Перайсьці да зьместу

Віктар Ганчарэнка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віктар Ганчарэнка
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 10 чэрвеня 1977(1977-06-10)[1] (48 гадоў)
Рост 171 см[2]
Вага 71 кг[2]
Пазыцыя абаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1995—1997 РВАР[d] 49 (3)
1998—2002 БАТЭ 82 (1)
2000 РШВСМ-Алімпія[d] 2 (0)
Зборныя
1998—1999 Беларусь (да 21) 9 (1)
Трэнэрскія клюбы
2007—2013 БАТЭ
2013—2014 Кубань Краснадар
2015 Урал
2016 Уфа
2016—2021 ЦСКА Масква
2021—2022 Краснадар
2022—2024 Урал
2024—2025 Пары Ніжні Ноўгарад

Ві́ктар Ганчарэ́нка (нар. 10 чэрвеня 1977 году, Хвойнікі, Гомельская вобласьць) — беларускі футбаліст і футбольны трэнэр. У 2007—2013 гадах узначальваў барысаўскі БАТЭ. Найлепшы трэнэр Беларусі 2008, 2009, 2010, 2012, 2014, 2016, 2017, 2018, 2019, 2020 і 2022 гадоў. У цяперашні час зьяўляецца галоўным трэнэрам клюбу «Пары».

Скончыў Хвойніцкую спартовую школу і сталічную Рэспубліканскую вучэльню алімпійскага рэзэрву. Атрымаў вышэйшую спартовую адукацыю — у 2004 годзе скончыў Беларускую акадэмію фізычнай культуры (трэнэр па футболе). Мае трэнэрскую ліцэнзію «Pro».

Выступаў за «Стралічава», МВКЦ-96, РВАР і БАТЭ. Абаронца. Двухразовы чэмпіён Беларусі ў складзе БАТЭ (1999, 2002), бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі (2001). Кар’еру гульца завяршыў у 25 гадоў праз сур’ёзную траўму — разрыў крыжападобнай зьвязкі[3], мэніск. У час выступленьня за БАТЭ здымаў кватэру разам з брамнікам нацыянальнай зборнай Юр’ем Жаўновым.

У 2004—2006 гадах працаваў трэнэрам дублюючага складу БАТЭ. З 2007 — старэйшы трэнэр ФК БАТЭ. З 13 лістапада 2007 году — галоўны трэнэр ФК БАТЭ. Увосень 2008 году вывеў ФК БАТЭ ў групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў. Ганчарэнка стаў самым маладым трэнэрам у гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Разам з БАТЭ пяць разоў выйграваў чэмпіянат Беларусі (2008, 2009, 2010, 2011, 2012), Кубак Беларусі (2010), двойчы Супэркубак Беларусі (2010, 2011). Найлепшыя дасягеньні ў эўракубках (разам з БАТЭ) — групавы этап Лігі чэмпіёнаў (2008, 2012), 1/16 фіналу Лігі Эўропы (2011, 2013).

У кастрычніку 2013 году сышоў з БАТЭ і падпісаў кантракт на 4,5 году з краснадарскай «Кубаньню»[4]. У лістападзе 2014 году кантракт з «Кубаньню» быў скасаваны з ініцыятывы кіраўніцтва клюбу[5]. На момант звальненьня «Кубань» знаходзілася на 5 месцы ў прэм’ер-лізе чэмпіянату Расеі і за 13 гульняў прайграла адзін раз, у Кубку Расеі каманда выйшла ў 1/4 фіналу[6]. У чэрвені 2015 году падпісаў кантракт на тры гады з клюбам «Урал» зь Екацярынбургу[7]. Пакінуў клюб 25 жніўня 2015 году перад матчам з грозьненскім «Церакам»[8], а 1 верасьня кантракт з клюбам быў скасаваны па ўзаемнай згодзе бакоў[9]. 13 верасьня 2015 году ўвайшоў у трэнэрскі штаб маскоўскага ЦСКА, дзе заняў пасаду старэйшага трэнэра[10]. У чэрвені 2016 году ўзначаліў расейскі клюб «Уфа»[11], які пакінуў у сьнежні 2016 году і ачоліў маскоўскі ЦСКА[12].

Пакінуў пасаду галоўнага трэнэра ЦСКА паводле пагадненьня бакоў у сакавіку 2021 году[13]. 6 красавіка 2021 году заняў пасаду галоўнага трэнэра «Краснадара»[14]. 5 студзеня 2022 году клюб абвесьціў аб скасаваньні кантракту з Ганчарэнкам[15]. У жніўні 2022 году зноў стаў галоўным трэнэрам «Уралу»[16]. Быў звольнены ў траўні 2024 году[17]. У кастрычніку 2024 году было агалошана аб прызначэньні Ганчарэнкі галоўным трэнэрам «Пары»[18].

Жанаты, выхоўвае сына Арцёма. Маці і сястра жывуць у гарадзкім пасёлку Рудабелка, што на Гомельшчыне. Бацька, які працаваў у Чарнобылі ў першыя дні пасьля катастрофы, памёр у 1993 годзе, пахаваны ў Хвойніках. Ганчарэнка кажа, што менавіта бацька прышчапіў яму любоў да футболу.

Любімыя клюбы — «Манчэстэр Юнайтэд», «Вільярэал», «Мілян». Любімыя трэнэры — Фабіё Капэльлё, Алекс Фэрг’юсан, Арсэн Вэнгер. Хобі — Формула-1. Любімы гоншчык — Льюіс Гэмілтан. Любімая каманда — «Макларэн».

  1. ^ а б в Viktor Goncharenko // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в г https://footballfacts.ru/person/241
  3. ^ Ганчарэнка — кандыдат на пасаду галоўнага трэнера маскоўскага «Лакаматыва» «Наша Ніва» 30.10.2010
  4. ^ Александр Ткачев: с Гончаренко сегодня подписан контракт на 4,5 года, уже завтра он приступает к тренировкам (рас.)
  5. ^ Официально: Виктор Гончаренко покидает «Кубань» (рас.)
  6. ^ Главный тренер «Кубани» Виктор Гончаренко отправлен в отставку (рас.)
  7. ^ Виктор Гончаренко возглавил «Урал» (рас.)
  8. ^ Виктор Гончаренко покинул пост главного тренера «Урала» (рас.)
  9. ^ Виктор Гончаренко расторг контракт с «Уралом» (рас.)
  10. ^ Виктор Гончаренко стал старшим тренером московского ЦСКА (рас.)
  11. ^ Виктор Гончаренко назначен на пост главного тренера «Уфы» (рас.)
  12. ^ Виктор Гончаренко официально стал главным тренером московского ЦСКА (рас.)
  13. ^ Виктор Гончаренко официально покинул пост главного тренера ЦСКА (рас.)
  14. ^ Виктор Гончаренко возглавил "Краснодар" (рас.)
  15. ^ "Краснодар" уволил Виктора Гончаренко (рас.)
  16. ^ Виктор Гончаренко возглавил "Урал" (рас.)
  17. ^ Виктор Гончаренко покинул "Урал" (рас.)
  18. ^ Официально: Гончаренко подписал двухлетний контракт с «Пари НН» (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]