Заходняя вобласьць
| Заходняя вобласьць | |
| Западная область | |
| Агульныя зьвесткі | |
|---|---|
| Краіна | Расея |
| Статус | вобласьць (1917—1918) |
| Адміністрацыйны цэнтар | Смаленск (да красавіка 1918 г. Менск) |
| Улучае | тры губэрні |
| Найбуйнейшыя гарады | Гомель, Віцебск, Магілёў |
| Дата ўтварэньня | сакавік 1917 |
| Дата скасаваньня | 31 сьнежня 1918 |
| Старшыня | Аляксандар Мясьнікян |
| Афіцыйныя мовы | расейская |
| | |
Захо́дняя во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Расейскай рэспубліцы і ў Савецкай Расеі, утвораная пасьля Лютаўскай рэвалюцыі, у сакавіку 1917 году, з губэрняў, што ўваходзілі раней у склад Паўночна-Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Адміністрацыйны цэнтар — Менск.
У склад Заходняй вобласьці першапачаткова ўваходзілі Віцебская, Магілёўская і Менская губэрні, неакупаваная частка Віленскай губэрні, а з красавіка 1918 году таксама Смаленская губэрня.
У красавіку 1918 году ў сувязі з захопам беларускіх земляў кайзэраўскімі войскамі ў часе Першай сусьветнай вайны Заходняя вобласьць была рэарганізаваная, у яе склад увайшла Смаленская губэрня Маскоўскай вобласьці, а адміністрацыйны цэнтар быў перанесены зь Менску ў Смаленск. У тым сама годзе камісія Ўсерасейскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту РСФСР прапанавала стварыць, акрамя Маскоўскае, яшчэ тры вобласьці (камуны): Заходнюю, Паўночную і Ўральскую. Заходнюю камуну прапанавалася стварыць у складзе Смаленскай, Віцебскай, Магілеўскай, Чарнігаўскай, Менскай, Віленскай і Ковенскай губэрняў з абласным цэнтрам у Менску. На такіх сама пазыцыях стаяла і кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б), аблвыканкаму і СНК Заходняй вобласьці і Заходняга фронту. Яны лічылі Беларусь тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР. Аднак іхнія пляны не былі зьдзейсьненыя ў сувязі са стварэньнем 1 студзеня 1919 году Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, у склад якой увайшлі Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская, Менская і Смаленская губэрні.