Перайсці да зместу

Селагінелавыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Селагінелавыя

Селагінела бязножкавая (Selaginella apoda)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Selaginellaceae Willk., 1854


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  17063
NCBI  3245
EOL  4172
IPNI  30003749-2
FW  54756

Селагіне́лавыя (Selaginellaceae) — сямейства вышэйшых споравых раслін класа палушнікападобных.

Шматгадовыя травы вышынёй ад 5-10 см да 1 м (некаторыя віды сцелістыя, іх даўжыня некалькі метраў). Парасткі большасці выкапнёвых і некаторых сучасных відаў радыяльна-сіметрычныя, з размешчанымі па спіралі аднолькавымі лістамі. У большасці сучасных відаў парасткі двухбаковыя з чатырохрадным лістаразмяшчэннем: 2 рады драбнейшага лісця размяшчаюцца на верхнім баку парастка, а 2 рады буйнейшага лісця — па баках. Таму дробнае лісце называюць спінным, а буйное — бакавым. Лісце простае суцэльнакраёвае, зубчатае або раснічастае, з адной жылкай. На верхняй плоскасці ліста, каля яго асновы, ёсць невялікая плевачная нарасць — лігула, або язычок. У відаў, дзе парасткі размешчаны плагіятропна, у развілках сцябла з ніжняга боку фарміруюцца рызафоры — асаблівыя, анатамічна падобныя да сцябла структуры, на якіх развіваюцца прыдаткавыя карані. У відаў з артатропнымі парасткамі няма рызафораў, і таму прыдаткавыя карані фарміруюцца на сцябле.

Усе прадстаўнікі сямейства з’яўляюцца разнаспоравымі раслінамі. Мікра- і мегаспарангіі размяшчаюцца на верхнім баку спарафілаў. Спарафілы фарміруюць спараносныя зоны на парастках або, часцей, спараносныя каласкі (стробілы), прычым у кожнай спараноснай зоне або кожным стробіле ёсць як мікра-, так і мегаспарафілы. У мікраспарангіях развіваюцца шматлікія мікраспоры, а ў мегаспарангіях — толькі 4 мегаспоры, прычым у некаторых відаў можа захоўвацца толькі адна мегаспора, а 3 іншыя адміраюць. Мікраспоры прарастаюць і фарміруюць моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт. А мегаспоры прарастаюць і пачынаюць фарміраваць жаночы гаметафіт. Пасля апладнення з зіготы развіваецца новае пакаленне спарафіту.

Сямейства аб’ядноўвае 750—770 відаў раслін, якія рознымі аўтарамі альбо ўключаюцца ў адзін буйны род селагінела (Selaginella), альбо дзеляцца на 17-19 больш дробных родаў і 7 падсямействаў. Прымітыўныя выкапнёвыя прадстаўнікі ўключаюцца ў род селагінелітэс (Selaginellites). Сучасныя прадстаўнікі шырока распаўсюджаны ва ўсіх частках свету, асабліва ў тропіках. Многія з іх — лясныя расліны; некаторыя віды з’яўляюцца эпіфітамі і растуць на дрэвах, некалькі відаў можна сустрэць у сухіх або сезонна сухіх раёнах.

З’яўленне сямейства, згодна з данымі малекулярнай сістэматыкі, адносіцца да канца дэвонскага — пачатку каменнавугальнага перыяду. Закамянеласці селагінелітэса адагнутага (Selaginellites resimus) з ніжняга карбону (каля 350⁠-⁠333 млн гадоў таму) з’яўляюцца самымі раннімі дакладна вядомымі выкапнёвымі прадстаўнікамі сямейства.