Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі 2-га склікання
| Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі 2-га склікання | |||||
|
| |||||
| Парламенцкая сістэма | тэрмін паўнамоцтваў заканадаўчага органа[d] | ||||
|---|---|---|---|---|---|
| Дзяржава | |||||
Дзяржаўная Дума Расійскай імперыі другога склікання — прадстаўнічы заканадаўчы орган Расійскай імперыі, скліканы пасля датэрміновага роспуску Дзяржаўнай думы 1-га склікання. Яна абіралася па тых жа правілах, што і папярэдняя Дума. Таксама, як і папярэдняя Дума, яна ўступіла ў вострую канфрантацыю з Саветам Міністраў і правяла толькі адну сесію — з 20 лютага па 3 чэрвеня 1907 г., пасля выніку чаго была распушчана (Трэццячэрвеньскі пераварот 1907 г.). Адразу пасля гэтага было зменена выбарчае заканадаўства.
Выбары
[правіць | правіць зыходнік]Выбары ў Другую Думу праводзіліся па тых жа правілах, што і ў Першую Думу, на аснове шматступенчатай курыяльнай сістэмы. Выбарчая кампанія праходзіла на фоне спаду рэвалюцыйнага руху (Рэвалюцыя 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі).


Па ініцыятыве прэм’ер-міністра Пятра Сталыпіна пытанне аб змене выбарчага заканадаўства (8 ліпеня і 7 верасня 1906 г.) двойчы абмяркоўвалася ў Савеце Міністраў, але члены ўрада прыйшлі да высновы, што такі крок немэтазгодны, паколькі ён звязаны з парушэннем Асноўных Законаў і можа стаць трыгерам для новага ўздыму рэвалюцыйнага руху. Тым не менш згодна з «сенацкімі ўдакладненнямі» выбарчага закона (студзень-люты 1907 г.), частка рабочых і дробных землеўладальнікаў была адхілена ад выбараў у Думу. Урад усімі спосабамі імкнуўся забяспечыць прымальны склад Думы: сяляне, якія не былі домаўладальнікамі, адхіляліся ад выбараў; па гарадской курыі не маглі абірацца рабочыя, нават калі яны валодалі кватэрным цэнзам, прадугледжаным законам, і г.д.[1] Так, у Мінскай губерні скарацілася з 31 да 27 колькасць прадпрыемстваў, рабочыя якіх мелі выбарчыя правы[2].
У адрозенне ад выбараў у Першую Думу, у гэты раз у выбарах удзельнічалі прадстаўнікі амаль усіх палітычных сіл. У цэлым сярод іх можна вылучыць чатыры плыні: правыя; акцябрысты; кадэты; левы блок, які аб’ядноўваў сацыял-дэмакратаў, эсэраў і іншыя сацыялістычныя групоўкі.
Склад Думы
[правіць | правіць зыходнік]
Усяго было абрана 518 дэпутатаў. Дэпутаты размеркаваліся наступным чынам:
- па ўзросце: да 30 гадоў — 72 чалавекі, 30-40 гадоў — 123 чалавекі, 40-50 гадоў — 175 чалавек, 50-60 гадоў — 140 чалавек, старэйшыя за 60 гадоў — 8 чалавек;
- па ўзроўні адукацыі: 38 % дэпутатаў мелі вышэйшую адукацыю, 21 % — сярэднюю, 32 % — ніжэйшую, 8 % — хатнюю, 1 % — непісьменныя;
- па роду заняткаў: 169 сялян, 32 рабочыя, 20 святароў, 25 земскіх, гарадскіх і дваранскіх служачых, 10 дробных прыватных служачых, 1 паэт, 24 дзяржаўныя чыноўнікі (у тым ліку 8 з судовай сістэмы), 3 афіцэры, 10 прафесараў і прыват-дацэнтаў, 28 іншых выкладчыкаў, 19 журналістаў, 33 юрысты, 17 купцоў, 57 дваран-землеўладальнікаў, 6 прамыслоўцаў і дырэктараў фабрык[1].
Толькі 32 члены Думы (6 %) былі дэпутатамі Першай Думы. Такі малы працэнт тлумачыўся тым, што пасля роспуску Першай Думы 180 дэпутатаў падпісалі Выбаргскую адозву, за што былі пазбаўлены права голасу і не маглі ўдзельнічаць у новых выбарах[1].
Удзел у выбарах вялікай колькасці палітычных сіл прывёў да большай яе стракатасці ў параўнанні з папярэдняй Думай. Па партыйных фракцыях дэпутаты размеркаваліся наступным чынам:
- трудавікі — 104 дэпутаты;
- кадэты — 98 дэпутатаў;
- аўтанамісты — 76 дэпутатаў;
- сацыял-дэмакраты — 65 дэпутатаў,
- акцябрысты і правыя манархісты — 54 дэпутаты;
- беспартыйныя — 50 дэпутатаў;
- сацыялісты-рэвалюцыянеры — 37 дэпутаты;
- казацкая група — 17 дэпутатаў;
- народныя сацыялісты — 16 дэпутатаў;
- Партыя дэмакратычных рэформаў — 1 дэпутат[3].
Старшынёй Думы быў абраны кадэт Фёдар Аляксандравіч Галавін, абраны ад Маскоўскай губерні. Намеснікамі старшыні сталі Мікалай Пазнанскі (беспартыйны левы) і Міхаіл Бярэзін (трудавік), сакратарам — Міхаіл Чалнакоў (кадэт).
Дзейнасць Думы і яе роспуск
[правіць | правіць зыходнік]
Другая Дума, як і Першая, вяла барацьбу за права кантролю над дзейнасцю урада, што прывяло да шматлікіх канфліктаў з ім і стала адной з прычын пазнейшага разгону Думы. У цэлым, Другая Дума аказалася яшчэ больш радыкальнай, чым яе папярэдніца. Разам з тым дэпутаты змянілі тактыку, вырашыўшы дзейнічаць перадусім з пазіцый легалізма. Кадэты заклікалі «клапаціцца пра Думу», не даваць ураду падставы для яе роспуску і праяўляць гнуткасць. Кіруючыся нормамі артыкулаў 5 і 6 Статута аб зацвярджэнні Дзяржаўнай Думы ад 20 лютага 1906 г., дэпутаты ўтварылі аддзелы і камісіі для папярэдняй падрыхтоўкі спраў, якія падлягалі разгляду ў Думе. Створаныя камісіі пачалі распрацоўку шматлікіх законапраектаў. У парламент было ўнесена 287 урадавых законапраектаў (у тым ліку бюджэт на 1907 г., законапраект аб рэформе мясцовага суда, аб адказнасці чыноўнікаў, аб аграрнай рэформе і г.д.). Дума ўхваліла толькі 20 законапраектаў. З іх толькі 3 атрымалі сілу закона (аб стварэнні кантынгенту навабранцаў у войска і два праекты дапамогі пацярпелым ад неўраджаю)[1].
Асноўным пытаннем, як і ў Першай Думе, заставалася аграрнае пытанне, згодна з якім кожная фракцыя прадстаўляла свой праект. Кадэты зрабілі больш памяркоўным свой аграрны законапраект «42-х», унесены на разгляд Першай Думы: выключылі з яго пункт аб стварэнні дзяржаўнага зямельнага фонду, пашырылі пералік неадчужаемых памешчыцкіх зямель, прапанавалі праект выкупу памешчыцкіх зямель па «справядлівай ацэнцы» (у адносінах з тым, які прыбытак дае зямля пры яе гаспадарчай эксплуатацыі) па кошт дзяржавы і сялянства (50 на 50 %). Свае праекты прадставілі трудавікі і эсэры, якія ў асноўным грунтаваліся на аналагічных законапраектах, унесеных у Першую Думу, а таксама сацыял-дэмакраты. Усе праекты левых фракцый, нягледзячы на пэўныя разыходжанні паміж імі, грунтаваліся на ідэі пераразмеркавання памешчыцкіх і дзяржаўных зямель на карысць малазямельных і беззямельных сялян[4]. Правыя ў асноўным адстойвалі аграрную праграму ўрада, мэты і змест якой былі выкладзены ў царскім указе ад 9 лістапада 1906 г. (сталыпінская аграрная рэформа)[1][5].
Дыскусійнымі былі таксама харчовае пытанне, дзяржаўны бюджэт на 1907 г., пытанні амністыі палітзняволеным, скасавання ваенна-палявых судоў, уведзеных урадам Сталыпіна, і г.д. 17 мая 1907 года Дума прагаласавала супраць паліцэйскага самавольства, што выклікала незадавальненне ўрада[6].
Канцылярыя Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала праект новага выбарчага закона таемна ад Думы. 1 чэрвеня 1907 г. Пётр Сталыпін запатрабаваў адхілення 55 сацыял-дэмакратаў ад удзелу ў пасяджэннях Думы і пазбаўлення 16 з іх дэпутацкай недатыкальнасці, абвінаваціўшы іх у падрыхтоўцы «звяржэння дзяржаўнага ладу» і змове супраць царскай сям’і[1]. Дума выступіла супраць і стварыла сваю камісію для расследавання паводле прадстаўленых абвінавачванняў.
На падставе гэтага Мікалай II 3 чэрвеня 1907 года абвясціў маніфест аб роспуску Другой Думы і ўнясенні змяненняў у выбарчы закон[7]. У маніфесце ў якасці прычын роспуску ўказваліся павольнасць разгляду і адхіленне прадстаўленых урадам законапраектаў, пераўтварэнне права дэпутацкіх запытаў у метад барацьбы з урадам[8]. Роспуск Думы быў прэрагатывай імператара, але адначасовая змена выбарчага закона з’яўлялася парушэннем артыкула 87 Асноўных дзяржаўных законаў, па якіх выбарчы закон мог быць зменены толькі пры згодзе Дзяржаўнай Думы і Дзяржаўнага Савета (трэццячэрвеньскі пераварот 1907 г.). У гістарыяграфіі прынята лічыць, што акт 3 чэрвеня 1907 года азнаменаваў завяршэнне рэвалюцыі 1905—1907 гг. у Расійскай імперыі.
Ва ўмовах спаду рэвалюцыйнага руху разгон Думы не выклікаў значных пратэстаў. Слушнасць гэтага акту ўсяляк прасоўвала афіцыйная прапаганда. Так, яшчэ напярэдадні разгону Думы епіскап мінскі Міхаіл разаслаў тэлеграмы па сваёй епархіі наступнага зместу:
«Яднайцеся, рускія людзі, яднайцеся, святары, рыхтуйцеся са сваімі духоўнымі дзецьмі даць энергічны адпор ваўкам у авечай скуры, якія называюць сябе прагрэсіўнымі людзьмі і імкнуцца прарвацца да ўлады і гаспадарыць у краіне на сваю карысць»[9].
Прадстаўніцтва ад Беларусі ў ІІ Дзяржаўнай Думе
[правіць | правіць зыходнік]Выбары ў Думу
[правіць | правіць зыходнік]Выбары ў Другую Дзяржаўную Думу ў заходніх губернях і іх вынікі адзначаліся сваёй спецыфікай. У той час як у Расійскай імперыі ў цэлым склад Другой Думы быў больш апазіцыйны ў параўнанні з Першай, то ў заходніх губернях выявілася перавага праўрадавых сіл. Ад пяці заходніх губерняў (Віленская, Гродзенская, Мінская, Віцебская, Магілёўская) у склад Дзяржаўнай Думы былі абраны 36 дэпутатаў. Сярод іх 15 дэпутатаў з’яўляліся прадстаўнікамі праваманархічных сіл, 11 — аўтанамістаў, 3 — кадэтаў, 8 беспартыйных, якія ў пэўных момантах падтрымлівалі правых або кадэтаў. Ніводзін прадстаўнік левых сіл абраны ў Думу не быў. Па сацыяльным складзе сярод дэпутатаў было 13 землеўладальнікаў-памешчыкаў, 3 духоўных асоб, 4 інтэлігентаў і 16 сялян[10][11][12].
У значнай ступені перамога правых манархістаў на выбарах была абумоўлена адміністрацыйным ціскам: санкцыі ў дачыненні апазіцыйных кандыдатаў і перыядычных выданняў, забароны апазіцыйных перадвыбарчых сходаў, непарэдны ціск на выбаршчыкаў, адмены вынікаў выбараў на падставе «парушэння» заканадаўства[13]. Так, напрыклад, на гарадскіх акруговых выбарах у Мінску перамогу атрымаў левы блок, у які ўвайшлі прадстаўнікі Бунда, Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларускай сацыялістычнай грамады і шэрагу прафсаюзаў; аднак Мінская павятовая камісія па выбарах адмяніла іх вынікі[14][10].
Поспех правых можна растлумачыць таксама тым, што ўжо на этапе перадвыбарчай кампаніі адбылася мабілізацыя ўсіх манархічных груповак (уключаючы акцябрыстаў) у Заходнім краі, якія ў кастрычніку 1906 г. на з’ездзе ў Вільні аб’ядналіся ў Рускі ўскраінны саюз. Яго прадстаўнікі праводзілі актыўную нацыянал-шавістыстычную прапаганду пад лозунгам «Расія для рускіх і толькі рускія павінны кіраваць ёю», выступалі з вострай крытыкай польскіх землеўладальнікаў, каталіцкага касцёла і яўрэяў. Рускі ўскраінны саюз патрабаваў аб’явіць усіх палякаў і яўрэяў «іншаземцамі» і пазбавіць іх выбарчых правоў. У той жа час яго прадстаўнікі пазіцыянавалі сябе як абаронцаў інтарэсаў праваслаўнага сялянства, якое прызнавалася «важнейшым элементам парадку», патрабавалі перадачы праваслаўным сялянам на ільготных умовах часткі зямель польскіх памешчыкаў[15]. У лістападзе 1906 г. усе правыя газеты заходніх губерняў надрукавалі «Адкрыты ліст да сялян», з якім выступіў дэпутат Першай Дзяржаўнай думы селянін з Навагрудскага павета Сямён Гатоўчыц (на самой справе ліст быў напісаны адным з лідараў манархістаў у заходніх губернях Густавам Шмідтам). У гэтым лісце галоўная віна за распальванне падзей 1905—1906 гг. ускпадалася на кадэтаў, якія «патрабавалі яўрэйскага раўнапраўя і не супрацьстаялі трудавікам», гучаў заклік да сялян не верыць «розным агітатарам-яўрэям, студэнтам ды іх пракламацыям»[16]. Агітацыя правых манархістаў адбывалася пра моцнай падтрымцы з боку мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі і праваслаўнай царквы.
Няўдачны вопыт Першай Думы і адміністрацыйны ціск прывялі да рэзкага змяншэння ўплыву кадэтаў у заходніх губернях, якія падвяргаліся крытыцы з боку як правых, так і левых сіл. Іх апорай у Заходнім краі засталіся яўрэйскія арганізацыі, у першую чаргу Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі[17]. Польскія аўтанамісты ўдзельнічалі ў выбарах асобна ад кадэтаў. Настроі польскіх землеўладальнікаў у большаў ступені эвалюцыянавалі ўправа. Так, напрыклад, Эдвард Вайніловіч, які на выбарах у Першую думу спрыяў абранню аднаго з лідараў мясцовых кадэтаў Аляксандра Лядніцкага[18], напярэдадні выбараў у Другую Думу пісаў:
«кадэты былі кашмарам, паражэнне якіх аддаляла здань прымусовага адчужэння, таму прадстаўніка Літвы і Русі больш блізкія былі погляды акцябрыстаў (расійскіх рэалістаў)»[19].
Каталіцкія дваране-землеўладальнікі вызначылі свае задачы на з’ездзе ў Вільні 5-7 снежня 1906 г., дзе рабіўся націск на неабходнасці кансалідацыі ўсіх польска-каталіцкіх сіл у рэгіёне на аснове «адзінства хаты і маёнтка»[20]. Віленскі епіскап Эдвард Роп (дэпутат Першай Думы) наступным чынам агітаваў каталіцкіх сялян:
«Яднайцеся з памешчыкамі, выбірайце разумных, інтэлігентных католікаў, а калі выбераце іншых, яны вас загубяць, касцёлы ператвораць у канюшні»[2].
Дзейнасць дэпутатаў у Думе
[правіць | правіць зыходнік]Дэпутаты ад заходніх губерняў прымалі ўдзел у абмеркаванні найбольш актуальнага ў Думе аграрнага пытання. Адзіным дэпутатам з рэгіёна, які падтрымаў законапраект трудавікоў, быў Антон Санцэвіч, які ў сваёй прамове наступным чынам абгрунтоўваў неабходнасць пераразмеркавання памешчыцкай і царкоўнай зямлі на карысць сялян:
«Чаму мы павінны купляць свае землі: ці мы ж іншаземцы? Яны намі 10 разоў ужо апрацаваны потам, крывёю і грошамі. Нам не патрэбна кіраўніцтва з боку памешчыкаў … Чаму сяляне гінуць без хлеба, калі памешчыкі вывозяць яго за мяжу? Святары павінны Богу маліцца, а яны займаюцца земляробствам. Неабходна забраць зямлю і ў адных, і ў другіх»[21].
Адметна, што сялянскія дэпутаты, якія прымыкалі да правых, у сваіх выступах, нягледзячы на вернападданніцкія дэкларацыі, у той ці іншай форме патрабавалі адчужэння часткі памешчыцкіх зямель на карысць малазямельных сялян, што не адпавядала ўрадавай аграрнай праграме. Пра гэта сведчаць прамовы Пятра Грудзінскага і Фёдара Петрачэнкі. Пры гэтым, як падкрэслівалася ў выступе Пятра Грудзінскага
«Свой дабрабыт і дастатак сяляне бачаць у дадатковым надзяленні зямлёй на правах уласнасці, а не на праве валодання ці на праве карыстання»[22].
Правыя сялянскія дэпутаты (акрамя вышэй адзначаных таксама Аляксандр Гаўрыльчык, Андрэй Краскоўскі, Варфаламей Мельнік, Іван Шыманскі) выступалі за перадачу часткі зямель польскіх памешчыкаў праваслаўным сялянам «па справядлівай ацэнцы»; у гэтай сувязі яны актыўна пратэставалі супраць прапановы аўтанамістаў аб вырашэнні аграрнага пытання органамі мясцовага самакіравання. Адметна, што салідарнасць з імі праявіў рускі праваслаўны памешчык Рыгор Лашкароў. У іх прамовах вырашэнне аграрнага пытання ставілася ў цеснай сувязі з ліквідацыяй «польскага ўціску» ў Заходнім краі і недапушчальнай ўвядзення якой-небудзь формы аўтаноміі ў ім[23]. Па словах Андрэя Краскоўскага,
«Не патрэбна нам такога самакіравання, якога жадаюць палякі і якое ўсю ўладу перадасць у рукі памешчыкаў. Нам не патрэбна і школ, якія маюць сваёй мэтай падпарадкаванне чыста праваслаўнага насельніцтва польскаму ўціску і пераводу праваслаўных у католікаў»[24].
Эклектызм поглядаў праваслаўных сялянскіх дэпутатаў найбольш яскрава выявіўся ў прамове Івана Шыманскага[25]:
«Я сялянскі дэпутат, выбраны руска-сялянскім саслоўем, і прыйшоў сюды абараняць веру, цара і аўчыну і патрабаваць зямлі».
Пры гэтым праект трудавікоў ён адкідваў як «рэвалюцыйны». Ён прапаноўваў перадачу сялянам памешчыцкай зямлі шляхам добраахвотных пагадненняў па «справядлівай ацэнцы»; нязгодных з гэтым памешчыкаў прапаноўвалася абкласці прагрэсіўным пазямельным падаткам[25].
Польска-каталіцкія дэпутаты з заходніх губерняў 26 лютага 1907 г. стварылі групу «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі». У яе склад увайшлі 12 дэпутатаў (у тым ліку ўсе 7 прадстаўнікоў Віленскай губерні): Міхал Вэнслаўскі (лідэр групы), Міхал Беніслаўскі, Станіслаў Ваньковіч, Генрых Дымша, Леў Лубенскі, Ваўжынец Путкамер, Сымон Пялейка (адзіны сялянскі дэпутат у групе), Леанард Радзевіч, Аляксандр Хамінскі, Мар'ян Хэлхоўскі, Станіслаў Ячыноўскі, а таксама Вінцэнт Лісоўскі з Падольскай губерні[26]. Сярод іх былі прыхільнікі краёўцаў кансерватыўна-ліберальнай плыні і прыхільнікі польскіх нацыянальных дэмакратаў[27], што пераважалі ў дэпутацкай групе «Польскае кола з Каралеўства Польскага». Гэта адлюстроўвалася ў дзейнасці «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі». З аднаго боку, была адхілена прапанова Ваўжынца Путкамера аб уваходжанні ў «Польскае кола», з другога, дэпутаты групы стварылі супольныя з дэпутатамі «Польскага кола» аграрную, канстытуцыйную, школьную і іншыя камісіі, а таксама салідарызаваліся з імі ў большасці пытанняў.
Праграмныя палажэнні дэпутацкай групы «Кола Літвы і Русі» адпавядалі тым патрабаванням, які былі выпрацаваны на перадвыбарчым сходзе каталіцкіх дваран-землеўладальнікаў у снежні 1906 г. у Вільні. Яны выступалі за ўвядзенне дэмакратычных свабод, раўнапраўе саслоўяў, нацыянальнасцей і рэлігій у Расійскай імперыі, дэцэнтралізацыю кіравання імперыяй і развіццё сістэмы мясцовага самакіравання, недатыкальнасць прыватнай уласнасці (у тым ліку зямельнай), ліквідацыю зямельнай цераспалосіцы і сервітутаў (у адпаведнасці з прынцыпамі сталыпінскай аграрнай рэформы), стымуляцыю і ўздым якаснага ўзроўню сельскагаспадарчай дзейнасці. Члены групы падтрымалі законапраект, які быў унесены дэпутатамі «Польскага кола» аб аўтаноміі Каралеўства Польскага (стварэнне польскага сойму, увядзенне самастойнага заканадаўства, суда, бюджэта, адукацыйнай сістэмы ў Каралеўстве Польскім), падпісалі разам з іншымі апазіцыйнымі думскімі дэпутатамі праект асноўных палажэнняў аб адмене палітычных і грамадзянскіх абмежаванняў, звязаных з нацыянальнасцю і веравызнаннем, далучыліся да заявы аб адмене ваенна-палявых судоў[28][29]. Па аграрным пытанні польскія дэпутаты вырашылі адстойваць агульную пазіцыю, што правядзенне аграрнай рэформы магчыма толькі пасля рэформы самакіравання. У адрозненне ад «Польскае кола», якое пагаджалася «ў выніку неабходнасці» на адчужэнне за выкуп часткі памешчыцкіх зямель, прадстаўнікі «Кола польскіх дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі» рашуча адстойвалі непахіснасць прыватнай уласнасці на зямлю[26].
У пачатку чэрвеня 1907 г. дэпутаты групоўкі падпісалі заяўленне аб унясенні законапраекта аб выкладанні ў Заходнім краі польскай і літоўскай мовы ў дзяржаўных навучальных установах, а таксама законапраекта аб мове пачатковай адукацыі ў губернях з нярускім і змешаным у нацыянальных адносінах насельніцтвам. Беларусы ў Расійскай імперыі ў той час лічыліся за складовую частку «рускага народа», таму расійскі ўрад цвёрда лічыў, што беларусы павінны атрымліваць адукацыю на рускай мове. Абодва законапраекты былі накіраваны ў Камісію па народнай адукацыі, але роспуск II Дзяржаўнай Думы не дазволіў нават абмеркаваць гэта[28].
Спіс дэпутатаў ад беларускіх губерняў у ІІ Дзяржаўнай Думе
[правіць | правіць зыходнік]Віленская губерня
[правіць | правіць зыходнік]- Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч — дваранін, землеўладальнік, намеснік старшыні Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Міхаіл Антонавіч Вэнслаўскі — дваранін, землеўладальнік, юрыст, гарадскі галава і грамадскі дзеяч у Вільні, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Ваўжынец Станіслававіч Путкамер — дваранін, землеўладальнік, грамадскі дзеяч у Вільні, член Віленскага сельскагаспадарчага таварыства, апякун евангеліцка-рэфармацкай царквы ў Вільні, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Сымон Вікенцьевіч Пялейка — селянін Ашмянскага павета, валасны суддзя, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Леанард Каралевіч Радзевіч — рымска-каталіцкі ксёндз у Жупранах Ашмянскага павета, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Аляксандр Станіслававіч Хамінскі — дваранін, землеўладальнік, публіцыст, літаратар, культурны дзеяч Вільні і Віленшчыны, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Мар'ян Геркуланавіч Хэлхоўскі — дваранін, землеўладальнік, юрыст, спецыяліст па эканоміцы і сельскай гаспадарцы, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
Віцебская губерня
- Міхаіл Міхайлавіч Беніслаўскі — дваранін, землеўладальнік з Рэжыцкага павета, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Андрэй Уладзіміравіч Бурмейстар — дваранін, землеўладальнік Гарадоцкага павета праваслаўнага веравызнання, член Рускага ўскраіннага саюза
- Ягор Пахомавіч Быкаў — селянін Невельскага павета, валасны старшыня, член Рускага ўскраіннага саюза
- Генрых Клеафасавіч Дымша — дваранін, землеўладальнік, урач, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Эдуард Андрэевіч Казарыч — дваранін, землеўладальнік латышскага паходжання ў Рэжыцкім павеце, аграном, кадэт
- Фёдар Ігнатавіч Петрачэнка — селянін Полацкага павета, удзельнік руска-японскай вайны, член Рускага ўскраіннага саюза
Гродзенская губерня
- Міхаіл Фёдаравіч Дзямідзюк — селянін Брэсцкага павета, беспартыйны, далучыўся да кадэтаў
- Павел Пятровіч Лапацін — дваранін, землеўладальнік, беспартыйны «прагрэсіўных поглядаў»
- Яўхім Ігнатавіч Ляпёшка — селянін Ваўкавыскага павета, беспартыйны, далучыўся да групы памяркоўна-правых
- Захар Лаўрэнцьевіч Макарэвіч — селянін Гродзенскага павета, беспартыйны
- Антон Міхайлавіч Санцэвіч — мешчанін з Ваўкавыскага павета, памочнік начальніка на чыгунцы, удзельнік руска-японскай вайны, беспартыйны, далучыўся да трудавікоў
- Сяргей Емяльянавіч Сядляр — селянін Кобрынскага павета, беспартыйны
- Станіслаў Станіслававіч Ячыноўскі — дваранін, землеўладальнік, юрыст, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
Магілёўская губерня
- Міхаіл Іванавіч Гашкевіч — праваслаўны святар у Чэрыкаўскім павеце, далучыўся да фракцыі кадэтаў
- Леанід Емяльянавіч Емяльянаў — селянін Клімавіцкага павета, валасны старшыня, беспартыйны
- Пётр Агеевіч Казакоў — селянін Быхаўскага павета, удзельнік руска-японскай вайны, беспартыйны, далучыўся да групы памяркоўна-правых
- Леў Францавіч Лубенскі — дваранін, землеўладальнік, член Мінскага і Магілёўскага сельскагаспадарчых таварыстваў, член Польскага кола дэпутатаў-канстытуцыяналістаў Літвы і Русі
- Іван Пятровіч Сазановіч — дваранін, землеўладальнік Магілёўскай губерні праваслаўнага веравызнання, навуковец-літаратуразнаўца, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, акцябрыст
- Дзяніс Кандрацьевіч Шчарбянок — селянін Чэрыкаўскага павета, валасны старшыня, далучыўся да фракцыі кадэтаў
- Сяргей Аляксеевіч Шыдлоўскі — прадвадзіцель дваранства Сенненскага павета, вайсковы афіцэр, акцябрыст
Мінская губерня
- Аляксандр Аляксеевіч Гаўрыльчык — селянін Барысаўскага павета, беспартыйны, член Рускага ўскраіннага саюза
- Пётр Феафілавіч Грудзінскі — селянін у Бабруйскім павеце, валасны пісар, акцябрыст
- Іван Самойлавіч Івашчанка — дваранін, расійскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, член земскіх і крэдытна-фінансавых устаноў у Санкт-Пецярбургу, акцябрыст
- Андрэй Аляксеевіч Краскоўскі — селянін з Навагрудскага павета, член Рускага ўскраіннага саюза
- Рыгор Аляксандравіч Лашкароў — дваранін, землеўладальнік Бабруйскага павета праваслаўнага веравызнання, вайсковы афіцэр, акцябрыст
- Варфаламей Мініч Мельнік — селянін Рэчыцкага павета, член Рускага ўскраіннага саюза
- Данііл Якаўлевіч Раменьчык — селянін Бабруйскага павета, валасны старшыня і суддзя, член Рускага ўскраіннага саюза
- Іван Андрэевіч Шыманскі — селянін Мінскага павета, член Рускага ўскраіннага саюза
- Вячаслаў Андрэевіч Якубовіч — праваслаўны святар у Петрыкаве, член Рускага ўскраіннага саюза[30][31].
Адносіны да Думы з боку беларускага нацыянальнага руху
[правіць | правіць зыходнік]Выбары і дзейнасць ІІ Дзяржаўнай Думы актыўна асвятляліся на старонках беларускай газеты «Наша ніва». Ужо ў першым нумары выдання ад 10 лістапада 1906 г. быў змешчаны артыкул «Выбары ў Дзяржаўную Думу», у якім на Думу ўскладаліся вялікія надзеі ў вырашэнні важнейшых сацыяльна-эканамічных праблем:
«Дума не ашукае народ, яна ўсё зробіць, каб споўніць народныя жаданні … увесь народ, змучаны небывалым уціскам, чакае, што Дума дасць свабоду, лепшыя парадкі, зямлю, паложыць канец крыўдзе народнай»[32].
22 снежня 1906 г. газета надрукавала наказ будучым думскім дэпутатам, паводле якога тыя павінны былі дабівацца ў Думе скасавання тых законаў, якія не дазвалялі свабодна купляць і прадаваць зямлю; ліквідацыі цераспалосіцы і сервітутаў («без крыўды для працуючых») у землекарыстанні сялян праз стварэнне хутарскіх гаспадарак; увядзення мясцовага самакіравання ў воласцях, паветах і губернях і прадстаўлення асобага самакіравання для Беларусі з соймам, выбраным усеагульным, роўным, тайным і простым галасаваннем; адмены ўскосных падаткаў і ўстанаўлення адзінага прагрэсіўнага падаходнага падатку; увядзення ўсеагульнай абавязковай бясплатнай адукацыі з забеспячэннем права і магчымасці вучыцца на роднай мове[33]. Пры разглядзе выбарчай кампаніі ў артыкулах «Нашай нівы» падвяргалася вострай крытыцы дзейнасць расійскіх вялікадзяржаўных шавіністаў, распальванне імі міжнацыянальнай варожасці; выкрываліся злоўжыванні і маніпуляцыі, якія дазволілі прадстаўнікам правых сіл атрымаць перамогу на выбарах у заходніх губернях. З другога боку, у распальванні міжнацыянальнай варожасці абвінавачваліся і польскія нацыяналісты. У выніку газета канстатавала:
«І ў выніку, няма адзінства сярод беларускіх сялян: адны пайшлі да „истинно-русских“, другія — да „истинно-польских“ людзей. А розніца паміж імі тая, што адны цягнуць у бок Масквы, іншыя — у бок Варшавы, а ўсе разам імкнуцца захапіць у свае рукі цёмны народ наш ды спакойна абдзіраць яго»[34].
"Наша ніва" заклікала беларускіх сялян галасаваць за кандыдатаў левага блока ў саюзе з гарадскімі выбаршчыкамі, не дапускаць выбрання дэпутатамі памешчыкаў. Асабліва акцэнтавалася ўвага на неабходнасць саюзу з яўрэйскімі рабочымі[35].
«Наша ніва» пільна сачыла за дзейнасцю Другой Думы. На яе старонках друкаваліся вытрымкі з прамоў шэрагу дэпутатаў, пераважна левых. У нумары ад 18 мая 1907 г. быў надрукаваны праект аграрнай рэформы, прапанаваны літоўскімі сацыял-дэмакратамі. У газеце сцвярджалася неабходнасць адчужэння памешчыцкіх зямель для вырашэння аграрнай праблемы. 24 лютага 1907 г. «Наша ніва» надрукавала артыкул «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», у якім акцэнтавала ўвагу на тым, што зямлёй у гэтай краіне ўпраўляе Рада народных дэпутатаў, выбраных усеагульным і прапарцыянальным галасаваннем. Там жа быў змешчаны артыкул «Дума і народ», дзе фактычна праводзілася параўнанне паўнамоцтваў членаў Рады ў Новай Зеландыі і дэпутатаў Думы ў Расійскай імперыі, якое падводзіла чытачоў да разумення неабходнасці перадачы вярхоўнай улады ўсенародна абранаму прадстаўнічаму органу. У той жа час выказвалася шкадаванне, што ў думскіх выступленнях, у тым ліку дэпутатаў ад беларускіх губерняў, не закранаецца тэма праблем уласна Беларусі. У якасці станоўчага прыкладу прыводзілася стварэнне дэпутацкай групы «ўкраінскай працоўнай грамады»[36].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Законодательная Дума Томской области
- ↑ а б Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 89.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 92-93.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 94-96.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 335—336.
- ↑ 2 Государственная дума — состав и деятельность председателя кратко, когда была распущена вторая госдума
- ↑ Полное Собрание Законов Российской Империи. Собрание третье. — СПб., 1910. — Т. XXVII. 1907. — [Архивировано 19 августа 2011 года.] № 29240—29242.
- ↑ Манифест о роспуске II Государственной Думы.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 106.
- ↑ а б Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 334.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 92.
- ↑ Забаўскі М. Дзяржаўная дума // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 240—242.
- ↑ Лавринович Д. С. Деятельность общероссийских либеральных партий на территории Беларуси (1905—1918 гг.). — Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2015. — С. 84-91.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 92-93.
- ↑ Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 333.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 82.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 83-85.
- ↑ Лавринович Д. С. Деятельность общероссийских либеральных партий на территории Беларуси (1905—1918 гг.). — Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2015. — С. 77-78.
- ↑ Лавринович Д. С. Деятельность общероссийских либеральных партий на территории Беларуси (1905—1918 гг.). — Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2015. — С. 87.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 85.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 95.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 96.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 96-98.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 97.
- ↑ а б Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005. — С. 336—337.
- ↑ а б Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 98-99.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 101.
- ↑ а б Циунчук, Р. А. Западных окраин группа // Государственная Дума России: Энциклопедия. — Т. 1: Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.). — Москва: РОССПЭН, 2006. — С. 215—217.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 99-101.
- ↑ Члены Государственной думы: (портреты и биографии): Второй созыв, 1907—1912 г. / сост. М. М. Боиович. — 2-е изд. — Москва: Типография Товарищества И. Д. Сытина, 1907.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 109—112.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 102.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 102—103.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 103.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 104.
- ↑ Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008. — С. 104—105.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- 62 речи министров во Второй Государственной думе: (составлены по стенографическим отчетам Канцелярии Государственной думы) / изд. В. Н. Бобров. — Москва, 1908.
- Аврех А. Я., Грунт А. Я. Государственная дума // Советская историческая энциклопедия, т. 4 / редколл.: Жуков Е. М. и др. — Москва: Советская энциклопедия, 1963. — С. 610—619.
- Алескеров Ф. Т., Кравченко А. С. Распределение влияния фракций в Государственный думах Российской империи (1906—1917). — Москва: ГУ ВШЭ, 2005. (в сети Архівавана 20 листопада 2021.)
- Витенберг Б. М. Государственная дума // Отечественная история: энциклопедия, т.1 / редколл.: В. Л. Янин и др. — Москва: Большая Российская энциклопедия, 1994. — С. 611—612.
- Выборы в I—IV Государственные думы Российской империи: (Воспоминания современников. Материалы и документы) / сост. И. Б. Борисов, Ю. А. Веденеев, И. В. Зайцев, В. И. Лысенко, под ред. А. В. Иванченко. — Москва, 2008.
- Гісторыя Беларусі. — Т. 4: Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / рэдкал.: М. П. Касцюк і інш. — Мінск: Экаперспектыва, 2005.
- Государственная Дума: Второй созыв. Обзор деятельности Комиссий и Отделов. — Санкт-Петербург: Государственная типография, 1907.
- Государственная дума Российской империи: 1906—1917 / Б. Ю. Иванов, А. А. Комзолова, И. С. Ряховская. — Москва: РОССПЭН, 2008.
- Государственная дума: Указатель к Стенографическим отчётам. Второй созыв. Сессия вторая: Заседания 1-53 (20 февраля — 2 июня 1907 г.): Том I: Заседания 1-30 (с 20 февраля по 30 апреля). Том II: Заседания 31-53 (с 1 мая по 2 июня). — Санкт-Петербург: Государственная типография, 1907.
- Демин В. А. Государственная Дума России: механизм функционирования. Москва: РОССПЭН, 1996.
- Забаўскі М. Дзяржаўная дума // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 240—242.
- Забаўскі М. М., Пуцік У. С. Прадстаўніцтва ад Беларусі ў Дзяржаўнай думе Расіі (1906—1917). — Мінск: Бел. дзярж. пед. ун-т., 1998.
- Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1917). — Мінск: БДПУ, 1999.
- Забаўскі М. М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906—1917 гг.). — Мінск: БДПУ, 2008.
- Запруднік Я. Палітычнае змаганне за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917 гг.) // ARCHE. — 2009. − № 1−2 (76−77), с. 43-217.
- Зурабов А. Г. Вторая Государственная дума: (впечатления): с приложением некоторых речей и резолюций с.-д. фракции. — Санкт-Петербург, 1908.
- Каминка А. И., Набоков В. Д. Вторая Государственная Дума. — Санкт-Петербург: Типография товарищества «Общественная польза», 1907.
- Козбаненко В. А. Партийные фракции в I и II Государственных Думах России. 1906 1907. — Москва: РОССПЭН, 1996.
- Лавринович Д. С. Деятельность общероссийских либеральных партий на территории Беларуси (1905—1918 гг.). — Могилев: МГУ им. А. А. Кулешова, 2015.
- Смалянчук А. Ф. Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 гг., Гродна: Ратуша, 2000.
- Смалянчук А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. — Гродна: ГрДУ, 2001.
- Смирнов А. Ф. Государственная Дума Российской империи. 1906—1917 гг. Историко-правовой очерк. — Москва: Книга и бизнес, 1998.
- Становление российского парламентаризма начала XX века / под ред. Н. Б. Селунской. — Москва: Мосгорархив, 1996.
- Циунчук, Р. А. Западных окраин группа // Государственная Дума России: Энциклопедия. — Т. 1: Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.). — Москва: РОССПЭН, 2006. — С. 215—217.
- Члены Государственной думы: (портреты и биографии): Второй созыв, 1907—1912 г. / сост. М. М. Боиович. — 2-е изд. — Москва: Типография Товарищества И. Д. Сытина, 1907.
- Jurkowski R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009.
- Posłowie polscy w parlamencie rosyjskim 1906—1917 : słownik biograficzny / Cz. Brzoza, K. Stepan. — Warszawa: Wydawnictwo Sejmowe, 2001.
- Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007.