Свіслач (прыток Бярэзіны)
| Свіслач | |
|---|---|
| | |
| Характарыстыка | |
| Даўжыня | 327 км |
| Басейн | 5 160 км² |
| Расход вады | 24,3 м³/с (за 88 км ад вусця) |
| Вадацёк | |
| Выток | Мінскае ўзвышша і Маяк |
| • Месцазнаходжанне | каля в. Шапавалы |
| • Каардынаты | 54°02′15″ пн. ш. 27°09′49″ у. д.HGЯO |
| Вусце | Бярэзіна |
| • Месцазнаходжанне | агр. Свіслач |
| • Каардынаты | 53°25′58″ пн. ш. 28°59′01″ у. д.HGЯO |
| Ухіл ракі | 0,5 м/км |
| Размяшчэнне | |
| Водная сістэма | Бярэзіна → Дняпро → Чорнае мора |
|
|
|
| Краіна | |
| Рэгіёны | Мінская вобласць, Магілёўская вобласць |
| Раёны | Валожынскі раён, Мінскі раён, Пухавіцкі раён, Асіповіцкі раён |
|
|
|
Сві́слач — рака ў Мінскай і Магілёўскай абласцях, правы прыток ракі Бярэзіны (басейн Дняпра).
Даўжыня 285 км. Плошча вадазбору 5,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 40—50 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]На думку Ю. Сташэўскага, такія назвы ў славянскіх краінах як Свіслач, Вісла, Віслак, Віслока, Свісліна, Вісліца, Увісла і г. д. утвораны ад асновы wis-, якая ад індаеўрапейскага veis-, што абазначае рознага роду цячэнні[1].
На думку У. Тапарова, назва хутчэй за ўсе балцкага паходжання, у другой частцы (-ач) утрымоўвае балц. -akis «крыніца». Рудніцкі прапаноўваў славянскую этымалогію — з *Vistlokъ[2].
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца на схіле гары Маяк (Мінскае ўзвышша), на тэрыторыі садоўніцкага таварыства «Аір», ў 1,6 км на поўдзень ад вёскі Шапавалы Валожынскага раёна. Вусце знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне гарадскога пасёлка Свіслач Асіповіцкага раёна. Цячэ па цэнтральнай частцы Мінскага ўзвышша і па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Прыродны рэжым ракі зарэгуляваны каскадам вадасховішчаў (Заслаўскае, Крыніца, Дразды, Камсамольскае возера, Чыжоўскае, Асіповіцкае). На сцёк уплывае перапампоўка вады з ракі Віліі па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. З вадасховішча Дразды частка сцёку паступае ў Сляпянскую водную сістэму, у перспектыве паступіць у Лошыцкую водную сістэму, што дасць магчымасць стварыць воднае кола ў Мінску агульным працягам каля 50 км.
Лядовы рэжым значна змяніўся пасля будаўніцтва Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Да яе будаўніцтва рака замярзала ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 2-й палове сакавіка, найбольшыя ўзроўні вады ў 1-й дэкадзе красавіка, працяг разводдзя 50 сутак; пасля будаўніцтва рэжым ракі мала вывучаны.
Даліна ў вытокавай частцы У-падобная і скрынкападобная, у сярэднім цячэнні пераважна трапецападобная, у ніжнім — невыразная або трапецападобная, шырыня яе ў вярхоўі 0,4—0,6 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 1—2 км. Схілы ў верхнім і сярэднім цячэнні ўмерана стромкія, радзей спадзістыя (вышыня 10—12 м), парэзаныя далінамі прытокаў. Пойма двухбаковая (радзей аднабаковая), чаргуецца па берагах, парэзаная старыцамі і меліярацыйнымі каналамі, пераважна адкрытая. Шырыня яе 0,3—0,5 км у верхнім і 0,8—1 км у ніжнім цячэнні.
У вярхоўі ад вёскі Векшыцы, дзе рака з’яўляецца часткай канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы, шырыня рэчышча да Заслаўскага вадасховішча 20—25 м. Рэчышча ў межах Мінска і ніжэй да вёскі Каралішчавічы Мінскага раёна на 7 невялікіх участках агульнай працягласцю 7,9 км каналізаванае.
У межах Мінска рака ўтварае 8 лукавін. У цэнтры горада берагі забетаніраваны, добраўпарадкаваны. У сярэднім і ніжнім цячэнні рэчышча меандруе, глыбокаўрэзанае, звілістае, шырынёй 25—30 м, ніжэй плаціны Асіповіцкага вадасховішча — да 50 м. Берагі ў ніжнім цячэнні вышынёй 2—3 м, месцамі 6—8 м.
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Справа: Няміга, Цітаўка, Жалязянка, Сіняўка, Талька, Сіняя. Злева: Вяча, Волма, Балачанка, Жыцінка.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]
Гарады: Мінск, Заслаўе. Гарадскія пасёлкі: Свіслач. Водзяцца: акунь звычайны, плотка, шчупак, карась, лінь (ніжэй Мінска, з-за забруджання, рыбы амаль няма).
У творчасці
[правіць | правіць зыходнік]Рацэ Свіслачы прысвечаная паэма «Свіслачанка», якую па-польску напісала менская шляхцянка Гэлена Цэпрынская. Паэма надрукаваная ў 1909 годзе ў віленскай польскамоўнай літуанафільскай газеце «Litwa»[3]. У паэме аўтарка творча перапрацавала сюжэт балады Адама Міцкевіча «Свіцязянка», перанёсшы яго на берагі Свіслачы: перад нашчадкам старалітоўскіх рыцараў Веславам са свіслацкіх водаў паказваецца дух ракі ў дзявочым абліччы, заклікаючы яго быць годным вялікіх спраў высакародных продкаў, у адказ на гэта Веслаў прызнаецца ў сваёй слабасці і «Свіслачанка» расчаравана знікае ў водах ракі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ J. Staszewski. Słownik geograficzny: pochodzenie i znaczenie nazw geograficznych. Gdynia, 1948. S. 344.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 207.
- ↑ Helena Cyprinska. Świsłoczanka // Litwa. Nr. 17 (23). 1909. C. 248—251 [скразная нумарацыя].
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 265. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Свіслач // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 653. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.