Перайсьці да зьместу

Прэдраг Стаякавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прэдраг Стаякавіч
Пазыцыя: лёгкі форвард
Рост: 206 см[1]
Вага: 100 кг[1]
Грамадзянства:
Нарадзіўся: 9 чэрвеня 1977(1977-06-09)[2] (48 гадоў)
Драфт

14, драфт НБА 1996 году
Сакрамэнта Кінгс

Клюбы
Гады Клюб
1992—1993 Црвена Зьвезда[d]
1993—1998 ПАОК
1998—2006 Сакрамэнта Кінгс
2006 Індыяна Пэйсэрз
2006—2010 Нью-Арлеан Пэліканз
2010—2011 Таронта Рэптарз
2011 Далас Мавэрыкс
Асабістыя ўзнагароды і дасягненьні
Статыстыка на NBA.com

Прэ́драг «Пэджа» Стая́кавіч (па-сэрбску: Предраг «Пеђа» Стојаковић; нар. 9 чэрвеня 1977 году, Пожага, СР Харватыя, Югаславія) — колішні сэрбскі прафэсійны баскетбаліст. Гуляў на пазыцыі лёгкага форварду. Быў абраны на драфце НБА 1996 году ў першым раўндзе пад агульным 14-м нумарам камандой «Сакрамэнта Кінгс». Мае падвойнае, сэрбскае і грэцкае, грамадзянства.

Нарадзіўся ў сэрбскай сям’і Міядрага і Бранкі Стаякавічаў у харвацкім горадзе Пожага. Падчас вайны на Балканах сям’я Прэдрага пераехала ў Бялград[3], дзе ён стаў выступаць за мясцовы баскетбольны клюб «Црвена Зьвезда».

У 1994 годзе пераехаў у Грэцыю, дзе пачаў выступаць за клюб ПАОК з Тэсалёнікаў[4]. Таксама ён атрымаў грэцкае грамадзянства і новае прозьвішча Кініс. Сваёй яскравай гульнёй у чэмпіянаце Грэцыі Прэдраг прыцягнуў да сябе ўвагу скаўтаў амэрыканскіх клюбаў і ў 1996 годзе быў абраны на драфце НБА пад 16-м нумарам клюбам «Сакрамэнта Кінгс», аднак пасьля драфту ён яшчэ два гады гуляў у ПАОК, перш чым перабрацца за акіян. У сваім апошнім сэзоне ў Грэцыі быў прызнаны самым каштоўным гульцом чэмпіянату, таксама сваім трохпунктавым кідком за 2 сэкунды да канца апошняга матчу паўфіналу плэй-оф супраць «Алімпіякосу» ён здабыў для сваёй каманды перамогу ў сэрыі і перапыніў пяцігадовую гегемонію «Алімпіякосу» ў чэмпіянаце. У фінале ПАОК саступіў «Панатынаікосу», лідэрам якога быў Байран Скот, які пазьней трэнаваў Стаякавіча ў Новым Арлеане.

У першых двух сэзонах у НБА быў рэзэрвовым лёгкім форвардам «Кінгс», аднак у сэзоне 2000—2001 гадоў стаў асноўным гульцом каманды. Правёў усе 75 матчаў, выходзячы на пляцоўку ў стартавай пяцёрцы, зьбіраючы ў сярэднім 20,4 пунктаў і робячы 5,8 падбораў пры адсотку рэалізацыі трохпунктавых кідкоў у 40%. Паводле вынікаў сэзону заняў другое месца ў апытаньні на званьне самага прагрэсуючага гульца Асацыяцыі, саступіўшы толькі Трэйсі Макгрэдзі з «Арланда Мэджык».

У сэзонах 2001—2002 і 2002—2003 гадоў працягваў дэманстраваць высокую выніковасьць, два гады запар беручы ўдзел у матчы ўсіх зорак НБА і выйграўшы конкурс у трохпунктавых кідках. У сэзоне 2003—2004 гадоў ізноў прыняў удзел у матчы ўсіх зорак, заняў другое месца ў лізе паводле сярэдняй колькасьці балаў, якія зьбіраюцца за гульню (24,2), заняў чацьвертае месца ў галасаваньні на званьне самага вартага гульца асацыяцыі і быў улучаны ў другую сымбалічную зборную ўсіх зорак НБА.

З сэзону 2004—2005 гадоў атрымаў запар некалькі траўмаў, празь якія ён прапускаў гульні чэмпіянату, ня мог набраць аптымальную форму і ўжо не дэманстраваў такую высокую выніковасьць, як у папярэдніх сэзонах. 25 студзеня 2006 году «Кінгс» абмянялі баскетбаліста на Рона Артэста ў «Індыяна Пэйсэрз»[5]. Напрыканцы сэзону, у разгар сэрыі плэй-оф, Стаякавіч атрымаў чарговую траўму і ня змог дапамагчы «Індыяне» прайсьці «Нью-Джэрзі Нэтс». У міжсэзоньне 2006 году Стаякавіч падпісаў з «Пэйсэрз» новы кантракт, пасьля чаго генэральны мэнэджар «Індыяны» абмяняў яго ў «Нью-Арлеан Горнэтс» на права падпісаньня кантракту з ангельцам Эндру Бэтсам[6].

Выступы ў «Горнэтс» пад кіраўніцтвам Байрана Скота Стаякавіч пачаў даволі пасьпяхова, як то 14 лістапада 2006 году ён назьбіраў рэкордныя для сябе 42 пункты ў гульні супраць «Шарлот Горнэтс». Аднак цяжкая траўма сьпіны неўзабаве вывела яго з шыхтаў да канца сэзону 2006—2007 гадоў, у якім ён згуляў усяго 13 матчаў. У наступным сэзоне Прэдраг адгуляў зь першых хвілін амаль усе матчы рэгулярнага чэмпіянату і зрабіў істотны ўнёсак у заняты «Горнэтс» другі радок у Заходняй канфэрэнцыі і выхад у паўфінал канфэрэнцыі ў плэй-оф.

20 лістапада 2010 году сэрб быў абменены ў «Таронта Рэптарз» разам з групай іншых гульцоў[7]. Згуляўшы ўсяго дзьве гульні, 20 студзеня 2011 году Стаяковіч быў звольнены з «Рэптарз». Ён прапусьціў 26 гульняў праз траўмы левага калена[8]. 24 студзеня 2011 году баскетбаліст узгодніў працоўную ўгоду з «Далас Мавэрыкс»[9]. У тым годзе «Мавэрыкс» сталі чэмпіёнамі НБА[10], прычым Стаякавіч зьбіраў у сярэднім 7,1 пунктаў за гульню падчас плэй-оф. 19 сьнежня 2011 году абвесьціў аб завяршэньні кар’еры, спасылаючыся на праблемы зь сьпінаю і шыяй, якія перашкаджалі яму гуляць надалей[11].

У складзе нацыянальнай зборнай Югаславіі рабіўся чэмпіёнам сьвету ў 2002 годзе і чэмпіёнам Эўропы ў 2001 годзе. У 1999 годзе выйграў бронзавы мэдаль чэмпіянату Эўропы. У 2001 годзе быў прызнаны найлепшым гульцом чэмпіянату Эўропы, у 2002 годзе — увайшоў у сымбалічную зборную чэмпіянату сьвету. У 2000 годзе браў удзел у Алімпійскіх гульнях ў Сыднэі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]