Перайсці да зместу

Вікіпедыя:Вандалізм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Вікіпедыя:В)

Вандалізм у Вікіпедыі — відавочна шкодніцкае даданне, выдаленне ці змена зместу, зробленыя наўмысна ў мэтах скампраметаваць пэўнасць і аўтарытэтнасць энцыклапедыі. Галоўным чынам вандалізм выяўляецца ў замене змесціва якасных артыкулаў на лаянку, графіці ці іншы змест, які абсалютна не мае дачынення да тэмы артыкула. Занясенне няслушных змен у выніку шчырай памылкі вандалізмам не з’яўляецца.

Вандалізм, нягледзячы на распаўсюджанае меркаванне, насамрэч не ўяўляе вялікай праблемы для Вікіпедыі, бо ўсе змены артыкулаў захоўваюцца ў адмысловай базе даных, — такім чынам, зламыснікі не могуць знішчыць інфармацыю цалкам. Удзельніку, які заўважыў, што артыкул быў сапсаваны, рэкамендуецца адкаціць пашкоджаную версію, зрабіць гэта зусім не складана. Большасць наступстваў вандалізму ў Вікіпедыі нейтралізуюцца ў лічаныя хвіліны.

Тыпы вандалізму

[правіць зыходнік]

Вандалізм падзяляецца на тыпы па мэтах, метадах і складанасці выяўлення.

  1. Жартоўны вандалізм — даданне жартоўных артыкулаў ці жартоўныя змены існуючых артыкулаў.
  2. Вандалізм з мэтай прыцягнуць увагу — даданне ў артыкулы абраз, стварэнне «артыкулаў-нападак».
  3. Спам-вандалізм — даданне непрымальных вонкавых спасылак для (сама)рэкламы.
  4. Ідэалагічны вандалізм — «артыкулы-нападкі» і праўкі, якія зніжаюць нейтральнасць.
  5. Містыфікацыі — даданне лжывай інфармацыі з мэтай сапсаваць рэпутацыю Вікіпедыі і/ці паставіць у няспраўнае становішча тых, хто карыстаюцца ёю, а таксама з мэтай стварыць ілжывае абгрунтаванне пункта гледжання, які адстойвае ўдзельнік.
  6. Вандалізм з помсты — спосаб адпомсціць супольнасці ці якім-небудзь яе ўдзельнікам за што-небудзь.
  7. Рабінгудскі вандалізм — «зло дзеля дабра», парушэнні правіл для дэманстрацыі іх нібыта абсурднасці, выдаленне фрагментаў артыкулаў, якія змяшчаюць ненарматыўную лексіку, натуралістычныя апісанні і інш., падрабязней гл. Вікіпедыя:Не даводзьце да абсурду

Па метадах

[правіць зыходнік]
  1. Дзіцячы вандалізм — неаднаразовае даданне графіці ці ачыстка старонак. Бывае з мэтай праверыць магчымасці Вікіпедыі ці як спроба выдаліць артыкул са змесцівам, якое выклікае пратэст.
  2. Цяжкавыяўляльны вандалізм (часта званы таксама подлым вандалізмам) — даданне невялікай колькасці загадзя лжывай інфармацыі, або незаўважнае псаванне існай (падмена спасылак, дат, лікаў, асобных знакаў; псаванне разметкі і г.д.).
  3. Нябачны вандалізм — занясенне абразлівых дадаткаў ці загадзя лжывых звестак у зыходны код старонкі, якія не праяўляюцца пры праглядзе і навігацыі па Web-старонцы.
  4. Вандалізм пераназваннямі — змена імёнаў старонак на абразлівыя, бессэнсоўныя ці відавочна не адпаведныя зместу артыкула.
  5. Вандалізм перанакіраваннямі — усталёўка перанакіраванняў на абразлівыя артыкулы ці малюнкі, a таксама стварэнне перанакіраванняў з дурнымі ці мацюкальнымі назвамі.
  6. Вандалізм у загрузцы малюнкаў — загрузка абуральных і правакацыйных малюнкаў.
  7. Copyvio-вандалізм — зацятае даданне са шкодніцкімі мэтамі тэкстаў, абароненых аўтарскім правам, без дазволу аўтара.
  8. Вандалізм з дапамогай бота — змена мноства (сотняў, тысяч) старонак з дапамогай адмысловай праграмы-бота (адкат такога вандалізму звычайна таксама робіцца аўтаматычна).
  9. Вандалізм адкатамі — адкат карысных правак ці адкатаў вандалізму.
  10. Вандалізм шаблонаў і юзербоксаў. Небяспечны тым, што адначасова вандалізуюцца ўсе старонкі, дзе скарыстаны дадзеныя шаблоны.
  11. Вандалізм з дапамогай машыннага перакладу — сістэматычнае занясенне атрыманых з дапамогай аўтоперакладчыка тэкстаў, якія змяшчаюць грубіянскія сэнсавыя скажэнні арыгінала, пры ігнараванні папярэджанняў.

«Вандалізавацца» могуць як артыкулы, так і старонкі карыстальнікаў, шаблоны, службовыя старонкі.

Па складанасці выяўлення

[правіць зыходнік]
  1. Простае хуліганства. Такі вандалізм заўважны і відавочны для любога чалавека і звычайна лёгка выдаляецца любым удзельнікам. Прыклады: выдаленне ўсяго артыкула, замена тэксту на якую-небудзь лаянку, даданне бессэнсоўнага набору знакаў.
  2. Ціхі вандалізм. У тэксце артыкула незаўважны, але добра бачны пры праглядзе і доглядзе праўкі. Прыклады: замена тэксту на іншы з процілеглым сэнсам пры той жа крыніцы, істотная змена лічбавых звестак без замены крыніцы (калі гэта не зменная інфармацыя).
  3. Складаная фальсіфікацыя. Прыклады: фальсіфікацыя зместу ці падстанова пад не вельмі радыкальную, але тым не менш некарэктную тэзу якой-небудзь маладаступнай папяровай крыніцы. Патрабуе для выяўлення знаёмства з тэмай і стараннай вычыткі крыніц.

Дзеянні, якія не з’яўляюцца вандалізмам

[правіць зыходнік]

Некаторыя дзеянні падобныя на вандалізм, але ім не з’яўляюцца. У прыватнасці:

  1. Тэст пачаткоўца. Пачаткоўцы пры выглядзе кнопкі «правіць» жадаюць паглядзець, ці сапраўды ў іх атрымаецца штосьці адрэдагаваць. Яны націскаюць кнопку і штосьці пішуць у тэксце. Гэта не вандалізм! Наадварот, іх трэба цяпло вітаць і даць спасылку на Пясочніцу.
  2. Пашыраны тэст пачаткоўца. Часам пачаткоўцы жадаюць паглядзець, ці атрымаецца ў іх зрабіць артыкул дурацкім ці зусім нечытэльным. Ім проста цікава, што можна рабіць у вікі. Калі прыбраць іх змены, яны перастануць так рабіць; калі адправіць ім паведамленне, яны засаромяцца. Але калі пачатковец працягвае сваё «тэставанне» і пасля гэтага, тут ужо пачынаецца вандалізм.
  3. Вывучэнне магчымасцяў вікі. Некаторыя карыстальнікі не адразу абвыкаюць да вікі-разметкі. Ім патрабуецца час, каб паэксперыментаваць з вонкавымі і ўнутранымі спасылкамі, табліцамі і да т. п. Замест таго каб асуджаць такога пачаткоўца як вандала, растлумачце незразумелыя яму ці ёй асаблівасці вікі-разметкі і/ці дайце спасылкі на адпаведныя даведкавыя старонкі (асабліва на старонку Вікіпедыя:Як правіць артыкул).
  4. Парушэнні нейтральнасці. Пісаць артыкулы з нейтральнага пункта гледжання нялёгка, і нават ветэраны Вікіпедыі часам пішуць рэчы, неідэальныя ў гэтым дачыненні. Кожнага ці амаль кожнага чалавека яго перакананні ў большай ці меншай ступені асляпляюць. Хоць такая ўласцівасць чалавечай натуры вартая жалю, гэта не вандалізм.
  5. Смелыя праўкі. Палітыка Вікіпедыі: «Вікіпедыя:Праўце смела» Некаторыя вікіпедысты робяць вялікія праўкі ў артыкулах з мэтай іх палепшыць. І хоць вам, можа быць, непрыемна бачыць, што вялікія порцыі напісанага вамі тэксту прыбралі ці сур’ёзна адрэдагавалі, — гэта не вандалізм. Мудрыя вікіпедысты ўраўнаважваюць смеласць любоўю.
  6. Занясенне арыгінальных даследаванняў — забаронена правіламі, але вандалізмам не з’яўляецца.
  7. Памылкі. Памылкі не з’яўляюцца вандалізмам па вызначэнні. Калі вы лічыце, што артыкул утрымоўвае няслушную інфармацыю, праверце, ці так гэта, і/ці абмяркуйце факты з аўтарамі. Калі ж аўтары не ўспрымальныя да вашых растлумачэнняў і хібныя праўкі працягваюцца, то трэба паспрабаваць высвятліць, чаму яны ўносяць такія праўкі.
  8. Чаплянне ці асабістыя абразы забаронены ў Вікіпедыі, але звычайна не з’яўляюцца вандалізмам.
  9. Нечаканыя змены. Незвычайны стыль правак не робіць карыстальніка вандалам. Калі хтосьці робіць добрую праўку, але піша ў кароткім апісанні «Прывітанне, гэта Вася!» — гэта не вандал. Гэта пачатковец. Прыязна растлумачце яму, як трэба пісаць кароткае апісанне. Не блакуйце яго і не сцірайце яго змены.