Перайсці да зместу

Прыватная ўкраінская школа імя Алексы Старажэнкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Прыватная ўкраінская школа імя Алексы Старажэнкі (1924-1935) — навучальная ўстанова міжваеннага Брэста[1].

Пачала дзейнічаць пры таварыстве “Просвіта на Поліссі” 1 верасня 1924 года. Дазвол на адкрыццё быў атрыманы намаганнямі пасла ў польскім Сейме, брэсцкага доктара Васіля Дмытрыюка. У міжваеннай Польскай дзяржаве — адзіная прыватная школа з украінскай мовай навучання за межамі Галічыны.

Знаходзілася ў Брэсце на прадмесці Кіеўка па адрасе вул. Дзявятага лютага, пазней вул. Зацмянтарна, 16 (цяпер вуліца Пушкінская, 102)[2].

Будынак належаў сям’і вучня Рабчэўскага, адрамантаваны бацькам іншага вучня, інжынерам Гаршчаруком[3].

Імя Алексы Старажэнкі для назвы школы выбралі, бо гэты ўкраінскі класік значную частку жыцця пражыў у Брэсце, помнік на яго магіле стаў сімвалічным месцам для мясцовых украінцаў.

Заняткі праходзілі ў дзве змены. Колькасць навучэнцаў вагалася ад 35 да 80. Вучыліся па два класы адначасова: першы з другім (з 8 да 11 гадзіны), трэці з чацвёртым (з 11 да 14 гадзіны). Пры неабходнасці вялікае памяшканне класа перараблялі пад актавую залу. Вывучалі ўкраінскую і польскую мовы, рэлігію, каліграфію, матэматыку, маляванне, гісторыю і геаграфію, спевы, рукадзелле[4].

Пасля чатырох класаў украінскай школы вучні працягвалі навучанне ў польскіх або, часцей, у прыватнай рускай гімназіі Брэста. У 1926 годзе была зроблена спроба адкрыць у горадзе трохкласную ўкраінскую гімназію як наступны ўзровень адукацыі, але польскія ўлады гэтага не дазволілі[3].

Крыніцай фінансавання школы былі бацькоўскія ўнёскі, добраахвотнае падаткаабкладанне ўкраінскіх паслоў і сенатараў, арганізаванае Васілём Дмытрыюком, ахвяраванні таварыства “Рідна школа”, страхавога таварыства “Дністер”, земскага іпатэчнага банка ў Львове. «Былі ахвяраванні ад прыватных асоб. Памятаю, як адзін пан, уладальнік рэстарана ў Берасці, ахвотна даў 50 злотых, але з просьбай, каб яго імя не было абнародавана», – успамінаў Васіль Дмытрыюк[5].

За гады існавання гімназіі змянілася тры дырэктары: Тыміш Алесіюк, Мікола Козяр, Паўло Артэмюк. Пры Артэмюку школа займела музычны ўхіл, дырэктар навучаў мастацтву і спеву, граў на скрыпцы. Пасля арышту Паўла Артэмюка выканаўцай абавязкаў дырэктара стала Лідзія Гарбачова.

Пры школе быў створаны аддзел Стралецкага саюза (кіраўнік Мікола Козяр).

Пры школе дзейнічалі 3-месячныя курсы для дарослых з выкладаннем украінскай і польскай мовы, алгебры і геаметрыі, гісторыі Украіны ў сувязі з гісторыяй Польшчы, геаграфіі і гігіены, з факультатывамі па спеве, украінскіх танцах, рукадзеллі. У 1926 годзе на курсы запісалася 43 хлопцы і 19 дзяўчат ад 15 да 27 гадоў, большасць – сяляне з-пад Берасця.

У юнацтве ў часе сплаву па Бугу ў якасці пластуна школу наведаў Раман Шухевіч, будучы галоўнакамандуючы Украінскай Паўстанцкай Арміяй[2].

Гнойовий, І. Українська народна школа ім. Ол. Стороженка у Берестю та польська шкільна політика на північно-західних український землях // Літопис Волині. — 1990. — Ч. 5 — С. 85-93.

  1. Гнойовий, І. Українська народна школа ім. Ол. Стороженка у Берестю та польська шкільна політика на північно-західних український землях // Літопис Волині. — 1990. — Т. 5. — С. 85-93.
  2. а б Берасце: украінскія гісторыі. Вялікі тур (англ.). IZI Travel. Праверана 6 лістапада 2025.
  3. а б Місіюк В. Українська школа у Бересті (1924–1934) // Над Бугом і Нарвою. — 2007. — № 1. — С. 25.
  4. Винниченко І. Українці Берестейщини, Підляшшя й Холмщини в першій половині ХХ століття: Хроніка подій. — Київ, 1997. — С. 60, 62, 64.
  5. Дмитріюк В. К. Дорогами війни і миру : спомини з додатком матеріялів до історії сім’ї. — 2012. — С. 82.