Перайсці да зместу

Нараўлянскі разлом

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нараўлянскі разлом — субрэгіянальны разлом на поўдні Гомельскай вобласці амплітудай па паверхні фундамента да 3,2 км, аддзяляе Паўднёвую структурную зону Прыпяцкага прагіну ад Цэнтральнай.

Распасціраецца ў субшыротным напрамку на адлегласць каля 190 км. Разлом скідавага тыпу, прадстаўлены разломнай зонай шырынёй да 2-2,5 км.

Плоскасці скідальнікаў, якія акантурваюць Нараўлянскі разлом, апускаюцца на поўначы пад вуглом 45-65°. Максімальная вертыкальная амплітуда ссоўвання па разломе: парод крышталічнага фундамента 3500-4000 м, франскіх падсалявых адкладаў ад дзясяткаў да 3000 м і больш. Найбольшая амплітуда ссоўвання парод у раёне Нараўлянскай плошчы.

Залажэнне Нараўлянскага разлому адбылося ў дапознапратэразойскі час. На платформавым этапе тэктанічныя рухі праяўляліся па ім з перарывамі ад канца сярэдняга дэвону да антрапагену ўключна. Максімальная актывізацыя на вялікай адлегласці адбылася адначасова з намнажэннем фаменскіх саляносных адкладаў; у раёне Нараўлянскай і Усходне-Нараўлянскай плошчаў — у раннім карбоне, на крайнім усходзе — у познефранскі (лівенскі) час.

Па глыбіні пранікнення разлом, мяркуюць, коравы.