Шчорсы
Аграгарадок
Шчорсы
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Шчо́рсы[2] (трансліт.: Ščorsy, руск.: Щорсы) — аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Нёман. Адміністрацыйны цэнтр Шчорсаўскага сельсавета. Месціцца за 24 км на паўночны ўсход ад Навагрудка.
Шчорсы — адна з колішніх рэзідэнцый магнацкага роду Храптовічаў.
Этымалогія назвы
[правіць | правіць зыходнік]На думку беларускага географа В. Жучкевіча тапонім «Шчорсы» ўтварыўся ад прозвішча Шчорс[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя звесткі аб Шчорсах датуюцца 1265 годам і звязаны са стварэннем Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра.[4]
Паводле падання, у XIV ст. (магчыма, з 1386) у Шчорсах існавала праваслаўная царква, якую па заключэнні Берасцейскай уніі (1596) стала грэка-каталіцкай. Старажытнасць бажніцы пацвярджае царкоўны дакумент, датаваны 1627 годам[5].

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мясцовасць увайшла ў склад Новагародскага павета Новагародскага ваяводства. У 1758 старая драўляная царква згарэла, на яе месцы ў 1776 па фундацыі канцлера вялікага Яўхіма Храптовіча ўзвялі новую мураваную. У гэты ж час Я. Храптовіч збудаваў тут палацавы комплекс з паркам і сажалкамі. Пры палацы мелася багатая бібліятэка, якая ўключала ў сабе не менш за 10 тысяч тамоў (па некаторых дададзеных — каля 20 тысяч).[6]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Шчорсы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Навагрудскім павеце. У пач. XIX ст. тут адкрылася грэка-каталіцкая парафіяльная школа. Па скасаванні уніі (1839) расійскія ўлады ліквідавалі гэту адукацыйную ўстанову, новая школа з’явілася ў Шчорсах толькі каля 1866. У другой палове XIX ст. у вёсцы было 156 двароў, дзейнічалі шпіталь і школа.
Падчас Першай сусветнай вайны дварцова-паркавы комплекс, як і самі Шчорсы, пацярпелі ад ваенных дзеянняў. У 1915 праз вёску праходзіў фронт: ў маёнтку — нямецкія войскі, за Нёманам — расійскія. У ходзе баявых дзеянняў большая частка будынка дварца згарэла, як і абодва флігелі. Засталіся толькі сцены.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Шчорсы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі.
У 1939 Шчорсы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 сталі цэнтрам сельсавета.
У 1941 годзе, падчас Вялікай Айчыннай Вайны, вёска была акупавана нямецкімі войскамі. Шчорсы былі ўключаны ў склад рэйхскамісарыяту Остланд. У 1943 годзе немцамі былі расстраляныя 43 мірныя жыхары. Каб ушанаваць памяць аб іх, у цэнтры аграгарадка быў усталяваны помнік.
У 2008 годзе вёсцы Шчорсы быў прыданы статус аграгарадка.[7]
- Шчорсы на старых фотаздымках
-
Палац. Ю. Барэці, 1894
-
Мураванка. Ю. Барэці, 1894
-
Палац, галоўны фасад
-
Палац, 1894
-
Царква і вёска
-
Царква
-
Палац падчас Першай сусветнай вайны
-
Палац падчас Другой сусветнай вайны
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 2008—577 чал., 286 двароў.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Бібліятэка Храптовічаў (XVIII ст.)
- Сядзіба Храптовічаў (XVIII—XIX стст., палац не захаваўся)
- Фальварак Мураванка (2-я пал. XIX ст.)
- Царква Святога Дзмітрыя Салунскага (1770—1776, колішняя грэка-каталіцкая)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Шчорсаўскі палац Храптовічаў (1770—1776) пацярпеў у Першую і Другую сусветныя войны, пасля чаго яго зруйнавалі савецкія ўлады. Цяпер ад палаца засталіся толькі падмуркі.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Антон Юзаф Глінскі (1817—1866) — польскі пісьменнік.
- Васіль Васільевіч Моніч (1874—1929, Харкаў) — вучоны ў галіне паравозабудавання. Прафесар[8]
- Янка Нёманскі (1890—1937) — беларускі празаік, публіцыст, эканаміст, грамадскі дзеяч.
- Кастусь Шышэя (1921—2004) — дзеяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху.
У розны час у Шчорсах спыняліся Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот і іншыя.
Зноскі
- ↑ https://novogrudok.gov.by/ru/schors-ru/
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 414.
- ↑ Па словах старшыні адзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марыны Шабановіч. Першыя звесткі аб Шчорсах звязаны з стварэннем Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага манастыра
- ↑ Szczorsy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. S. 860.
- ↑ https://www.sb.by/articles/puteshestvie-v-shchorsy.html
- ↑ https://novogrudok.gov.by/ru/schors-ru/
- ↑ https://esu.com.ua/article-69173
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Szczorsy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola (польск.). — Warszawa, 1890. S. 859—861.
- Храптовіч-Буцянёва В. А. Злом: (1939―1942): успаміны [пераклад Таццяны і Яўгена Лецкаў; прадмова Я. Лецкі]. — Мінск: Кнігазбор, 2011. — 275 с. — 500 экз. ISBN 978-985-7007-23-3
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Шчорсы на Вікісховішчы |
---|
- в. Шчорсы на Radzima.org
- Шчорсы на сайце «Глобус Беларуси» (руск.)
- Прагноз надвор’я ў в. Шчорсы Архівавана 10 верасня 2016.