Перайсьці да зьместу

Эўрапейскае камандаваньне ЗША

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 48°44′11″ пн. ш. 9°4′52″ у. д. / 48.73639° пн. ш. 9.08111° у. д. / 48.73639; 9.08111

Эўрапейскае камандаваньне ЗША
анг. United States European Command

Эмблема
Гады існаваньня ад 1 жніўня 1952 (72 гады таму)
Краіна ЗША
Падпарадкаваньне Міністэрства абароны ЗША
Уваходзіць у Узброеныя сілы ЗША
Тып камандаваньне
Уключае ў сябе 5-ы армейскі корпус (Познань), 6-ы флёт (Нэапаль), 3-я паветраная армія (Рамштайн), 10-я група сілаў спэцпрызначэньня (штат Каларада)
Функцыя дапамога саюзьнікам па Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы
Колькасьць 74 000 (2018 год)
Дысьлякацыя Штутгарт (Нямеччына)
Мянушка Эўракам
Дэвіз Мацней разам
Узбраеньне артылерыя і танкі, балістычныя і крылатыя ракеты, зьнішчальнікі Ф-15 і Ф-16, бесьпілётнікі МКю-9, ракетныя эсьмінцы
Войны Басьнійская, Косаўская, Аўганская і Ірацкая
Удзел у Лібанскі крызіс 1958 году, «Няскораная свабода Транссахары»
Дзейны камандзір Крыстафэр Каволі
Вядомыя камандзіры Алексус Грынкевіч

Эўрапейскае камандаваньне ЗША — аб’яднанае баявое камандаваньне Ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе, заснаванае ў жніўні 1952 году ў Франкфурце-на-Майне (Нямеччына).

На 2025 год адказвала за вайсковую дапамогу саюзьнікам па Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы (Бэльгія) і сумесныя вучэньні зь імі[1]. Цывільны штаб месьціўся ў нямецкім Штутгарце (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) па вуліцы Курмахера, дом 2304. Вайсковы штаб знаходзіўся ў казармах Патча на захадзе Штутгарту[2]. Кіраўніцтва Эўракаму ўтваралі: камандзір і ягоны намесьнік, начальнік штабу, старэйшы закліканы правадыр і дарадца ў замежнай палітыцы[3].

На 2025 год у склад Эўрапейскага камандаваньня ЗША ўваходзілі:

Ракетны эсьмінец «Пол Ігнатыюс» выплывае зь нямецкага порта Ростака на Балтыйскім моры (2025 год)
Авіябаза Рамштайн, дзе месьцілася 3-я паветраная армія (2009 год)
Жаўнеры 1-га батальёна 10-й групы ССП на стрэльбах у Бёблінгіне (2015 год)
Мэцью Рыджўэй — першы галоўны камандзір Эўрапейскага камандаваньня ЗША (1952 год)

19 траўня 1952 году вярхоўны саюзны камандзір у Эўропе (ВСКЭ) Дўайт Эйзэнгаўэр паведаміў Камітэту начальнікаў штабоў ЗША (КНШ) пра намер стварыць асобны штаб для сумесных вайсковых справаў ЗША ў Эўропе. 23 траўня КНШ ЗША ўхваліў прапанову Эйзэнгаўэра, які даручыў свайму намесьніку Томасу Хэндзі стварыць аб’яднанае камандаваньне. 30 траўня 1952 году ВСКЭ стаў Мэцью Рыджўэй. 1 жніўня 1952 году Рыджўэй падпісаў Загад № 1, якім заснаваў Эўрапейскае камандаваньне ЗША (Эўракам ЗША). Загадам № 2 у той самы дзень ён аб’яднаў пад кіраўніцтвам Эўракаму 3 эўрапейскія камандаваньні — Вайскова-паветраныя сілы ЗША ў Эўропе, Эўрапейскае камандаваньне Арміі ЗША, якое перайменавалі ў Армію ЗША ў Эўропе, і Вайскова-марскія сілы ЗША ва Ўсходняй Атлянтыцы і Міжземнамор’і. У 1952 годзе Рыджўэй зрабіў свайго намесьніка Хэндзі кіраўніком штабу Эўракаму, які першыя 2 гады месьціўся ў Франкфурце-на-Майне (Заходняя Нямеччына). У 1954 годзе штаб перамясьцілі ў Сэн-Жэрмэн-ан-Ле (дэпартамэнт Івэлін, Францыя) на захад ад Парыжу, дзе знаходзіўся Вярхоўны штаб саюзных дзяржаваў у Эўропе[21].

У 1958 годзе войскі Эўракаму прыцягвалі для вырашэньня Лібанскага крызісу. У 1966 годзе францускі прэзыдэнт Шарль дэ Голь запатрабаваў вываду войскаў ЗША з Францыі разам са штаб-кватэрай Арганізацыі Паўночнаатлянтычнай дамовы. Таму 15 сакавіку 1967 году Эўрапейскае камандаваньне ЗША разьмясьцілі ў нямецкім Штутгарце, дзе раней знаходзіўся штаб 7-й арміі ЗША. У 1967 годзе пачалі шэраг штогадовых вучэньняў «Вяртаньне сілаў у Нямеччыну». У 1976 годзе Савецкі Саюз разгарнуў у дзяржавах-удзельніцах Арганізацыі Варшаўскай дамовы (Польшча) балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці РСД-10 «Піянэр». У адказ у 1983 годзе Эўрапейскае камандаваньне ЗША разгарнула балістычныя ракеты сярэдняй далёкасьці «Пэршынг 2» і крылатыя ракеты наземнага разьмяшчэньня. Колькасьць войскаў Эўракаму павялічылі да больш як 350 000 чалавек[21].

Мапа падразьдзяленьняў Эўракаму ў Заходняй Нямеччыне (1987 год)

Згодна з законам Голдўотэра-Нікалса 1986 году «Аб рэарганізацыі Міністэрства абароны» старшыня Камітэту начальнікаў штабоў Колін Паўэл увёў кіраваньне баявымі камандзірамі без узгадненьня з начальнікамі відаў войскаў. Таксама паводле гэтага закону, стварылі Камандаваньне спэцыяльнымі апэрацыямі ЗША (штат Флорыда), якое ўлучыла адпаведнае камандаваньне ў Эўропе (Штутгарт). У 1987 годзе заключылі амэрыкана-савецкую Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. У выніку спынілі разгортваньне балістычных ракетаў РСД-10 і «Пэршынг 2», а таксама крылатыя ракеты наземнага разьмяшчэньня. У 1989 году адбылося падзеньне Бэрлінскага муру, што абазначыла канец Халоднай вайны. У 1991 годзе распаліся Арганізацыя Варшаўскай Дамовы і Савецкі Саюз. Таму ў 1991 годзе Эўракам зьняў свой паветрана-дэсантны камандны пункт з баявой гатоўнасьці і перадаў частку сілаў Цэнтральнаму камандаваньню ЗША для апэрацыі «Бура ў пустыні» па-за Эўропай[21].

У 1990-я гады Эўракам супрацоўнічаў з разьвіцьцёвымі краінамі праз такія праграмы, як Праграма сумесных кантрактных дружынаў, праграма АПАД «Партнэрства дзеля міру» і Праграма дзяржаўнага супольніцтва Бюро Нацыянальнай гвардыі ЗША. Праводзілі міратворчыя дзеяньні ў на Балканах, у тым ліку ў Босьніі і Герцагавіне, Македоніі і сэрбскім краі Косава і Мятохія. Тым часам, колькасьць войскаў Эўракаму скарацілі да менш як 120 000 чалавек. Пасьля тэрарыстычных актаў 11 верасьня 2001 году Эўрапейскае камандаваньне ЗША вылучыла асноўныя сілы для Аўганскай і Ірацкай войнаў, у тым ліку для ратацыі. Падрывы цягнікоў у Мадрыдзе 2004 году і падрывы ў Лёндане 2005 году запатрабавалі адказу ў Афрыцы. У 2007 годзе Эўракам пачаў апэрацыю «Няскораная свабода Транссахары» ў Заходняй Афрыцы. 1 кастрычніка 2008 году са складу Эўракаму вылучылі Афрыканскае камандаваньне ЗША са штабам таксама ў Штутгарце, якому перадалі мерапрыемствы ў Афрыцы. Гэта дазволіла Эўракаму засяродзіць намаганьні на Каўказе[21].

У 2018 годзе Эўрапейскае камандаваньне ЗША налічвала 74 000 вайскоўцаў, зь іх 34 000 прыпадала на Армію, 27 000 на Вайскова-паветраныя сілы, 10 000 на Вайскова-марскі флёт і 3000 на марскіх пехацінцаў. Яшчэ 20 000 цывільных супрацоўнікаў абслугоўвалі патрэбы Эўракаму. За 2015—2019 гады забесьпячэньне Эўракаму праз Эўрапейскае пачынаньне стрымліваньня пачылічылі 6-кратна да 6,5 млрд даляраў[22].

Алексус Грынкевіч — першы беларус, прызначаны загадваць Эўрапейскім камандаваньнем ЗША
  1. Мэцью Рыджўэй (30 траўня 1952 — 11 ліпеня 1953; Армія ЗША)
  2. Альфрэд Грунтэр (11 ліпеня 1953 — 20 лістапада 1956; Армія ЗША)
  3. Лорыс Норстад (20 лістапада 1956 — 1 лістапада 1962; Вайскова-паветраныя сілы ЗША)
  4. Ліман Лемніцэр (1 лістапада 1962 — 1 ліпеня 1969; Армія ЗША)
  5. Эндру Гудпастэр (1 ліпеня 1969 — 15 сьнежня 1974; Армія ЗША)
  6. Аляксандар Хэйг (15 сьнежня 1974 — 1 ліпеня 1979; Армія ЗША)
  7. Бэрнард Роджэрз (1 ліпеня 1979 — 26 чэрвеня 1987; Армія ЗША)
  8. Джон Гэлвін (26 чэрвеня 1987 — 23 чэрвеня 1992; Армія ЗША)
  9. Джон Шалікашвілі (23 чэрвеня 1992 — 22 кастрычніка 1993; Армія ЗША)
  10. Джордж Жульўан (22 кастрычніка 1993 — 11 ліпеня 1997; Армія ЗША)
  11. Ўэсьлі Кларк (11 ліпеня 1997 — 3 траўня 2000; Армія ЗША)
  12. Джозэф Ральстан (3 траўня 2000 — 17 студзеня 2003; Вайскова-паветраныя сілы ЗША)
  13. Джэймз Джонз (17 студзеня 2003 — 7 сьнежня 2006; Корпус марской пяхоты ЗША)
  14. Банц Крэдак (7 сьнежня 2006 — 2 ліпеня 2009; Армія ЗША)
  15. Джэймз Стаўрыдзіс (2 ліпеня 2009 — 13 траўня 2013; Вайскова-марскі флёт ЗША)
  16. Філіп Брыдлоў (13 траўня 2013 — 4 траўня 2016; Вайскова-паветраныя сілы ЗША)
  17. Кёрціс Скапароці (4 траўня 2016 — 3 траўня 2019; Армія ЗША)
  18. Тод Ўолтэрз (3 траўня 2019 — 1 ліпеня 2022; Вайскова-паветраныя сілы ЗША)
  19. Крыстафэр Каволі (1 ліпеня 2022 — 2025; Армія ЗША)
  20. Алексус Грынкевіч (ад 2025 году; Вайскова-паветраныя сілы ЗША)[23]
  1. ^ Пра камандаваньне (анг.) // Эўрапейскае камандаваньне ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  2. ^ Зьвяжыцеся з намі (анг.) // Эўрапейскае камандаваньне ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  3. ^ Старэйшае правадырства (анг.) // Эўрапейскае камандаваньне ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  4. ^ Падразьдзяленьні (анг.) // Армія ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  5. ^ Карабель «Гара Ўітні» (анг.) // Вайскова-марскія сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  6. ^ 65-я апэрацыйная група (анг.) // Вайскова-марскія сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  7. ^ 67-я апэрацыйная група (анг.) // Вайскова-марскія сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  8. ^ 69-я апэрацыйная група (анг.) // Вайскова-марскія сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  9. ^ 3-я паветраная армія (анг.) // Вайскова-паветраныя сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  10. ^ 406-е паветрана-экспэдыцыйнае крыло (анг.) // Вайскова-паветраныя сілы ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  11. ^ Падразьдзяленьні (анг.) // Каралеўская авіябаза Лэйкенхіт, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  12. ^ 86-е крыло паветранага транспарту (анг.) // Авіябаза Рамштайн, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  13. ^ 39-е крыло авіябазы (анг.) // Авіябаза Інджырлік, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  14. ^ 100-е крыло дазапраўкі ў паветры (анг.) // Каралеўская авіябаза Мілдэнхол, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  15. ^ 52-е зьнішчальнае крыло (анг.) // Авіябаза Шпангдалем, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  16. ^ Пра нас (анг.) // 501-е крыло баявой падтрымкі, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  17. ^ Крыло цяжкага паветранага транспарту (анг.) // Праграма «Стратэгічная паветрана-транспартная здатнасьць», 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  18. ^ Гісторыя (анг.) // Сілы марской пяхоты ЗША ў Эўропе і Афрыцы, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  19. ^ Камандаваньне спэцыяльнымі апэрацыямі ЗША ў Эўропе (анг.) // Камандаваньне спэцыяльнымі апэрацыямі ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  20. ^ Нашыя сілы (анг.) // Эўрапейскае камандаваньне ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  21. ^ а б в г Гісторыя Эўракаму ЗША (анг.) // Эўрапейскае камандаваньне ЗША, 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  22. ^ Эўрапейскае камандаваньне ЗША: агляд і ключавыя пытаньні (анг.) // Кангрэс ЗША, 12 сакавіка 2019 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.
  23. ^ ЗША прызначылі галоўнакамандуючым сіламі АПАД у Эўропе нашчадка беларускіх імігрантаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 5 чэрвеня 2025 г. Праверана 9 чэрвеня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]