерапрыемства накіравана на наладжванне прафесійных кантактаў, абмен вопытам, прэзентацыю навуковых дасягненняў і стварэнне новых міждысцыплінарных камандаў. Удзельнікамі становяцца беларускія даследчыкі (у тым ліку супрацоўнікі high-tech сектара і педагогі) розных этапаў акадэмічнай кар’еры — ад студэнтаў да прафесараў. Фармат спалучае элементы навуковай канферэнцыі з нефармальнымі дыскусіямі, майстар-класамі і групавымі абмеркаваннямі.

Арганізатарам з’яўляецца Згуртаванне беларускіх суполак Эстоніі (Friida Bell MTÜ) пры падтрымцы агенцтва «ESTDEV». Мэта арганізацыі — садзейнічаць развіццю беларускай культуры, адукацыі і грамадзянскіх ініцыятыў у Эстоніі, у тым ліку ў галіне навукі.[3]

Свае мерапрыемствы арганізатары называюць «з’ездамі».

Першы з’езд адбыўся 5—7 ліпеня 2024 года. Ён сабраў 13 удзельнікаў і стаў пляцоўкай для абмену навуковымі ідэямі і наладжвання кантактаў паміж даследчыкамі па-за межамі Беларусі. Падчас правядзення сустрэчы абмяркоўваліся развіццё беларускай акадэмічнай супольнасці за мяжой, ідэі стварэння прэміі «Бізон Гіґс»[4], правядзення фестывалю навукі і стварэння беларускага STEM-універсітэта. Для мерапрыемства была выбрана назва «Вялікі Воз» — беларуская народная назва сузор’я Вялікай Мядзведзіцы. Гэтае сузор’е, па словах Зміцера Канановіча, аднаго з арганізатараў канферэнцыі, даследчыка з Талінскага тэхналагічнага ўніверсітэта, не знікае з неба паўночных краін і зіхаціць над Эстоніяй нават у светлыя летнія ночы, яго відаць як з балтыйскага ўзбярэжжа, так і паўсюль у Беларусі. Гэта натхніла супольнасць, «бо неба не мае межаў і належыць усёй чалавечай супольнасці»[5].

Другі з’езд прайшоў з 31 ліпеня да 3 жніўня 2025 года[6]. У ім узялі ўдзел больш як дваццаць даследчыкаў з Польшчы, Швейцарыі, Германіі, Літвы, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Эстоніі. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі розных навуковых дысцыплін, уключаючы клеткавую біялогію, археалогію і археагенетыку, геноміку, астрафізіку, арганічную хімію, матэрыялазнаўства, сацыяльную экалогію, гуманітарныя і міждысцыплінарныя кірункі, а таксама папулярызатары навукі і творчыя асобы, якія займаюцца беларускамоўнай асветай. Праграма ўключала навуковыя даклады, тэматычныя дыскусіі і тэхнічныя майстар-класы, у тым ліку на адкрытым паветры. Асноўныя пытанні, якія абмяркоўваліся[3]:

Па выніках мерапрыемства ўдзельнікі прынялі шэраг рашэнняў, скіраваных на развіццё беларускай навуковай супольнасці за мяжой і пашырэнне беларускамоўных адукацыйных рэсурсаў[5][7]:

  • Штогод ладзіць «Вялікі Воз» як флагманскую імпрэзу супольнасці. Наступная сустрэча адбудзецца з 30 ліпеня да 2 жніўня 2026 года ў тым жа месцы ў Эстоніі, але ўжо ў адкрытым фармаце. Плануюць прыняць да 30 удзельнікаў. Рэгістрацыя будзе адкрытая за некалькі месяцаў і абвешчаная праз сацыяльныя сеткі.
  • Развіваць сетку ўзаемадзеяння паміж беларускімі навукоўцамі: запрашаць навукоўцаў і тых, хто цікавіцца навукай і тэхналогіямі, далучацца да мерапрыемства. Плануецца пашыраць супольнасць праз адкрыты фармат, умацоўваць гарызантальныя сувязі, міждысцыплінарнасць і партнёрства з падобнымі ініцыятывамі.
  • Запускаць і рэалізоўваць супольныя праекты, што пераносяць перадавыя навуковыя ідэі ў тэхналогіі, грамадскія ініцыятывы, адукацыю і культуру. Падтрымліваць асабістыя праекты ўдзельнікаў супольнасці ў справе папулярызацыі навуковых ведаў. Падтрымліваць беларускамоўнае навуковае асяроддзе, адкрытую камунікацыю і грамадзянскую навуку, робячы веды дасяжнымі для ўсіх.
  • Даваць голас Беларусі ў міжнароднай навуковай прасторы і захоўваць/развіваць інтэлектуальны патэнцыял нацыі.
  1. В Эстонии прошел второй съезд белорусских ученых Европы (руск.). charter97.org. Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2025. Праверана 12 жніўня 2025.
  2. Захаваць патэнцыял. У Эстоніі прайшоў другі з’езд беларускіх навукоўцаў Еўропы | Навіны Беларусі | euroradio.fm . euroradio.fm (11 жніўня 2025). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2025. Праверана 11 жніўня 2025.
  3. а б Свабода, Радыё. «Вялікі воз» беларускіх талентаў. Навошта навукоўцы зь Беларусі другі раз зьбіраліся ў Эстоніі . Радыё Свабода. Архівавана з першакрыніцы 16 жніўня 2025. Праверана 16 жніўня 2025.
  4. Рэдакцыя зіна «Pamyłka» абвяшчае прэмію для натуральных і тэхнічных навукоўцаў «Бізон Гіґз» - Беларуская Служба . www.polskieradio.pl. Праверана 12 жніўня 2025.
  5. а б Беларускія навукоўцы ў эміграцыі аб’ядналіся ў «сузор’е» . belsat.eu. Belsat TV. Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2025. Праверана 13 жніўня 2025.
  6. Другі з’езд беларускіх навукоўцаў Еўропы прайшоў у Эстоніі. budzma.org. Архівавана з першакрыніцы 12 жніўня 2025. Праверана 12 жніўня 2025.
  7. Беларускія навукоўцы аб’ядналіся ў супольнасць «Вялікі воз» . Беларускае Радыё Рацыя (13 жніўня 2025). Архівавана з першакрыніцы 13 жніўня 2025. Праверана 13 жніўня 2025.