Перайсьці да зьместу

Джанлюка Віяльлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Джанлюка Віяльлі
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 9 ліпеня 1964(1964-07-09)[1][2]
Памёр 6 студзеня 2023(2023-01-06)[3] (58 гадоў)
Рост 180 см
Вага 77 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1980—1984 Крэманэзэ 105 (23)
1984—1992 Сампдорыя 223 (85)
1992—1996 Ювэнтус 102 (38)
1996—1999 Чэлсі 58 (21)
Зборныя
1983—1986 Італія (да 21)[d] 20 (11)
1985—1992 Італія 59 (16)
Трэнэрскія клюбы
1998—2000 Чэлсі
2001—2002 Ўотфард
Спартовыя ўзнагароды
Чэмпіянаты сьвету
Бронза Італія-1990

Джанлюка Віяльлі (па-італьянску: Gianluca Vialli; 9 ліпеня 1964 году, Крэмона, Італія —6 студзеня 2023, Лёндан, Вялікабрытанія) — італьянскі футбаліст і трэнэр.

Кар’ера Віяльлі пачалася ў мясцовым «Крэманэзэ», а пасьля 10 мячоў, забітых ім у сэзоне 1983/1984, працягнулася ў «Сампдорыі», зь якой ён выйграў Сэрыю А (1990/1991), тры Кубкі Італіі (1985, 1988, 1989) і Кубак УЭФА (1990). Права валодаць ганаровым трафэем «Сампа» аспрэчвала з бэльгійскім «Андэрлехтам». Той матч скончыўся пераканаўчай перамогай зь лікам 2:0, а абодва галы правёў Джанлюка Віяльлі.

Дэбют у нацыянальнай зборнай сваёй краіны таксама прыйшоўся на гады, праведзеныя ў «Сампдорыі»; зь ёй ён удзельнічаў у ЧС-1986, ЧС-1990, дзе стаў уладальнікам бронзавага мэдалю, і Эўра-1988. Неўзабаве пасьля паразы ў фінале Лігі чэмпіёнаў 1992 году ад «Барсэлёны» Джанлюка Віяльлі падпісаў кантракт зь «Ювэнтусам». Сума трансфэру склала ашаламляльныя па тых часах £12,5 млн.

У сваім першым жа сэзоне за «б’янканэры» футбаліст паўтарыў посьпех 1990 году, але неўзабаве кар’ера дала расколіну: з-за рознагалосьсяў з трэнэрам Скуадры Адзуры Арыга Сакі Віяльлі не паехаў на амэрыканскі мундыяль, а пасьля акрыта заявіў, што будзе падтрымліваць Бразылію. Сваё другое скудэта і Кубак Італіі Віяльлі заваяваў разам зь «Ювэ» ў 1995, адзначыўшыся 16 галамі за сэзон. На жаль, аформіць хэт-трык Старой Сэньёры не атрымалася. Так або інакш, свае ўзаемаадносіны зь «Ювэнтусам» Джанлюка Віяльлі скончыў ня ў прыклад лепш, чым у выпадку з «Сампай»: у 1996 годзе чорна-белыя дашлі да перамогі ў Лізе чэмпіёнаў, пасьля чаго футбаліст падпісаў доўгатэрміновы кантракт зь серадняком ангельскай Прэм’ер-Лігі «Чэлсі».

Пераход Віяльлі ў стан арыстакратаў — частка палітыкі тагачаснага настаўніка Руўда Гуліта, накіраванай на ўзнаўленьне былой славы клюбу. Вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць: быў выйграны звышпрэстыжны Кубак Ангельшчыны, хоць у фінальным паядынку Віяльлі адыграў толькі пяць хвілін, будучы выпушчаным у канцы сустрэчы дзеля зацяжкі часу. Насуперак некалькім удалым гульням у сэзоне 1997/1998, Джанлюку так і не атрымалася заваяваць сталае месца ў асноўным складзе.

Эра Гуліта ў «Чэлсі» скончылася ў 1998 годзе — Віяльлі было прапанавана месца гульца-трэнэра, і ён пагадзіўся, стаўшы адным з самых пасьпяховых адмыслоўцаў за ўсю гісторыю клюбу. Пры ім «блакітныя» атрымалі перамогу ў Кубку лігі, Кубку ўладальнікаў кубкаў і Кубку Ангельшчыны. Матч супраць мадрыдзкага «Рэалу» за права валодаць Супэркубкам Эўропы быў прызнаны заўзятарамі адным з самых незабыўных. Перамогу «Чэлсі» прынёс адзіны гол, забіты Густава Паетам, калегам Віяльлі па амплюа.

У сэзоне 1998/1999 арыстакраты фінішавалі трэцімі ў нацыянальным чэмпіянаце, што стала найлепшым паказчыкам з 1970 году.

У 2001 годзе Джанлюка Віяльлі пакінуў лёнданскі клюб, і разам зь ім па розных чыньніках сышлі іншыя лідэры: Джанфранка Дзола, Дыд’е Дэшам, Дан Пэтрэску. Эпоха Віяльлі саступіла месца эпосе Рамана Абрамовіча; новымі лідэрамі клюбу сталі Джон Тэры й Фрэнк Лэмпард.

Год, праведзены на пасту галоўнага трэнэра «Ўотфарду», ня быў для італьянца ўдалым, з прычыны чаго ён пакінуў клюб па канчатку сэзону. Сучаснае месца працы выбітнага футбольнага дзеяча — месца камэнтатара ў Sky Italia.

  1. ^ а б в Gianluca Vialli // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в GIANLUCA VIALLI // Argentine Soccer Database (гішп.)
  3. ^ а б в È morto Gianluca Vialli (італ.)