Жаночая зборная Францыі па баскетболе
| Францыя Équipe de France féminine de basket-ball | |||
| Асноўныя зьвесткі | |||
|---|---|---|---|
| Рэйтынг ФІБА | 3 (9 лютага 2025) | ||
| Чалец ФІБА з | 1938 | ||
| Рэгіён ФІБА | Эўропа | ||
| Фэдэрацыя | Француская фэдэрацыя баскетболу | ||
| Трэнэр | Жан-Аймэ Тупан | ||
| Алімпійскія гульні | |||
| Удзелаў | 5 | ||
| Мэдалёў | |||
| Чэмпіянаты сьвету | |||
| Удзелаў | 11 | ||
| Мэдалёў | |||
| Чэмпіянаты Эўропы | |||
| Удзелаў | 15 | ||
| Мэдалёў | |||
| Форма | |||
|
| |||
| Спасылкі | |||
| Вэб-старонка | |||
| (абнаўленьне: 29 чэрвеня 2025) | |||
Жаночая зборная Францыі па баскетболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Францыю на міжнародных баскетбольных турнірах. Кіруецца Францускай фэдэрацыяй баскетболу.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Свой першы матч зборная Францыі, створаная пад эгідай Францускай фэдэрацыі баскетболу, згуляла 13 кастрычніка 1938 году супраць зборнай Швайцарыі і сьвяткавала перамогу зь лікам 43:18. Гэта быў першы чэмпіянат Эўропы сярод жанчынаў. Насамрэч, зборная Францыі існавала і раней, але тады кіравалася Францускай жаночай спартовай фэдэрацыяй. Галоўным посьпехам той баскетбольнай каманды 1930-х гадоў застаецца перамога на Сусьветных гульнях сярод жанчынаў 1934 году, зарганізаваных у Лёндане. Большасьць гульчыхаў той каманды таксама займаліся лёгкай атлетыкай. Праз Другую сусьветную вайну Францыя не брала ўдзел у матчах паміж 1938 і 1946 гадамі, што прывяло да поўнага абнаўленьня францускіх нацыянальных зборных па вайне.

У 1950 годзе быў зладжаны першы пасьля сусьветнай вайны чэмпіянат. Францыі пачала рыхтавацца да турніру яшчэ ўзімку, згуляўшы шэраг таварыскіх матчаў. Ты ня менш, турнір аказаўся моцным і францужанкі трывалі паразы ад зборных Вугоршчыны, Чэхаславаччыны і СССР, фінішаваўшы на спаборніцтвах на чацьвертым радку. У 1952 годзе зборная была сёмай, а ў 1953 годзе пасьля некалькіх адмоваў ад удзелу каманда ўсё ж такі накіравалася ў Паўднёвую Амэрыку, дзе ладзіўся першы чэмпіянат сьвету. Цягам турніру францускія спартоўкі зазналі паразу ад зборных ЗША і Чылі, але перамаглі ў іншых сустрэчах, здабыўшы бронзавыя мэдалі мундыялю. У 1960-х гадах зборная ня мела посьпехаў. На чэмпіянаце Эўропы 1970 году француская каманда, маючы ў складзе трэцюю бамбардзірку турніру Джэкі Шазалён, перамагла зборныя Польшчы, Італіі і Нідэрляндаў, але атрымала паразу ад зборнай СССР. Тым ня менш, дружына забясьпечыла сабе месца ў паўфінале, абгуляўшы зборную Вугоршчыны. Фінал супраць савецкіх баскетбалістак завяршыўся разгромнай паразай зь лікам 94:33. На хатнім чэмпіянаце Эўропы 1976 году францужанкі спыніліся на чацьвертым месцы, а Шазалён паводле колькасьці назьбіраных пунктаў была другой у сьпісе. Праз два гады вынік паўтарыўся. Цягам 1980-х гадоў зборная перыядычна трапляла на галоўны эўрапейскі турнір, але даць рады там ня здолела.

Чакаць на мэдалі давяло да канца 1990-х гадоў. У 1997 годзе галоўным трэнэрам быў прызначаны Ален Жардэль, які выбудаваў каманду вакол Янік Суўрэ і выдатнай цэнтравой Ізабэлі Фіялкаўскі. На чэмпіянаце Эўропы 1999 году дружына здолела прабіцца ў плэй-оф, дзе спачатку ў чвэрцьфінале перагуляла зборную Югаславіі, а потым выбіла ў паўфінале зборную Славаччыны. У фінале каманда сустрэлася з гаспадынямі з зборнай Польшчы, якія і трыюмфавалі на турніры, здабыўшы перамогу зь лікам 59:56. Дзякуючы срэбным мэдалям францускія баскетбалісткі другі раз кваліфікаваліся на летнія Алімпійскія гульні, да гэтага яны бралі ўдзел у летніх Алімпійскіх гульнях 1980 году. Наступны чэмпіянат Эўропы Францыя ладзіла на сваіх пляцоўках. Францужанкі, а таксама баскетбалісткі зборных Польшчы і Расеі ўважаліся за асноўных фаварытак турніру. У першым раўндзе зборная гаспадынь пасьлядоўна перамагла зборныя Румыніі, Югаславіі, Украіны, Польшчы і Гішпаніі, зь лёгкасьцю трапіўшы ў чвэрцьфінал. Першы чым дакрочыць да фіналу былі пераможаныя зборныі Славаччыны і Летувы. У вырашальным матчы францужанкі здолелі выгуляць расейскіх спартовак зь лікам 73:68 і ўпершыню стаць чэмпіёнкамі Эўропы. Катрын Мэлен быў прызнаная найлепшай гульчыхаў спаборніцтваў.
У наступныя гады зборная некалькі разоў сканчвала свой шлях на чвэрцьфіналах турніраў. На чэмпіянатах сьвету і Эўропы яны некалькі разоў фінішавалі на пятым месцы. Перад чэмпіянатам Эўропы 2009 году ў Латвіі галоўны трэнэр каманды П’ер Вэнсан сутыкнуўся з скарочанай паводле тэрміну падрыхтоўкай. Ягоны выбар стаў нечаканасьцю, бо ён здолеў вярнуць Мэлен, якая завяршыла сваю міжнародную кар’еру яшчэ ў 2005 годзе, а таксама пераканаў Сандрын Груду згуляць за «сініх». Французская каманда выбіла з чвэрцьфіналу зборную Грэцыі, а ў паўфінале была пераможаная зборная Беларусі. Фінал быў адзначаны перамогай зь лікам 57:53 над тагачаснымі дзейнымі чэмпіёнкамі зборнай Расеі. Сандрын Груда і Сэлін Дзюмэрк трапілі ў пяцёрку наймацнейшых чэмпіянату[1]. Праз два гады зборная спрабавала паўтарыць вынік, але нечакана зазнала паразу ў паўфінале ад зборнай Турэччыны і задаволілася бронзавымі мэдалямі. На летніх Алімпійскіх гульнях 2012 году францужанкі здабылі срэбныя мэдалі, а на хатнім чэмпіянаце Эўропы таксама былі другімі, саступіўшы зборнай Гішпаніі. З гэтага часу ўжо за часам галоўнай трэнэркі Валеры Гарнье зборная Францыі ажно пяць разоў запар брала срэбныя мэдалі эўрапейскага першынства. На Алімпійскім турніры 2024 году ў Парыжы францужанкі ўзялі срэбныя мэдалі, саступіўшы амэрыканкам з розьніцай у адзін пункт (66:67).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «Gruda, Dumerc Highlight All-Tournament Team». Eurobasketwomen2009.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
| |||||||||||||||||||||||