Перайсці да зместу

Слуцкая раўніна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Слуцкая раўніна на карце.

Слуцкая раўніна — фізіка-геаграфічны раён Перадпалескай правінцыі на Беларусі.

Знаходзіцца на поўдні Мінскай вобласці. Мяжуе з Баранавіцкай раўнінай на захадзе, Капыльскай градой і Пухавіцкай раўнінай на поўначы, Бабруйскай раўнінай на ўсходзе, Ясельдзінска-Слуцкай нізінай на поўдні.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да сумежных участкаў Беларускай антэклізы і Прыпяцкага прагіна. Крышталічны падмурак залягае на глыбіні ад 200 да 3000 м. Магутнасць антрапагенавых адкладаў вагаецца ад 10—20 да 100—120 м.

Паверхня паступова паніжаецца з поўначы на поўдзень. Абсалютныя вышыні ў асноўным большыя за 150—160 м, максімальныя адзнакі каля 200 м.

Асноўную тэрыторыю займае спадзістахвалістая водна-ледавіковая (з эолавымі ўзгоркамі, градамі) і дробнаўзгорыстая марэнная раўніны ў спалучэнні з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі. Шырока прадстаўлены тэрмакарставыя паніжэнні і лагчыны сцёку даўжынёй да 10-12 км. Водна-ледавіковыя ландшафты дамінуюць на захадзе і ўсходзе, другаснамарэння пашыраны ў асноўным у цэнтральнай частцы, узгорыста-марэнна-эразійныя сустракаюцца на поўначы, азёрна-балотныя — на крайнім паўночным усходзе, азёрна-алювіяльныя — на поўдні, уздоўж рэк развіваюцца поймавыя ландшафты.

  • Бакарасов В. А. Слуцкая равнина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)