Убарць-Славечанская нізіна
Убарць-Славечанская нізіна | |
---|---|
Каардынаты: 51°53′ пн. ш. 29°04′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Убарць-Славечанская нізіна — азёрна-алювіяльная нізіна, размешчаная ў паўднёвай частцы Прыпяцкага Палесся, на поўдні Гомельскай вобласці, паміж Лельчыцкай раўнінай на поўдні і Мазырскім узвышшам на поўначы. З захаду мяжуе з Лунінецкай нізінай, на ўсходзе — з Камарынскай нізінай.
Геалогія і рэльеф
[правіць | правіць зыходнік]У марфаструктурным плане яна прымеркавана да сумежных участкаў Нараўлянскага горста і Ельскага грабена Прыпяцкага прагіну. Скляпенне падмурка знаходзіцца на глыбіні 3500-5000 м. У выніку неатэктанічных рухаў тут сфармавалася валападобнае падняцце з асобнымі лакальнымі структурамі. На пясчана-гліністых пародах ложа антрапагенавага чахла залягаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя комплексы магутнасцю да 30 м. Далёка на захад адсюль цераз Паўднёвае Палессе ў субшыротным напрамку цягнецца вялікая прадаліна Стыр—Славечна, што сягае сучаснай даліны ракі Стаход на тэрыторыі Украіны[1].
Абсалютныя вышыні мясцовасці складаюць 133—139 м. Паверхня плоская, моцна забалочаная і затарфаваная, з частым стаяннем паверхневых вод. Цэнтрабежны малюнак гідраграфічнай сеткі ўяўляюць участкі рэк Убарці, Батыўлі і Славечны. Гушчыня расчлянення не перавышае 0,2 км/км². Тэрыторыя дрэнуецца сістэмай меліярацыйных каналаў.
У межах забалочанай азёрна-ледавіковай нізіны вылучаюцца два ўзроўні. Верхні — у дыяпазоне 136—139 м, дзе характэрнай асаблівасцю з’яўляюцца неглыбокія затарфаваныя паніжэнні. На ніжнім узроўні з адзнакамі 133—135 м сярод нізінных балот на тарфяных участках зрэдку ўзвышаюцца пясчаныя астравы. Слабаўзвышаныя пясчаныя астравы, некаторыя з якіх уяўляюць рэшткі берагавых валоў вышынёй да 5-6 м, надбудаваныя эолавымі ўтварэннямі. Затарфаваныя паніжэнні нагадваюць меандры старых рэчышчаў. На ўсходзе раёна пашыраны спадзістыя градападобныя ўчасткі водна-ледавіковых утварэнняў, шырынёй да 2 км, даўжынёй да 10-15 км і вышынёй да 2 м.
Глебы і расліннасць
[правіць | правіць зыходнік]Характэрны ў асноўным дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы і тарфяна-балотныя нізінныя. Пашыраны пушыстабярозавыя і чорнальховыя лясы, на прыўзнятых участках — хваёвыя.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Маринич О. М. Фізична географія України: підруч. / О. М. Маринич, П. Г. Шищенко. – Київ: Знання, 2005. — С. 253
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бакарасов В. А. Уборть-Словечанская низина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)