Дзяржава-заступніца
Дзяржава-заступніца — нейтральная дзяржава, якой адзін з бакоў узброенага канфлікту даручае абарону сваіх грамадзян, якія знаходзяцца ва ўладзе іншага боку канфлікту (у тым ліку ваеннапалонных і інтэрнаваных).
Падчас узброенага канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]Механізм дзяржаў-заступніц мае дастаткова даўнюю гісторыю. Напрыклад, падчас Першай сусветнай вайны дзяржавай-заступніцай падданых Асманскай імперыі, якія знаходзіліся ў палоне ў Расійскай імперыі, была Іспанія[1]. Падчас Другой сусветнай вайны функцыі дзяржаў-заступніц ваеннапалонных выконвалі Швейцарыя (прадстаўляла інтарэсы 35 дзяржаў), Швецыя (прадстаўляла інтарэсы 28 краін) і ЗША (прадстаўляла інтарэсы 12 дзяржаў да свайго ўступлення ў вайну)[2].
Згодна з Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 года з пачатку ўзброенага канфлікту абодва бакі павінны неадкладна перадаць дзяржаве-заступніцы абавязкі па забеспячэнні прымянення палажэнняў Жэнеўскіх канвенцый. Пры гэтым на прызначэнне дэлегатаў дзяржавы-заступніцы павінна быць атрымана згода дзяржавы, пры якой яны будуць выконваць сваю місію. Прадстаўнікі дзяржавы-заступніцы маюць права наведвання ўсіх месцаў асоб пад заступніцтвам, права ацэнкі іх жыццёвых умоў у зняволенні або на акупаванай тэрыторыі, права ацэнкі агульнай сітуацыі харчовага забеспячэння, права назірання за канкрэтным прымяненнем мер па абароне асоб, у прыватнасці, у выпадку іх утрымання ў зняволенні, інтэрнавання, у выпадку знаходжання на акупаванай тэрыторыі, а таксама захавання судовых гарантый у выпадку судовага пераследу і смяротнага прысуду. Асобы пад заступніцтвам маюць права паведамляць дзяржавам-заступніцам аб сваім становішчы. Калі, нягледзячы на ўмяшанне Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, дзяржава-заступніца не прызначаная, Жэнеўскія канвенцыі прадугледжваюць, што МКЧК будзе дзейнічаць у якасці субстытута дзяржавы-заступніцы і будзе выконваць яе абавязкі[3].
У 2024 годзе было паведамлена, што Катар, ПАР і Ватыкан хочуць стаць краінамі-заступніцамі ўкраінскіх грамадзян у Расіі ў сувязі з расійска-ўкраінскай вайной і, у прыватнасці, стаць пасярэднікамі ў перамовах аб вяртанні вывезеных украінскіх дзяцей дадому[4][5]. Пры гэтым не паведамляецца аб згодзе ўладаў Расіі на такія прапановы; у 2023 годзе ўлады Швейцарыі паведамлялі, што ўлады Расіі адмовіліся прызнаць яе дзяржавай-заступніцай для абароны інтарэсаў Украіны ў Расіі[6].
Пры адсутнасці ўзброенага канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]Аналагічны механізм прымяняецца і ў выпадку адсутнасці дыпламатычных адносін паміж дзяржавамі ў адсутнасць ўзброенага канфлікту. У другой палове XX стагоддзя некаторыя дзяржавы таксама ва ўмовах разрыву або адсутнасці дыпламатычных адносін стваралі свае «секцыі інтарэсаў» пры пасольстве трэцяй краіны, укамплектаваныя сваімі дыпламатамі, замест таго, каб абмежавацца прадстаўніцтвам сваіх інтарэсаў трэцім бокам. Напрыклад, Вялікабрытанія і Лівія пасля разрыву дыпламатычных адносін паміж імі ў 1964 годзе і аж да іх аднаўлення ў 1999 годзе захоўвалі пры пасольствах трэціх краін свае секцыі інтарэсаў. Пры наяўнасці ў краіне секцыі інтарэсаў асноўны аб'ём кантактаў захоўваецца, што дае магчымасць падрыхтаваць аднаўленне дыпламатычных адносін[7].
Крыніпцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Защита гуманитарных прав турецких военнопленных в России в 1914-1918 гг. Учреждениями Красного Креста и дипломатами державы-покровительницы . Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2025. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ Формы и правовые последствия начала и окончания вооруженных конфликтов . Архівавана з першакрыніцы 31 студзеня 2025. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ Практический словарь гуманитарного права . Архівавана з першакрыніцы 4 лістапада 2024. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ Киев сообщил о стране — покровительнице украинцев в России . РБК (2 лістапада 2024). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2025. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ В Совфеде ответили на планы стран покровительствовать украинцам в России . РБК (2 лістапада 2024).
- ↑ Швейцария пересмотрит отношения с Россией в рамках новой внешнеполитической стратегии . Коммерсантъ (1 лютага 2023). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2023. Праверана 25 студзеня 2025.
- ↑ Современная дипломатия: проблемы и перспективы . Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2025. Праверана 25 студзеня 2025.