Перайсці да зместу

Калінічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кныроўка)
Вёска
Калінічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
канец XVIII ст.
Ранейшыя назвы
Насельніцтва
  • 22 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2355
Аўтамабільны код
3
СААТА
3238830043
Калінічы (Беларусь)
Калінічы
Калінічы
Калінічы (Гомельская вобласць)
Калінічы
Калінічы

Калі́нічы[1] (трансліт.: Kaliničy, руск.: Калиничи) — вёска ў Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Нараўлянскага сельсавета.

Знаходзіцца за 4 км на захад ад Нароўлі (на аўтадарозе Нароўля — Ельск), за 18 км ад чыгуначнай станцыі Ельск (на лініі КалінкавічыОўруч), за 182 км ад Гомеля[2].

На захадзе і поўначы ад вёскі маюцца густыя лясы і меліярацыйныя каналы, злучаныя з ракой Прыпяць[2]. У паўднёва-заходнім кірунку ад вёскі знаходзіцца ўрочышча Смалегаўскае Гало[2].

Пачаткова вёска-слабада з сялянамі, вядомая з канца XVIII ст., мела назву «Кныроўка». Паводле аповедаў жыхароў, новаствораная вёска-слабада атрымала такую назву па волі мясцовага пана-землеўласніка, якому ў гэтым месцы дзік (ці як кажуць па-мясцоваму «кныр») перабег дарогу. У XIX—XX стст. у рускамоўных афіцыйных дакументах назва вёскі часта пісалася як «Кнуровка» (замест «Кныровка»).

30 ліпеня 1964 г. вёска Кныроўка была перайменавана ў Калінічы.

У канцы XVIII ст. вёска ўваходзіла ў склад буйнога маёнтка Нароўля, які належаў Аскеркам. У 1794 г. маёнтак Нароўля быў канфіскаваны расійскай уладай у Яна Мікалая Аскеркі і перададзены Якаву Сіверсу, пры якім цэнтрам маёнтка стаў Барбароў[3]. У 1808 г. Андрэй Мацвеевіч фон Гольст купіў маёнтак Барбароў (разам з Кныроўкай) у нашчадкаў Сіверса[4].

Вёска-слабада «Кнуровка» на схематычнай карце-плане Рэчыцкага павета 1800 г. (фрагмент карты-плана)

У 1826 г. маёнтак Барбароў (разам з вёскай Кныроўка) паводле куплі перайшоў ад удавы Андрэя фон Гольста і яго дзяцей ва ўласнасць дваран Горватаў. Пры падзеле сямейнай спадчыны паміж чатырма сынамі Ігната Тадэвушавіча Горвата (1764 — каля 1826), вёска Кныроўка стала ўваходзіць у склад буйнога маёнтка Нароўля, які атрымаў Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868).

Вёска «Кнуровка» на расійскай карце Ф. Шуберта, 1850 г. (фрагмент)

Паводле сялянскай рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі, сяляне атрымалі вызваленне ад прыгонніцтва і права на частку зямель маянткоўца Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868)[5]. Па Устаўной грамаце 1862 г. маянткоўца Даніэля Горвата маёнтак Нароўля складаўся з пяці сельскіх таварыстваў: Нараўлянскага (мястэчка Нароўля і вёска Кныроўка), Вяжышчанскага (вёска Вяжышча), Карпавіцкага (вёска Карпавічы), Цешкаўскага (вёска Цешкаў) і Кажушкоўскага (вёскі Кажушкі і Ломачы (Ламачы))[5]. 31 ліпеня 1866 г. быў падпісаны выкупны акт за зямлю паміж маянткоўцам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) і былымі прыгоннымі сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства (мястэчка Нароўля, вёскі Кныроўка і Ласка)[6], а 17 сакавіка 1870 г. паміж маянткоўцам і сялянамі з Нараўлянскага сельскага таварыства падпісаны ўводны ліст на зямлю — атрыманай сялянамі ад маянткоўца: 2 298 дзесяцін 1959 сажняў прыдатнай і непрыдатнай зямлі — за 24 518 рублёў 44 капеек, якія сяляне атрымалі ў пазыку ад дзяржавы[7].

У 1901 г. прадстаўнікі Паўднёвага рускага лесапільнага таварыства атрымалі дазвол ад мінскага губернатара на адкрыццё Нараўлянскай калегіяльнай кампаніі па распрацоўцы лесу, якую ўзначаліў яўрэй Ілья Кушалевіч Пайкін[8][9]. Па замове кампаніі і Эдварда Горвата, ад вёскі Красноўка да мястэчка Нароўлі фірма «Альшэрн і Керн» праз вялікія лясныя масівы ў 1902 г. праклала вузкакалейную чыгунку (Красноўка-Лубень-Дзямідаў-Будкі-Кныроўка(Калінічы)-Нароўля), па якой лесаматэрыялы перавозілі да Прыпяці, куды таксама гналі драўніну па рэчках Жалонь і Славечна[8][9]. Драўніну вязалі ў плыты і пасля гналі па Прыпяці на Украіну. Горваты атрымалі дазвол і адкрылі свой лесапільны завод у Красноўцы[9]. Жыхары Кныроўкі і мястэчка Нароўлі ў 1902 г. скардзіліся расійскім уладам, што чыгунка адрэзала ім падыход да месцаў выгану жывёлы[8]. Скардзіліся і яўрэі-нараўлянцы, якія непакоіліся аб пагрозе пажараў. Улады пастанавілі, што неабходна пабудаваць перагон для жывёлы шырынёй 6 сажаняў каля Максімава балота[8].

Вёска «Кнуровка» на карце БССР 1924 г. (фрагмент карты)

У 1931 г. жыхары вёскі ўступілі ў мясцовы калгас[10].

Падчас Другой сусветнай вайны мужчынскае насельніцтва мабілізавалася ў 1941—1944 гг. у Чырвоную армію. Вёска была акупавана нацыстамі ў жніўні 1941 г., а вызвалена ад нямецкіх акупантаў 29 лістапада 1943 г. у ходзе Нараўлянскай аперацыі часцямі 415-й стралковай дывізіі Чырвонай арміі[10]. 16 мабілізаваных у 1941—1944 гг. жыхароў-чырвонаармейцаў загінулі на франтах вайны[10].

У 1940—1950-ыя гг. у вёсцы існавала сельскагаспадарчая арцель (калгас) «Чырвоная змена»[11].

Паводле перапісу 1959 года вёска ў складзе калгаса «Чырвоны Баец» (цэнтрам якога была вёска Завайць)[10].

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Завайцянскага сельсавета[2][12], а стала ўваходзіць у склад Нараўлянскага сельсавета.

  • 1834 год — 9 двароў[2].
  • 1897 год — 79 жыхароў, 20 двароў (паводле перапісу)[2].
  • 1908 год — 187 жыхароў, 25 двароў[2].
  • 1924 год — 200 жыхароў, 29 двароў[13].
  • 1959 год — 254 жыхары (паводле перапісу)[10].
  • 1999 год — 68 жыхароў.
  • 2004 год — 55 жыхароў, 31 гаспадарка[2].
  • 2010 год — 28 жыхароў.

Планіроўка і забудова

[правіць | правіць зыходнік]

Планіровачна вёска складаецца з прамой шыротнай вуліцы Карла Маркса, да якой з паўднёва-заходняга кірунку далучаецца просталінейная вуліца Леніна з завулкам Леніна[10]. Забудова вёскі няшчыльная, драўляная, сядзібнага тыпу[10].

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Міхаіл Рыгоравіч Беразоўскі (1900—пасля 1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі яфрэйтар, узнагароджаны двума медалямі «За адвагу», медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», ордэнам Славы III ступені[14].
  • Адам Андрэевіч Кажадуб (1903—пасля 1985), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі» і «За адвагу»[15], ордэнам «Айчыннай вайны II ступені»[16].
  • Аляксей Міхайлавіч Кажадуб (1923—каля 1953), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, старшы сяржант, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», кавалер ордэнаў Славы III ступені, Славы II ступені, двух ордэнаў «Чырвонай Зоркі»[17].
  • Рыгор Іларыёнавіч Кажадуб (1921—пасля 1985), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец і партызан 27-й Нараўлянскай партызанскай брыгады імя С.М. Кірава, старшы лейтэнант, узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», кавалер ордэнаў «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны II ступені»[18][19].
  • Рыгор Фёдаравіч Кажадуб (1926—2005-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, малодшы сяржант, узнагароджаны ордэнамі Славы III ступені і «Айчыннай вайны II ступені»[20][21].
  • Пётр Анісімавіч Крыкун (1904/1907—1945), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, радавы, узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі»[22][23].
  • Аляксандр Васілевіч Крыкуноў (1908—пасля 1985), ваентэхнік 1 рангу (маёр тэхнічнай службы), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», юбілейным медалём «30 гадоў Савецкай Арміі і Флоту», кавалер ордэнаў «Чырвонага сцяга», «Чырвонай Зоркі», «Айчыннай вайны I ступені»[24][25][26][26].
  • Уладзімір Філіпавіч Ломач (1914—1945-?), удзельнік Другой сусветнай вайны, чырвонаармеец, гвардыі старшы лейтэнант, кавалер ордэна Чырвонага сцяга, кавалер ордэна Аляксандра Неўскага[27][28].
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Кныро́ўка, ж.
  2. а б в г д е ё ж Гарады і вёскі Беларусі. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — С. 144.
  3. Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 115.
  4. Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 115.
  5. а б Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 51.
  6. Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 118.
  7. Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру… С. 118.
  8. а б в г Как Горватт и Пайкин железную дорогу в Наровле строили(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2023. Праверана 28 верасня 2023.
  9. а б в Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 53.
  10. а б в г д е ё Гарады і вёскі Беларусі. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — С. 145.
  11. Малообъемные фонды колхозов Наровлянского (с 25.12.1962 - Ельского, с 06.01.1965 - Наровлянского) района Полесской (с 08.01.1954 - Гомельской) области.
  12. «Об изменении административно-территориального устройства Наровлянского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 286 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  13. Наровлянский район. Список населенных мест за 1924 год
  14. Березовский Михаил Григорьевич
  15. Кожедуб Адам Андреевич
  16. Кожедуб Адам Андреевич
  17. Лёсы землякоў Архівавана 23 снежня 2022.; Храбрый артиллерист Алексей Михайлович Кожедуб Архівавана 23 снежня 2022.; Кожедуб Алексей Михайлович
  18. Кожедуб Григорий Илларионович
  19. Кожедуб Григорий Илларионович
  20. Награда Григория Кожедуба
  21. Юбилейная награда Григория Кожедуба
  22. Крикун Петр Анисимович
  23. Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 302.
  24. Крикунов Александр Васильевич
  25. Крикунов Александр Васильевич
  26. а б Крикунов Александр Васильевич
  27. Владимир Ломач из Наровли прошел путь от Ленинграда до Берлина(недаступная спасылка)
  28. Владимир Филиппович Ломач
  • Гарады і вёскі Беларусі / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Т. 2 : Гомельская вобласть, кн. 2. — 2005. — 517 с.
  • Наровля и Наровлянский район / сост.: Н. В. Кузьменкова, Н. И. Данильченко, С. В. Коновод. — Мозырь : Колор, 2005. — 25 с.
  • Наровлянский район: рекламное издание на русском и английском языках / автор текста В. Минков. — Гомель : редакция газеты «Гомельская правда», [б. д.]. — 26 с.
  • Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В. В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.
  • Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
  • Раюк, А.Р. Нараўлянскі маёнтак дваран Горватаў: ад латыфундыі да фабрычнага цэнтру / А.Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 4 ч. / РИВШ ; редкол. : В.А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2024. — Вып. 24. — Ч. 2. — С. 113—121.