Таццяна Сяргееўна Кузіна
Таццяна Сяргееўна Кузіна | |
---|---|
Дата нараджэння | 26 красавіка 1973 (52 гады) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | Беларусь |
Род дзейнасці | Даследчык |
Месца працы | Школа маладых менеджараў і публічнага адміністравання SYMPA |
Навуковая ступень | Магістар паліталогіі |
Навуковы кіраўнік | Палітычная навука, публічнае адміністраванне |
Таццяна Сяргееўна Кузіна (нар. 26 красавіка 1973, Мінск) ― беларуская даследчыца, грамадская дзяячка, лектарка, экспертка ў сферы грамадзянскай супольнасці, грамадзянскага ўдзелу і публічнага адміністравання.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася 26 красавіка 1973 года ў Мінску.
Скончыла магістратуру Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, магістр палітычных навук[1].
У 1996—2009 гадах працавала ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, была намесніцай дэкана Франка-беларускага факультэта палітычных і адміністрацыйных навук, узначальвала Офіс публічных і міжнародных сувязяў, выкладала на бакалаўрскай праграме «Палітычныя і еўрапейскія даследаванні»[1].
У 2010—2015 гадах была выканаўчай дырэктаркай Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, супрацоўнічала з Беларускай даследчай радай ды іншымі навукова-даследчымі цэнтрамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці[1].
Грамадская і экспертная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Стаяла ля вытокаў стварэння Школы маладых менеджараў публічнага адміністравання (Sympa) і Беларускага інстытута рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання (BIPART), у якіх выкладала і займалася даследчай дзейнасцю[1].
Зрабіла важны ўнёсак у шматлікія праграмныя, стратэгічныя і даследчыя дакументы, у тым ліку ў рамках удзелу Sympa ў міжнародным даследчым праекце «EU-STRAT», які ажыццяўляўся ў 2016—2019 гадах з удзелам еўрапейскіх універсітэтаў (у тым ліку са Свабодным універсітэтам Берліна і Лейдэнскім універсітэтам у Нідэрландах) і навукова-даследчых арганізацый [2].
Крымінальная справа
[правіць | правіць зыходнік]28 чэрвеня 2021 года арыштавана ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Ёй былі прад’яўлены абвінавачванні па частцы 1 артыкула 357 і па частцы 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь[3]. 20 ліпеня разам з іншымі арыштаванымі калегамі прызнана палітзняволенай[4].
6 лютага 2023 года ў Мінску пачаўся суд над Таццянай Кузінай і Валерыяй Касцюговай. У залежнасці ад ролі Таццяну Кузіну і Валерыю Касцюгову абвінавачвалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: частцы 1 артыкула 357 («дапамога дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады»), частцы 3 артыкула 361 («заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы») і частцы 3 артыкула 130 («распальванне іншай сацыяльнай варожасці»)[5]. 17 сакавіка 2023 года Таццяне Кузінай і Валерыі Касцюговай прысудзілі па 10 гадоў калоніі агульнага рэжыму[6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г Просьба о солидарности и поддержке, Школа молодых менеджеров публичного администрирования, 05.07.2021, https://web.archive.org/web/20210706071003/http://www.sympa-by.eu/ru/articles/prosba-o-solidarnosti-i-podderzhke.html
- ↑ У Магілёве абмяркоўвалі ўзаемадзеянне грамадскага сектара і ўладаў, 22-03-2019, MOGILEVPRESS.BY, https://web.archive.org/web/20220324063516/http://mogilevpress.by/naviny-supolki/20-u-magleve-abmyarkoval-zaemadzeyanne-gramadskaga-sektara-lada.html
- ↑ Taccjana Kuzina, 100xSolidarität, Solidarität mit den politischen Gefangenen in Belarus, https://100xsolidaritaet.de/personen-in-haft/taccjana-kuzina
- ↑ Затрыманыя журналісты «Белсат» і «Радыё Свабода», а таксама Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова прызнаныя палітвязнямі, ПЦ Вясна, 20.07.2021, https://spring96.org/be/news/104384
- ↑ У Менску судзяць рэдактарку Касьцюгову і дасьледчыцу Кузіну, Радыё Свабода, 6 лютага 2023, https://www.svaboda.org/a/32257215.html
- ↑ Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну асудзілі да дзесяці гадоў пазбаўлення волі