Перайсьці да зьместу

Дзьмітры Раўнейка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзьмітры Раўнейка
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 13 траўня 1980(1980-05-13)[1][2] (45 гадоў)
Рост 184 см
Вага 76 кг
Пазыцыя абаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1998—2002 Нёман Горадня 110 (8)
2003—2005 Тарпэда Масква 32 (1)
2004 Ротар Валгаград 6 (1)
2006 Шахцёр Салігорск 11 (1)
2006—2007 Нёман Горадня 30 (0)
2008 Дняпро Магілёў 29 (0)
2009—2014 Нёман Горадня 132 (3)
Зборныя
2000—2001 Беларусь (да 21) 13 (0)

Дзьмі́тры Раўне́йка (нар. 13 траўня 1980 году) — колішні беларускі футбаліст, абаронца. У 2003—2004 гадах выступаў за нацыянальную зборную Беларусі.

Выхаванец гарадзенскага «Нёмана», колеры якога бараніў у 1998—2002 гадах. Пасьля гуляў у Расеі, але з 2006 году зноў выступаў за родны клюб, зь перапынкам у 2008 годзе, калі быў гульцом магілёўскага «Дняпра». У 2011—2012 гадах быў капітанам гарадзенскай каманды. Сэзон 2013 году распачаў з галамі ў першых двух матчах, улучыўшы мячы ў брамы мазырскай «Славіі» і бабруйскай «Белшыны». Пасьля ўжо галамі не адзначаўся, але рэгулярна гуляў у асноўным складзе, звычайна на пазыцыі правага абаронцы, хоць часам і саступаў месца маладым гульцам.

У сэзоне 2014 году працягваў гуляць правым абаронцам. Жнівень і верасень 2014 году прапусьціў праз траўму. 29 лістапада 2014 году ў матчы супраць «Белшыны» зламаў рабро ў сутыкненьні[3], але застаўся на полі і пры ліку 0:2 на карысьць «Белшыны» забіў гол, які паклаў пачатак перамозе «Нёмана» з выніковым лікам 5:2. Гэты матч стаў апошнім у кар’еры Дзьмітра.

У студзені 2015 году зьявілася інфармацыя, што Раўнейка можа пакінуць «Нёман»[4]. Ён адсутнічаў у камандзе падчас перадсэзоннай падрыхтоўкі, падтрымліваючы форму самастойна[5]. У сакавіку 2015 году галоўны трэнэр гарадзенцаў Сяргей Саладоўнікаў заявіў, што Раўнейка ня будзе выступаць у «Нёмане» ў сэзоне 2015 году[6]. У выніку футбаліст завяршыў кар’еру і перайшоў на трэнэрскую працу.

Па заканчэньні кар’еры футбаліста атрымаў трэнэрскую ліцэнзію і пачаў працаваць у Акадэміі АБФФ. У сакавіку 2017 году ўвайшоў у трэнэрскі штаб моладзевай зборнай Беларусі[7]. У кастрычніку 2018 году быў прызначаны трэнэрам у нацыянальнай зборнай Беларусі, замяніўшы Юрыя Жаўнова[8]. У чэрвені 2019 году, пасьля прызначэньня новым галоўным трэнэрам зборнай Міхаіла Мархеля, застаўся ў ягоным штабе[9]. З 2021 году правацаў у зборнай пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева. У чэрвені 2023 году Кандрацьеў разам з усім штабам быў адпраўлены ў адстаўку, а пазьней Раўнейка не ўвайшоў у штаб новага трэнэра Карляса Алёса. У жніўні 2023 году атрымаў трэнэрскую ліцэнзію катэгорыі Pro[10].

У пачатку 2024 году далучыўся да трэнэрскага штабу клюба «Галф Юнайтэд» з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў[11].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]