Беларус Віленшчыны
| Беларус Віленшчыны | |
| Заснавальнік | Таварыства беларускае культуры (Вільня) |
|---|---|
| Уладальнік | Таварыства беларускай культуры |
| Выдавец | Таварыства беларускай культуры |
| Краіна | Летува |
| Рэгіён | Вільня |
| Галоўны рэдактар | Рэдакцыйная Рада |
| Заснаваная | 1993 |
| Закрытая | 1995 |
| Мова | беларуская |
| Аб’ём | 1 |
| Пэрыядычнасьць | штотыдзень |
Беларус Віленшчыны — штотыднёвая старонка Таварыства Беларускай Культуры ў Літве, якая выходзіла ў Вільне ад 1993 па 1995 год. Зьяўленьню беларускай старонкі папярэднічалі рэгулярныя расейскамоўныя публікацыі беларускай тэматыкі працягам 1992—1993 гадоў. На той момант у Вільне ўжо існавала два беларускіх пэрыёдыка — «Наша Ніва» ды «Vilnia i Kraj», але на думку выдаўцоў, яны зусім не адлюстроўвалі тэмы і праблемы цікавыя старэйшаму пакаленьню беларусаў віленчукоў. Першы нумар «Беларуса Віленшчыны» зьявіўся на пятай старонцы расейскамоўнай віленскай газеты «Эхо Литвы» у пятніцу 5 лістапада 1993 года.
Далей старонка працягвала выходзіць штотыдзень. Праз год, ад 2 верасьня 1994, таксама па пятніцах старонка пачала друкавацца паралельна яшчэ й у польскамоўнай газэце «Kurier Wileński»(pl). Зьмест абедзьвюх вэрсіяў быў аднолькавы, аднак у польскай газэце матэрыялы былі набраныя лацінкай, а выпускі тут мелі сваю, адрозную ад кірылічнае вэрсіі, нумарацыю.
Старонка рыхтавалася на абсталяваньні «Наша Ніва» і тэхнічную частку працы выковалі яе супрацоўнікі: набор рабіў Андрэй Антонаў, а карэктуру і вёрстку Сяргей Дубавец. Да падрыхтоўкі пэрыёдыка таксама рэгулярна далучаліся валантэркі зь ліку студэнтак-беларусістак Віленскага Пэдагагічнага Ўнівэрсытэту Марыя Вабалевіч і Іна Бейнар.
Аб беларускай старонцы «ў дзяржаўнай рускамоўнай газэце» інфармавала чытачоў гарадзенская газэта «Пагоня» ў лістападзе 1993 года.[1]
Апошні выпуск у «Эхо Литвы» зьявіўся 30 сьнежня 1994 года пад нумарам 59. Далей старонка працягвала зьяўляцца ў «Kurier Wileński», дзе апошні раз была надрукаваная 31 сакавіка 1995 году пад нумарам 31 (у новай асобнай нумарацыі). За ўвесь час было выдадзена агулам 73 нумары. «Выпуск старонкі прыпыніўся, калі рэдакцыі газэтаў патрабавалі дадатковай аплаты, а такой магчымасьці ў нас не было», піша ў сваіх успамінах былы старшыня Таварыства Беларускай Культуры ў Літве Хведар Нюнька.[2]
Большасьць аўтарскіх матэрыялаў старонкі падпісаны Лявонам Луцкевічам (псэўданімы «Дзядзька Лявон», «Стары Віленчук», «Адам Міхальчук», подпіс «Т. Б.») і Лявонам Каралём(be) (подпіс «Л. К.»), часам публікаваліся артыкулы Зоі Коўш, Аляксея Анішчыка, Алега Аблажэя, Паўла Саўчанкі, Людвікі Кардзіс, Сержука Вітушкі, Лілеі Плыгаўкі, ды лісты й вершы чытачоў. Артыкулы збольшага прысьвечаныя біяграфіям віленскіх беларускіх дзеячоў, гострым дыскусіям аб беларускай школе ды культурным імпрэзам беларускай Вільні.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сяргеева, Галіна. Беларус Віленшчыны. У: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 тамах. Т. 6. Кн. 2. Стр. 331. Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]